Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы: «ЕЗ пачаў рыхтаваць 7-ы пакет санкцыяў»


Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі заявіў, што Еўразвяз пачаў працу над новымі санкцыямі ў дачыненні Расеі. Пра гэта ён распавёў PAP.

Фота: Michael Kappeler/Global Look Press

Польскі дыпламат распавёў, што лічыць 6-ы пакет санкцыяў, прыняты днямі, недасканалым. Аднак ён назваў чарговыя санкцыі вялікім крокам наперад.

Яблоньскі нагадаў, што акурат Польшча з самага пачатку выступала за нафтавае эмбарга, калі міжнародная супольнасць голасна казала, што гэта немагчыма і не мае шанцаў на прыняцце.

«Санкцыі павінны быць яшчэ больш жорсткімі – у кантэксце таго газу, які Расея можа прадаць, у кантэксце адключэння ўсіх расейскіх банкаў ад сістэмы SWIFT. Я кажу ў асноўным пра «Газпрамбанк», – заявіў Павэл Яблоньскі.

Таксама дыпламат дадаў, што, на ягоную думку, таксама трэба канфіскаваць расейскія актывы ў ЕЗ, а не проста замарозіць іх.

Апроч таго, ён пракаментаваў блакаванне Вугоршчынай нафтавых санкцыяў ЕЗ супраць Расеі.

«Мы ажыццяўляем вельмі моцны палітычны і дыпламатычны ціск на Вугоршчыну, а таксама наўпрост звяртаемся да грамадскасці», – сказаў Яблоньскі.

Hавiны
Еўразвяз канчаткова зацвердзіў шосты пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Туды трапіў і беларускі банк
2022.06.03 12:29

Нагадаем, што Еўразвяз 2 чэрвеня ўхваліў 6-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, які ўключае частковае эмбарга на імпарт расейскай нафты.

6-ы пакет санкцыяў уключыў у сябе наступныя захады:

  • адключэнне ад сістэмы SWIFT трох расейскіх банкаў, уключаючы «Сбербанк», і беларускага банку «Белінвестбанк»;
  • забарону на імпарт расейскай нафты морам;
  • пашырэнне забаронаў на экспарт у Расею, уключаючы хімічныя рэчывы і высокатэхналагічныя тавары;
  • забарону на наданне паслуг расейскаму нафтаваму сектару;
  • забарону на вяшчанне трох расейскіх медыяў, якія ўдзельнічаюць у распаўсюджванні прапаганды;
  • забарону на кансультацыйныя паслугі для расейскіх аператараў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў