Настаўнік гісторыі пра тое, як прапаганда трапляе ў школьныя падручнікі


Настаўнік гісторыі Уладзіслаў Бохан цягам 6 гадоў выкладаў гісторыю ў школе № 134 Менску. Пасля затрымання ў ліпені 2021 года мужчына звольніўся са школы і пакінуў Беларусь.

Карэспандэнты «Белсату» пагутарылі з ім пра змены ў адукацыйнай палітыцы цягам апошніх 2 гадоў.

Дзеля аб’ектыўнасці хацеў бы заўважыць, што вось менавіта да 2020 года ў плане падручнікаў асабіста я бачыў прагрэс. Калі, напрыклад, узяць падручнік грамадазнаўства старога ўзору, там было шмат эпічных фразаў. Тэма была пра асобы ў гісторыі, і вось пра геніяў: «Выбітны вынаходнік злучае разам ідэі, што нібы луналі ў паветры, і надае ім выразную пераканаўчую форму, што дазваляе рэалізаваць творчую задуму. Так працаваў, напрыклад, амерыканскі вынаходнік Томас Эдысан. Выбітны палітык кажа людзям тое, да чаго яны звычайна ўжо ўнутрана гатовыя. І абʼядноўвае іх для развязання задачаў, важнасць якіх яны здольныя зразумець і прыняць. Прыкладам можа служыць першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка». І там далей яшчэ пра Платона, да Вінчы. Гэта значыць Эдысан, Платон, да Вінчы, Лукашэнка стаяць у адным шэрагу. А потым падручнікі змяніліся, яны сталі больш нейтральнымі.

А што змянілася ў падручніках пасля падзеяў 2020 года?

Зʼявілася асобная згадка пра Дзень народнага адзінства. І падаецца гэта так, што калі б не было гэтага абʼяднання, то мы б не выстаялі ў вайну. Ясная рэч, падаецца гэта заўсёды як вызваленчы паход. Праўда, нават у самім падручніку ёсць супярэчнасць – спачатку вы падпісваеце дамову супольна з Нямеччынай, а потым СССР ідзе абараняць беларускае насельніцтва ад фашызму. У параграфе пра Расею чачэнская вайна раней падавалася як вайна, што мае нейкую глыбокую гістарычную падаплёку, а цяпер яна падаецца проста як барацьба з тэрарыстамі. Зніклі згадкі пра партыі ў сучаснай Беларусі. Раней згадваліся БНФ, АГП, а цяпер проста напісана, што ў нас шмат партыяў, развітая грамадзянская супольнасць і гэтак далей.

Святлана Алексіевіч ідзе да будынку Следчага камітэту на допыт у справе стварэння Каардынацыйнае рады для перадачы ўлады. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Знікла згадка пра Святлану Алексіевіч. Змянілася падача рэферэндуму 1996 года. Калі раней пісалі, што проста паўсталі супярэчнасці паміж парламентам і прэзідэнтам, то цяпер ужо пішуць, што парламент не мог адказваць на выклікі часу і меў нізкі ўзровень даверу. І таму прэзідэнт пастанавіў правесці рэферэндум.

І самае галоўнае – дадалі цэлы раздзел пра калабарацыяністаў. І там мільгаціць бел-чырвона-белае. Зараз я прачытаю: «Беларускія калабарацыяністы, паліцаі, насілі на левым плячы бел-чырвона-белыя павязкі, нашыўкі ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяжка. Падчас урачыстых мерапрыемстваў выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі». Ёсць у падручніку і пра лозунг «Жыве Беларусь!»: «У кожным класе вешаўся партрэт Гітлера, упрыгожаны з бакоў бел-чырвона-белымі стужкамі. І абавязкова вітанне «Жыве Беларусь!» і «Гайль Гітлер!». Вось так цяпер у падручніках акцэнтуюць увагу на БЧБ-сцяг.

Калабарацыяністы, ясная рэч, выкарыстоўвалі нацыянальную сімволіку. Але гэта было ў прынцыпе распаўсюджанай зʼявай. У той жа Расеі таксама выкарыстоўвалі трыкалор. Фашысцкая Італія выкарыстала свой цяперашні сцяг, проста ён быў трохі перайначаны. Калі Гітлер еў хлеб, гэта ж не значыць, што цяпер іншым нельга есці хлеба.

А як агулам у падручніках гісторыі падаецца Другая сусветная вайна?

Зусім адсутнічаюць якія-небудзь згадкі пра перамовы паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам у 1940 годзе. Гітлер шукаў хаўруснікаў для нападу на Англію, і ён баяўся англічанаў, бо Нямеччына не мела досведу марскога дэсанту. Яму патрэбны быў моцны хаўруснік, і ён пайшоў на перамовы са Сталіным. І ў прынцыпе, Сталін быў гатовы, адзінае, што яны не дамовіліся наконт умоваў. У падручніках 9 класа, яны выйшлі ў 2020 годзе, іх яшчэ да рэвалюцыйных падзеяў выдавалі, там тэрмін «Галакост» проста згадваецца: у рамках акупацыйнай палітыкі праводзілася палітыка знішчэння габрэяў паводле этнічнай прыкметы, якая атрымала назву «Галакост»… У падручніках 2021 года, гэта ўжо для 11 класа, проста згадана, што знішчаліся прадстаўнікі цыганскага насельніцтва і габрэі – усё. Тэрмін «Галакост» у прынцыпе адсутнічае.

На вашую думку, ці моцна гэтая прапаганда ў падручніках уплывае на дзяцей?

Прапаганда ў нас у прынцыпе працаваць не ўмее. Яна вельмі грубая. Да сучаснага дзіцяці такі падыход неэфектыўны. Я не ведаю, можа, калі нейкі настаўнік прыйшоў, як з трыбуны выступіў, гарачую прамову такую даў, можа, неяк на некаторых і ўздзейнічала б гэта. Але адна з маіх мэтаў у школе была – фільтраваць гэтую прапаганду. Бо гісторыя гэта вельмі страшны прадмет, які актыўна выкарыстоўваецца для таго, каб насадзіць нейкую ідэалогію.

Аналітыка
Аж да смяротнага пакарання: што чакае беларускіх прапагандыстаў у судзе пасля сыходу рэжыму?
2022.04.22 09:00

АМ belsat.eu

Стужка навінаў