Макрон ізноў размаўляў праз тэлефон з Пуціным і заклікаў спыніць вайну


Прэзідэнты Францыі і Расеі напярэдадні, 3 траўня, пагутарылі праз тэлефон. Гэта была першая тэлефонная размова Эманюэля Макрона з Уладзімірам Пуціным з канца сакавіка. Паводле паведамлення палацу дэ ль’Элізэ, размова доўжылася больш за дзве гадзіны.

Эманюэль Макрон.
Фота: AFP

Макрон, як паведамляюць, на ягоным афіцыйным сайце, звярнуўся да Пуціна з заклікам забяспечыць далейшую эвакуацыю людзей з заводу «Азоўсталь» у Марыупалі. Пры гэтым Макрон у цэлым ізноў запатрабаваў спыніць агонь ва Украіне і выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй у Марыупалі ды на ўсім Данбасе.

У прыватнасці, паводле французскага прэзідэнта, Масква павінна дазволіць мірным жыхарам самым выбіраць, куды іх эвакуююць: у Расею і на кантраляваныя ёй тэрыторыі ці на тэрыторыі, падкантрольныя ўкраінскім уладам.

Макрон заклікаў Расею падняцца да ўзроўню яе адказнасці як сталага чальца Рады Бяспекі ААН і спыніць гэтую разбуральную агрэсію, гаворыцца ў заяве палацу дэ ль’Элізэ.

Таксама Макрон падкрэсліў, што гатовы і далей весці перамовы з Пуціным, каб дабіцца міру пры поўным захаванні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Прэзідэнт Францыі таксама заявіў, што гатовы разам з міжнароднымі арганізацыямі дабівацца зняцця блакады ўкраінскіх марскіх партоў, каб забяспечыць экспарт сельскагаспадарчых тавараў з Украіны. У Крамлі пацвердзілі, што гэтую тэму абмяркоўвалі.

Як гаворыцца на сайце Крамля, Пуцін павіншаваў Макрона з пераабраннем на пасаду прэзідэнта (Макрон перамог у другім туры выбараў 24 красавіка). Пуцін праінфармаваў Макрона пра «вызваленне» Марыупалю. Таксама з паведамлення вынікае, што Пуцін заклікаў Захад спыніць пастаўкі Украіне ўзбраенняў.

Hавiны
Эманюэля Макрона пераабралі на пасаду прэзідэнта Францыі
2022.04.25 09:57

Пуцін сказаў, што Расея адкрыта да «дыялогу» з Украінай, але абвінаваціў Кіеў у «негатовасці да сур’ёзнай працы».

Перамовы прайшлі на фоне паведамленняў пра адступленне расейскіх войскаў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыупалі і напярэдадні свята 9 траўня, калі, паводле паведамленняў CNN і шэрагу іншых заходніх медыяў, якія спасылаюцца на паведамленні выведкі, Пуцін можа абвесціць інтэнсіфікацыю баявых дзеянняў супраць Украіны, аж да абвяшчэння мабілізацыі.

Макрон – адзін з нешматлікіх заходніх лідараў, хто падтрымлівае кантакт з Пуціным пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага. З канца сакавіка яны, аднак, не размаўлялі праз тэлефон. Прэзідэнт Францыі заяўляў, што такія размовы даюцца яму цяжка: словам Пуціна давяраць цяжка, акрамя таго, падзеі ў Бучы ды іншых гарадах Украіны, дзе была зафіксаваная масавая гібель мірных жыхароў, паставілі магчымасць дыялогу пад яшчэ большы сумнеў.

Рэпартаж
«У нас няма дня, каб было ціха». Харкаўчане распавядаюць пра жыццё ва ўмовах вайны
2022.05.03 16:48

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў