Амбасада Нямеччыны ў Менску павіншавала «Белсат» з Днём свабоды друку


Амбасада Нямеччыны ў Беларусі павіншавала рэдакцыю «Белсату» з Сусветным днём свабоды друку, які адзначаўся 3 траўня. Асобныя віншавальныя лісты накіравалі палітзняволеным журналісткам Ірыне Слаўнікавай, Дар’і Чульцовай, Кацярыне Андрэевай.

У віншавальным лісце супрацоўнікі нямецкай амбасады выказалі глыбокую павагу за прафесіяналізм, актыўнасць і мужнасць журналістам «Белсату».

«Мы з болем усведамляем, што незалежныя СМІ Беларусі зараз перажываюць вельмі цяжкія часы. Міністр замежных справаў Нямеччыны Анналена Бэрбак нядаўна выказалася ў дачыненні незалежных СМІ Беларусі: «Крытычнае асвятленне падзей – не злачынства, гэта асноўная перадумова для дэмакратыі. Усе несправядліва затрыманыя павінныя выйсці на волю», – піша ў лісце першы сакратар амбасады Крыстыян Зіпман.

У лісце сцвярджаецца, што ўладам Беларусі ні ператрусамі, ні блакаваннямі інтэрнэт-рэсурсаў, ні прызнаннямі СМІ «экстрэмісцкімі» не ўдасца прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ Беларусі.

«Нямеччына працягне падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі», – гаворыцца ў лісце з амбасады Нямеччыны.

«Не толькі сёння, у Дзень свабоды друку, але асабліва сёння нашыя думкі з тымі 24 прадстаўнікамі СМІ, якія несправядліва знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі. Усім ім мы сёння напісалі лісты ад імя Амбасады Нямеччыны ў Менску. Тры з гэтых лістоў адпраўленыя Кацярыне Адрэевай (Бахвалавай), Ірыне Слаўнікавай і Дарʼі Чульцовай», – гаворыцца ў лісце.

Амбасадары зычаць журналістам трываласці ў працы і заслужанага поспеху ў чытачоў ды запрашаюць у любы час звяртацца да іх.

Hавiны
Беларускай асацыяцыі журналістаў уручылі прэмію UNESCO за ўнёсак у свабоду прэсы
2022.05.03 16:31

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў