Мясцовыя выбары ў Польшчы: не абышлося без беларусаў


Ужо 7 красавіка ў Польшчы пройдуць мясцовыя выбары, падчас якіх грамадзяне змогуць выбраць сабе прадстаўнікоў у мясцовыя органы кіравання. Сярод тых, хто мае намер пазмагацца за ўладныя крэслы, ёсць і этнічныя беларусы або выхадцы з Беларусі. «Белсат» сабраў інфармацыю пра некаторых з іх і паглядзеў, хто яны, чым займаюцца і якіх мэтаў хочуць дасягнуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: RMF 24

Чым адрозніваюцца ад выбараў у парламент

На гэтых выбарах польскім грамадзянам належыць выбраць дэпутатаў ваяводскіх сеймаў, павятовых радаў, гмінаў і гарадоў, а таксама кіраўнікоў выканаўчай улады ў гарадах, паветах і гмінах – прэзідэнтаў, бурмістраў, войтаў і солтысаў. Першы тур пройдзе ўжо 7 красавіка, другі – праз два тыдні, 21 красавіка.

Мясцовыя выбары ў Польшчы маюць вельмі важнае значэнне, бо менавіта на мясцовым узроўні часцяком развязваецца большасць надзённых пытанняў польскага грамадства: ад пабудовы дарог, развязання адукацыйных пытанняў, надання камунальных паслуг і да пытанняў фінансавання, выкарыстання сродкаў, атрыманых ад Еўразвязу. Таму ў краіне да гэтай выбарчай кампаніі ставяцца даволі сур’ёзна.

У той жа час мясцовыя выбары ёсць і пэўнай ацэнкай дзеянняў ураду і апазіцыйных сілаў: яны мусяць прадэманстраваць, кандыдаты якой з дзвюх найбуйнейшых партыяў Польшчы заваююць больш месцаў у органах самакіравання – ад кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі» ці апазіцыйнай «Закон і справядлівасць».

Пры гэтым, як адзначае гісторык з Падляшша Алег Латышонак, у адрозненне ад парламенцкіх выбараў, дзе кандыдаты ідуць ад пэўнай партыі, на ўзроўні выбараў у мясцовыя ўрады ўсё працуе па-іншаму:

«Калі гаворка пра самаўрадавыя выбары, то трэба сказаць, што ў кожным горадзе, у кожнай гміне яны іншыя, бо ёсць мясцовыя кандыдаты, яны могуць мець розныя шыльды, але народ іх ведае, гэта не тое ж, што ў парламенцкіх выбарах, дзе людзі збольшага галасуюць за партыі».

Гэтая сістэма, у сваю чаргу, дае шанец быць абранымі для беларусаў (асабліва на Беласточчыне), якія, кіруючыся выбарчым правам, пастанавілі балатавацца ў мясцовыя органы ўлады. Бо, напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў, мяркуе Латышонак, «рашалі вялікія партыі», якія тады «палічылі, што не трэба ім беларусаў у парламенце».

Гэтак, прыводзіць прыклад Алег Латышонак, у вялікім горадзе Беластоку «шыльда» (прыналежнасць да той ці іншай палітычнай партыі) яшчэ мае значэнне, а па-за Беластокам ужо не:

«Тут не важна, пад якою шырмаю будуць балатавацца беларусы: калі яны маюць прызнанне ў грамадстве, яны заваююць свае мандаты».

Дзе і за якія мандаты змагаюцца беларусы

Мы паглядзелі, у якіх месцах і на якія пасады прэтэндуюць беларусы ў Польшчы – незалежна ад «шыльдаў», пад якімі яны выступаюць.

Пры гэтым адразу важна ўдакладніць: частка асобаў – этнічныя беларусы, якія нарадзіліся і жылі на тэрыторыі Польшчы (найчасцей на Беласточчыне, што мяжуе з нашаю краінаю). А частка – менавіта выхадцы з нашай краіны, якія нарадзіліся ў Беларусі, але пазней праз тыя ці іншыя абставіны пераехалі на тэрыторыю суседняй краіны.

Радослаў Пусько

Радослаў Пусько балатуецца ў дэпутаты рады варшаўскага раёну Беляны ад «Грамадзянскай кааліцыі». Этнічны беларус, нарадзіўся ў Беластоку, мае беларускія карані: дзядуля па бацькоўскай лініі паходзіў з Ліды, а бабуля – з вёскі Крывічы.

Радослаў Пусько.
Фота: Radosław Puśko / Facebook

Паводле прафесіі Пусько – сацыёлаг, называе сябе гарадскім актывістам. Апошнія чатыры гады жыве ў Варшаве, працуе ў Белянскім інтэгратары прадпрымальнікаў, дзе арганізуе імпрэзы для ўкраінцаў і беларусаў.

У інтэрв’ю для выдання «Мост» Радослаў Пусько кажа, што як дэпутат здолее «быць голасам» вольных беларусаў, якія жывуць у Варшаве: «Калі да мяне нехта прыйдзе з прапановаю нейкіх дзеянняў, то я змагу гэтыя прапановы перадаць далей — радзе Варшавы, прэзідэнту Варшавы. Як раённаму дэпутату мне будзе лягчэй дайсці да людзей, якія прымаюць рашэнні».

Пры гэтым у палітыцы Радослаў Пусько ўжо не першы год: шэсць гадоў таму ён балатаваўся ў дэпутаты рады Беластоку. Пусько мае свой блог, у якім закранае беларускія тэмы, а таксама расказвае пра сябе.

Віталь Воранаў

Віталь Воранаў балатуецца ў мясцовую раду гміны Костшын (адміністрацыйная адзінка Пазнанскага павету).

Віталь Воранаў.
Фота: Vital Voranau – Kandydat do Rady Miejskiej Gminy Kostrzyn / Facebook

Віталь – беларускі перакладнік, літаратар, выдавец і публіцыст, папулярызатар беларускай дуды. Нарадзіўся ў Глыбокім у 1983 годзе, але ў 1996-м разам з бацькамі пераехаў у Польшчу. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтру ў Познані, а таксама заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач».

Віталь – аўтар зборнікаў апавяданняў «Wielkie Księstwo Białoruś» («Вялікае Княства Беларусь») і «Шэптам», перакладае з англійскай, чэшскай і польскай моваў, у ягоным перакладзе выйшла кніга Алана Мілна «Віня-Пых».

У сваёй перадвыбарчай праграме Воранаў гаворыць, што збіраецца займацца захадамі для скарачэння запазычанасці гораду, паляпшэннем стану дарог, узвядзеннем ачышчальных збудаванняў ды інш.

Надзея Яскулка

Надзея балатуецца ў Малапольскі сеймік са спісу «Канфедэрацыі і беспартыйных самаўрадоўцаў».

Надзея нарадзілася ў Менску ў 1988 годзе. З адукацыі – неўралагапед, педагог. Працуе неўралагапедам і настаўніцай у каталіцкім дзіцячым садку. У кастрычніку 2023-га ў яе нарадзіўся сын. Сярод каштоўнасцяў называе любоў да Айчыны (гаворка пра Польшчу) і служэнне ёй, адданасць каталіцкай веры і кансерватыўным каштоўнасцям.

Надзея Яскулка.
Фота: Nadzieja Jaskółka / Facebook

На старонцы ў «Facebook» Надзеі можна знайсці праграмныя пункты, якіх яна будзе прытрымлівацца, зрабіўшыся дэпутаткаю. Яны сугучныя з патрабаваннямі, якія выстаўляюць правыя сілы ў краіне: еўраскептыцызм, выступленне супраць паставак украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, барацьба з карупцыяй, абарона суверэнітэту Польшчы ад пагрозаў як з усходу, гэтак і ад нападак бюракратаў з Еўразвязу.

Дзіяна Купрыянаў

Дзіяна Купрыянаў балатуецца на пасаду старасты вясковай гміны гораду Элк. Яна полька, якая нарадзілася ў Горадні. У 2011 годзе разам з мужам, дзецьмі і бацькамі пераехала ў Польшчу і пасялілася ў Элку. У 2014-м атрымала грамадзянства, кажа, што адчула, быццам «вярнулася да сваіх каранёў». Уладальніца дзвюх прыватных кампаніяў.

На працягу пяці гадоў стараста вёскі Ніткі, за гэты перыяд ініцыявала шэраг праектаў. Дзякуючы ейным намаганням вёска перамагла ў конкурсе на самую прыгожую вёску гміны. У 2021 годзе Дзіяну абралі жанчынаю поспеху Вармінска-Мазурскага ваяводства як прадстаўніцу новай эпохі, што спалучае ў сабе ролю кіраўніцы вёскі, прадпрымальніцы і грамадскай актывісткі.

Дзіяна пастанавіла выкарыстаць свой досвед і ідэі ды балатавацца на пасаду старасты вясковай гміны Элку, але ў той жа час яна сутыкнулася з хваляю нянавісці. Карыстальнікі ў мясцовай суполцы ў «Facebook» абураюцца тым, што «ўкраінцы бяруць уладу ў Польшчы», чамусьці ўспрымаючы Дзіяну як украінку, бо яна гаворыць з акцэнтам. Але ў той жа час жанчына кажа, што спраўляецца з гэтаю нянавісцю, бо «ведае сабе цану».

Марэк Масальскі

Марэк Масальскі балатуецца ў сеймік Падляскага ваяводства са спісу «Грамадзянскай кааліцыі». Колішні выпускнік беластоцкага філіялу Варшаўскага ўніверсітэту. Сёння дырэктар і стваральнік Праваслаўнага асяродку міласэрнасці «Eleos».

Марэк Масальскі.
Фота: racyja.com

Масальскі кажа пра неабходнасць падтрымліваць асяродак нацыянальных меншасцяў, найперш беларускай, а таксама праваслаўнага асяродку. Сярод іншых пытанняў, якімі збіраецца займацца, – «справы агульна-сацыяльныя, эканамічнае развіццё нашага ваяводства, падтрыманне прадпрымальнікаў, пытанне дарог».

Славамір Назарук

Славамір Назарук – палітык з вялікім досведам: з 1998 года ўваходзіць у самаўрады на Падляшшы. Пяць разоў запар абіраўся гарадскім дэпутатам Беласток, а цягам апошніх пяці гадоў быў дэпутатам у сейміку Падляскага ваяводства.

Славамір Назарук.
Фота: racyja.com

Гэтым разам Назарук балатуецца ў сеймік Падляскага ваяводства з Беластоку са спісу ад «Закону і справядлівасці». Сярод ягоных прыярытэтаў – клопат аб справах праваслаўных вернікаў і нацыянальных меншасцяў, бо ён іх рэпрэзентуе.

Лукаш Бірыцкі

Балатуецца ў раду Беластоцкага павету ад акругі, што ахоплівае гміны Юхновец-Касьцельны, Сураж і Заблудаў.

Лукаш Бірыцкі нарадзіўся ў Гайнаўцы, вучыўся ў Галоўнай школе сельскай гаспадаркі на лесніка, вывучаў беларускую мову. Некалькі гадоў жыве з сям’ёй у Заблудаве. Аўтар кнігі пра вёску Лука, затопленую падчас стварэння вадасховішча Семяноўка.

Лукаш Бірыцкі.
Фота: Łukasz Birycki / Facebook

Бірыцкі надумаў паспрабаваць свае сілы на мясцовых выбарах, каб рэальна паўплываць на прыток інвестыцыяў, якія маглі б палепшыць умовы жыцця ў раёне. Ён не належыць ні да якой партыі, але вырашыў паспрабаваць балатавацца са спісаў «Грамадзянскай платформы», бо думае, што гэтая партыя атрымае найбольшае падтрыманне.

Ігар Лукашук

Ігар Лукашук – дырэктар Гайнаўскага ліцэю з беларускаю моваю навучання. Нарадзіўся ў Гайнаўцы ў 1978 годзе. З 2018-га – дэпутат сейміку Падляскага ваяводства, з 2014 да 2018 года кіраваў радаю Бельску-Падляскага. Цяпер балатуецца ў Падляскі ваяводскі сеймік.

Ігар Лукашук.
Фота: poranny.pl

Падчас перапісу 2021 года, які праходзіў у Польшчы, Лукашук актыўна агітаваў этнічных беларусаў на Беласточчыне, каб пазначалі сябе як беларусаў. Атрымаў медаль «Гонар і годнасць» ад Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі за захаванне беларускамоўнага статусу сваёй навучальнай установы.

Тамаш Герасімюк і Марэк Кулакоўскі

Герасімюк і Кулакоўскі – прадстаўнікі беларускага асяроддзя ад Форуму меншасцяў Падляшша, якія балатуюцца ў раду Беластоку са спісаў «Грамадзянскай кааліцыі».

Герасімюк – старшыня, а Кулакоўскі – былы віцэ-старшыня Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АБ-БА», заснаванага ў 2006 годзе ў Падляскім ваяводстве.

Марэк Кулакоўскі.
Фота: racyja.com

Як адзначае Марэк Кулакоўскі, яны ідуць найперш для таго, «каб у радзе быў прадстаўлены голас меншасцяў, і беларускай меншасці таксама, і калі будзе такая патрэба, каб пільнаваць нашыя справы».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў