Лукашэнка – у Маскву, Зяленскі – у Варшаву


5–6 красавіка Аляксандр Лукашэнка зноў выпраўляецца з рабочым візітам у Расею. Плануецца ягоны ўдзел у паседжанні Найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы, а таксама сустрэча з Уладзімірам Пуціным.

Мяркуецца, што 6 красавіка на паседжанні НДС удзельнікі сустрэчы разгледзяць ход выканання Асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады і саюзных праграмаў, а таксама зоймуцца распрацоўваннем Канцэпцыі бяспекі саюзнай дзяржавы. Як сцвярджаецца ў паведамленнні БелТА, частка пытанняў на паседжанні будзе датычная бягучай дзейнасці ў рамках саюзнай дзяржавы, а таксама прысвечаная вынікам і абмеркаванню супольнай працы на бліжэйшы перыяд.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах. 17 лютага 2023 года, Масква. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА / belta.by

Пры гэтым напярэдадні савету, 5 красавіка, адбудзецца двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і з Уладзімірам Пуціным, дзе абмяркуюць «шырокі спектр пытанняў беларуска-расейскіх узаемадачыненняў, уключаючы тыя, якія не падлягаюць абмеркаванню на НДС», – гаворыцца ў паведамленні. Сярод тэмаў маюць закрануць пытанні імпартазамяшчэння, паглыблення кааперацыі, развіцця высокатэхналагічных галінаў, а таксама міжнародную абстаноўку, прынятыя захады дзеля гарантавання бяспекі.

Цікава, што 5 красавіка запланаваны візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Варшаву, дзе запланаваная ягоная сустрэча з польскім прэм’ерам Матэўшам Маравецкім, а таксама з украінцамі, якія жывуць у Польшчы.

Усе гэтыя візіты адбываюцца на фоне паседжанняў міністраў замежных справаў NATO ў Бруселі. Адной з тэмаў сустрэчы, якая пройдзе 5–6 красавіка, будзе новая ваенная дапамога Украіне і распрацоўванне шматгадовай праграмы падтрымання Кіева.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў