Кіраўнік КДБ заявіў пра затрыманне шпіёнаў – грамадзянаў Польшчы і краінаў Балтыі


Старшыня КДБ Іван Церцель паведаміў, што за «здзяйсненне агентурных аперацыяў» у Беларусі затрыманыя грамадзяне Польшчы і краінаў Балтыі, перадае БелТА. Пры гэтым ніякіх падрабязнасцяў аб раскрыцці «шпіёнскай сеткі» ён не падае.

Старшыня КДБ Іван Церцель. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Кіраўнік КДБ не сказаў, калі былі затрыманыя замежнікі, колькі іх і ў чым менавіта іх абвінавачваюць. Дзяржаўнае агенцтва БелТА напісала, што сярод шпіёнаў есць грамадзяне краінаў Балтыі, аднак у цытаце Івана Церцеля згадваюцца толькі палякі:

«Намі затрыманая некаторая колькасць грамадзянаў Польшчы пры ажыццяўленні актыўных аперацыяў у агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі. Затрыманыя здраднікі, з якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі».

Церцель заявіў пра гэта ў звязку з паведамленнямі пра затрыманне беларускіх шпіёнаў у Польшчы і сказаў: «Вядома, польскі бок любымі спосабамі хоча дабіцца абмену на каго-небудзь з гэтых сваіх грамадзянаў».

Старшыня КДБ адзначыў, што ніякіх беларускіх агентаў у Польшчы няма, а Варшава проста «ўмацоўвае імідж дзейнай улады на фоне эканамічных праблемаў»:

«Польскі бок заявіў аб затрыманні вялікай колькасці грамадзянаў, у тым ліку Рэспублікі Беларусь, якія нібыта маюць дачыненне да дзейнасці Камітэту дзяржбяспекі. Гэта насамрэч не адпавядае рэчаіснасці. Ніхто з затрыманых на тэрыторыі Польшчы не мае дачынення да дзейнасці беларускіх спецслужбаў. Сам асабіста спраўджваў, гатовы за гэта ручацца і несці адказнасць».

Раней польскія ўлады некалькі разоў паведамлялі пра затрыманне замежнікаў, якіх западозрылі ў шпіёнскай дзейнасці на заданне расейскіх і беларускіх спецслужбаў. Сцвярджалася, што зламыснікі вялі выведную дзейнасць супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсійныя акты.

Hавiны
У Польшчы затрымалі яшчэ трох асобаў за шпіянаж на расейскія спецслужбы
2023.03.28 17:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў