«Стралялі альбо ў патыліцу, альбо ў сэрцы». Аповед сведкі пакаранняў смерцю жыхароў Бучы ў акупацыі


Пасля адступлення расейскіх войскаў з Бучы ў сетцы з’явіліся фатаграфіі брацкіх магілаў і расстраляных мірных жыхароў. Паводле звестак украінскіх уладаў, за апошні месяц тут забілі мінімум 280 чалавек. Горад – спадарожнік Кіева практычна цалкам разбураны. «Вот Так» пагаварыў з мясцовым жыхаром Уладзіславам Казлоўскім, які быў відавочцам пакаранняў смерцю мясцовых жыхароў і месяц пражыў у акупаваным горадзе.

Каго і за што расстрэльвалі

– Уладзіслаў, як вы апынуліся ў акупаванай Бучы?

– Апошні год я жыў і працаваў самэлье ў Кіеве, але пасля пачатку вайны вярнуўся ў раён Шклозавод (Буча), дзе жывуць мама і бабуля. 2 сакавіка ў наш горад увайшлі акупацыйныя войскі, я з некалькімі знаёмымі быў каля штабу тэрытарыяльнай абароны. Усім, у каго не было зброі, паступіла каманда схавацца ў бамбасховішча недалёка ад базы. Яно было абароненае дзвюма дзвярыма. Першую акупанты выбілі, другую мы адкрылі ім самі, таму што разумелі – яны ўсё роўна ўварвуцца і тады могуць проста ўсіх забіць.

Буча, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– Што адбывалася потым?

– Яны прабраліся да нас у бункер, першыя дні ставіліся добра, дапамагалі з ежай. Але мазгі ў іх прамытыя прапагандай, ды і нармальныя людзі не прыйшлі б на чужую зямлю. У той момант у горадзе ішлі інтэнсіўныя баі, нас не выпускалі. Мы сядзелі ў абсалютнай цемры. Ніякага святла, вады і цяпла, вядома, не было. Потым гэтых вайскоўцаў змянілі іншыя, 7 сакавіка яны вывелі спачатку жанчын з дзецьмі, а потым мужчын.

Нас паставілі на калені і пачалі «шманаць». У мяне былі з сабой грошы, гадзіннік. Усё забралі, як і ў астатніх, то значыць проста абрабавалі. Кагосьці з людзей яны ведалі, правяралі дакументы і, калі чалавек удзельнічаў у АТА (так ва Украіне называюць перыяд баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай вобласцях з 2014 да 2018 года) або быў запісаны ў тэрабароне, адразу расстрэльвалі. Правяралі і татуіроўкі, «нацыкаў» шукалі. Расстрэльвалі нават тых, у каго быў афіцыйны герб Украіны.

Стралялі альбо ў патыліцу, альбо ў сэрца. Сярод іх былі расейцы і, хутчэй за ўсё, бураты, гэта я зразумеў з аблічча.

– Колькі ўсяго чалавек забілі пры вас?

– Здаецца, расстралялі васьмярых. Я ўчора ўбачыў іх целы за каменным будынкам у кучы рэчаў на адным з фота з Бучы.

– Пытанні нейкія задавалі?

– Для мяне гэта ўсё ў тумане, было страшна, і я быў упэўнены, што ўжо не вярнуся дадому. Майму знаёмаму, у якога нічога не знайшлі, стрэлілі ў бок і сказалі: «Гэта каб ты моцна дадому не спяшаўся». Мяне дапытвалі пра тое, дзе жывуць ветэраны АТА ці нацыяналісты, але я нічога не ведаў і адказаць не змог. У выніку мяне моцна збілі і далі прыкладам па галаве.

Чым адрозніваліся кадыраўцы ад астатніх салдат РФ

– Як паводзілі сябе вайскоўцы, якія занялі горад?

– Праз некалькі тыдняў пасля акупацыі ў горад заехалі кадыраўцы. Акрамя знешніх прыкметаў яны адрозніваліся ад расейцаў па форме: у іх яна была альбо чорная, альбо цёмна-зялёная.

Апошні тыдзень яны хадзілі з раніцы па жылых раёнах і стралялі па ўсіх, каго бачылі, кожны дзень кагосьці даводзілася хаваць.

У канцы сакавіка яны забілі нашага суседа, пенсіянера на прозвішча Стралец. Ён проста сядзеў на лавачцы, у жыцці нікому нічога дрэннага не рабіў і, вядома, ніякі не «нацык».

Буча, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Калі кадыровцы ўсе паводзілі сябе жорстка і па-варварску, то расейцы былі розныя. Сярод іх было шмат маладых. Некаторыя маглі пастукацца ў дамы і нармальна папрасіць пераначаваць, іншыя проста збівалі і выкідалі гаспадароў на вуліцу.

Мяне самога збілі другі раз у сярэдзіне сакавіка. Я сядзеў дома ў сябра і курыў, зайшоў расейскі вайсковец гадоў 25 з аўтаматам, на выгляд п’яны, наставіў на нас зброю і пачаў казаць, што нельга па вуліцы хадзіць, а потым усіх адправіў спаць.

Праз некаторы час ён вярнуўся, я ляжаў у бліжэйшым да выхаду пакоі, і ён закрычаў: «Ты чё, Украину защищаешь?» – і пачаў мяне збіваць. У мяне быў разбіты нос, уся вопратка ў крыві. Біў моцна, я на некалькі секундаў нават вырубіўся.

Буча, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– Як шмат вашых знаёмых былі забітыя за гэты час?

– Я ўжо так не дзялю людзей, мне шкада ўсіх. Мой знаёмы на імя Сяргей Сямёнаў, яму недзе 40 гадоў, вырашыў пайсці з адным пешшу праз шклозавод у горад Ірпінь. Іх целы знайшлі праз некалькі дзён.

Сяргея забілі стрэлам у патыліцу, а другога катавалі – выразалі шчаку і стрэлілі ў сэрца, мы іх пахавалі проста на тэрыторыі заводу.

2 сакавіка падчас баёў за горад забілі пяць мірных жыхароў: трох мужчынаў, жанчыну і пенсіянера. Іх целы некалькі тыдняў ляжалі ў аўтобусе, і нам не дазвалялі іх вывозіць.

– У Марыупалі многіх людзей хаваюць і каля дамоў, і каля дзіцячых пляцовак. Як было ў вас?

– На могілкі нам хадзіць не дазвалялі, таму забітых хавалі дзе прыйдзецца. Тых пецярых з аўтобуса мы загрузілі ў коўш трактара. Пакуль не было вайскоўцаў, кіроўца праехаў крыху далей, выкапаў яму і ўсіх закапаў.

Яшчэ двух мужчынаў кадыраўцы расстралялі, калі тыя заводзілі машыну, каб з’ездзіць па ваду. Толькі праз некалькі дзён мы змаглі іх пахаваць за гаражамі, проста ў коўдрах.

У маім доме пажылы мужчына памёр ад разрыву сэрца. Да яго зайшлі толькі праз тры-чатыры дні пасля гэтага. Ён сядзеў мёртвы і задубеўшы ў крэсле. Яго таксама пахавалі ў коўдры ў пасадцы.

Такіх выпадкаў было вельмі шмат, але мы не маглі адысці далёка ад дому, а чутак пераказваць я не хачу. Вы, напэўна, самі бачылі фота з гораду.

– Як харчаваліся ўвесь гэты час? Ці хапала ежы?

– Было вельмі цяжка, таму што ні святла, ні вады, ні цяпла не было. Пашанцавала, што ў нашым раёне ёсць прыватныя дамы з калодзежамі, хоць бы адтуль бралі ваду. Ежу гатавалі на вогнішчах: ставілі цэглу, на іх сетку, людзі прыносілі харчы з дому і нешта гатавалі. Дзяліліся ежай з усімі, таму што ў многіх наогул нічога не было, а ў нашым раёне шмат пажылых.

– Дзе вы цяпер? Як пачуваецеся?

– Пасля вяртання ўкраінскіх вайскоўцаў нам з сям’ёй удалося з’ехаць з Бучы праз Ірпінь. Па ўзарваным мосце мы трапілі ў Кіеў, дзе нас прытулілі знаёмыя. Вядома, за гэты месяц здзічэлі. Нават душ стаў для нас нейкай раскошай. Не забуду, як людзі плакалі пры выглядзе хлеба, таму што доўга галадалі.

20 кіламетраў ад Кіева. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Што кажуць пра расстрэлы жыхароў Бучы ва Украіне, Расеі і ЕЗ

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў фота загінулых у Бучы з подпісам:

«Раю паглядзець маці расейскіх вайскоўцаў. Паглядзіце, якіх ублюдкаў вы выгадавалі. Забойцы, марадзёры, каты».

У Мінабароны РФ агучылі сваю версію таго, што адбылося ў Бучы. Ведамства адмаўляе датычнасць расейскіх вайскоўцаў да масавых расстрэлаў гараджанаў: «Ні адзін мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў», калі горад кантралявалі салдаты РФ. У ведамстве запэўніваюць, што фатаграфіі і відэакадры з вызваленай Бучы – «пастаноўка кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ».

Прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што шакаваны зверствамі расейскіх вайскоўцаў у Кіеўскай вобласці. Ён удакладніў, што Еўразвяз дапамагае Кіеву збіраць доказы ваенных злачынстваў, і паведаміў аб магчымых новых санкцыях супраць Масквы.

Кіраўнікі Францыі і Германіі Эманюэль Макрон і Оляф Шольц паабяцалі расследаваць злачынствы расейскіх вайскоўцаў у Бучы і прыгразілі, што ўладам РФ прыйдзецца адказваць за зробленае іх салдатамі.

Фота
Праваабаронцы заявілі пра доказы ваенных злачынстваў у Бучы
2022.04.03 14:48

Гутарыў Алік Спірыдонаў / ІР vot-tak.tv

Стужка навінаў