Па той бок пекла. Марыупаль: другі месяц у блакадзе


Аточаны расейскімі войскамі Марыупаль ужо другі месяц застаецца ў блакадзе. Нягледзячы на спробы эвакуацыі мірнага насельніцтва, у горадзе застаюцца каля 160 тысяч асобаў – без ежы, вады, электрычнасці, пад пастаяннымі абстрэламі і бамбаваннямі. Працягваем распавядаць пра тое, як расейцы забіваюць Марыупаль. Прыводзім вытрымкі з дзённіка мясцовай журналісткі Надзеі Сухарукавай, якой удалося вырвацца з пекла.

Марыупаль, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«А і халера з імі, з кантэйнерамі. Трупы тваіх суседзяў ніхто не вывозіць»

Мой горад памірае пакутлівай смерцю. Дваццаць дзён я памірала разам з ім. Я была ў пекле. Я не герой, я звычайны чалавек, і мне было страшна паміраць. Апошнія тры дні па маім горадзе лупілі кожную хвіліну. Без перапынку.

Ад гуду самалётаў у сярэдзіне мяне ўсё ледзянела. У нашым сутарэнні маліліся ўсе і прасілі, каб бомба праляцела міма. Калі дрыжэла зямля, мы выдыхалі. Але міма – гэта не значыць у нікуды. Міма – гэта значыць не ў нас.

Вакол дому – суцэльны попел, шкло і пакеты з запоўненых да цёмнага дымнага неба смеццевых кантэйнераў, якія ніхто не вывозіў ужо больш за два тыдні. А і халера з імі, з кантэйнерамі. Трупы тваіх суседзяў і знаёмых ніхто не вывозіць. Загінулыя ляжаць у падʼездах, на балконах, у дварах, на дарогах.

Самы вялікі страх – начныя абстрэлы. Уначы нельга спаць. Бо сняцца мірныя сны. Ты выныраеш з іх і апынаешся ў кашмары.

***

Я навучылася жыць без святла, газу, электрычнасці. Есці не хацелася, ваду старалася піць эканомна. Бо нават падумаць было страшна, што трэба выйсці па ваду вонкі. Яе прывозілі звычайныя людзі і раздавалі бясплатна.

Марыупаль, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Мне здаецца, ніхто з нас увесь гэты час не глядзеўся ў люстэрка. Сапраўды было пляваць на свой выгляд. Гэта стала зусім не важна. Таму што быў вельмі вялікі шанец, што праз хвіліну ты будзеш мёртвы, і ўжо ўсё роўна, як выглядае тваё адлюстраванне.

Мае валасы сталі жудаснымі. Яны ператварыліся ў пакулле. Але гэта таксама не хвалявала. Усе хадзілі ў шапачках. Іх нацягвалі да вачэй, таму што на ўмыванне каштоўную ваду таксама ніхто не марнаваў.

«Мамачка, калі ласка, мамачка! Я хачу жыць! Я не хачу паміраць!»

Здаецца, за некалькі тыдняў на нас выпрабавалі ўсе віды зброі. Якая ім розніца, з чаго нас забіваць? Але не, да працэсу забойства яны падыходзяць творча і разнастайна.

Асноўнай нашай ежай у сутарэнні была грэчка, залітая вадой. Мы чакалі, калі яна набракне, а потым з цяжкасцю праглыналі па дзве лыжкі. Дзяцей прыходзілася прымушаць.

Мае маленькія пляменнікі спалі апранутымі. І не толькі таму, што было пякельна холадна, але і таму, што калі ўпадзе бомба, нас засыпле, і мы застанемся ў жывых, то выбірацца з-пад завалаў лепш у абутку і куртках.

Нашае сутарэнне складалася з мноства адсекаў. У адным былі зусім малюсенькія дзеці. Побач з намі размяшчалася сямʼя – дарослы сын і яго пажылая маці. Яны былі вельмі спакойныя і стрыманыя, частавалі нашых дзяцей цукеркамі і печывам, аддалі нам масла і сала, бо збіраліся зʼязджаць. Нашы дзеці былі настолькі напалоханыя, што амаль нічога не елі. Але цукеркі і печыва злопалі адразу. Гэта быў сапраўдны скарб і маленькая радасць у змрочным гудучым ад выбухаў падзямеллі. Яны нават павесялелі.

Сямігадовая Вара ўпершыню з пачатку вайны папрасіла распавесці пра свінку Пэпу і нават паверыла мне, калі я паабяцала купіць ёй любую ляльку адразу, як выйдзем з сутарэння. Яна толькі ўдакладніла: «Крамы ж усе абакралі, як ты мне купіш?» Я адказала, што ніводную цацачную краму не кранулі, і ўсе лялькі на месцы.

Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота:Sergei Bobylev / TASS / Forum

Яе брат Кірыл амаль не размаўляў з намі. Ён вельмі спалохаўся, калі мы былі ў іншым сутарэнні ў прыватным доме, і туды было прамое траплянне ў дах. Дах загарэўся, і трэба было ўсім сыходзіць. Мы беглі ў гараж пад страшным абстрэлам. Вакол усё выла і выбухала, а Кіруха крычаў, перакрываючы міны: «Мамачка, калі ласка, мамачка! Я хачу жыць! Я не хачу паміраць!»

Аня

Мы не спалі некалькі содняў. Дакладней, наш стан можна было назваць паўсном. Дзень зліўся з ноччу, вочы ўвесь час зліпаліся, але цела было напагатове.

Туалету ў сутарэнні не было. Кожны хадзіў у сваю кватэру. Мне трэба было падняцца на пяты паверх. Я не магла сябе прымусіць паварушыцца. Трэба было вылезці з сутарэння і трапіць у падʼезд. У мяне на гэта больш не было смеласці.

Самалёты лёталі кожныя паўгадзіны. Думаю, іх было некалькі. Бо раней яны скідалі па дзве бомбы. А цяпер зямля калацілася чатыры, часам шэсць разоў за пяць хвілінаў. Нас бамбілі з усёй моцы, як быццам хацелі закапаць у зямлю кожны дом, кожнае дрэва, утаптаць у вялізную варонку кожную душу.

Марыупаль, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: Nikolai Trishin / TASS / Forum

Зямля прагіналася, дом уздрыгваў, у сутарэнні нехта крычаў ад страху. Усё было ў варонках і аскепках. Калі раніцай я ўбачыла, што засталося ад нашага двара, у мяне не было ніводнай эмоцыі. Я проста стаяла і глядзела. Гэта быў не мой горад.

***

Далікатная дзяўчына Аня з 15-павярховіка прыходзіла да нас кожны дзень. Яе бацькі жылі каля школы на Кірава, і яна вельмі хвалявалася за іх. Перавесці да сябе не магла. Для іх адлегласць два прыпынкі была непераадольнай. Яе кватэра пад самым дахам. Самалёты, якія бамбілі горад, кружылі, здавалася, над самым гарышчам.

Кожны дзень Аня ішла да бацькоў пад абстрэламі. Міны свісталі вакол і клаліся побач з ёй. Яна падала на зямлю і закрывала галаву рукамі. Ёй было вельмі страшна. Шлях быў не вельмі доўгім для мірнага часу, але падчас бамбёжак практычна непраходным. Аня ішла па ім двойчы, туды і назад, і бачыла, як усё мянялася. Яшчэ ўчора цэлыя дамы – станавіліся за ноч руінамі. Яны стаялі прабітыя наскрозь з чорнымі вачніцамі выгаралых вокнаў.

Яна наведвала бацькоў і прыходзіла ў дом на Асіпенкі, каб выдыхнуць, перад вяртаннем у сваю кватэру. Піла ваду, станавілася ў праёме дзвярэй і маўчала. Часам прыносіла каштоўныя памперсы ці крэм для тыднёвага Мікіты. Немаўля жыло ў сутарэнні гэтага дому пасля свайго нараджэння. Было падобнае на жоўценькае кураня. Яму катастрафічна не хапала сонца.

Кожны дзень Аня мянялася, як і горад. Яна рабілася ўсё больш празрыстай, а цёмныя кругі вакол вачэй усё павялічваліся. Аня нічога не ела. Казала: «Не магу нічога ўпіхнуць у сябе, не лезе». Пра тое, што бачыла падчас сваіх паходаў, не казала. З намі было шмат дзяцей, і Аня не хацела нікога палохаць.

Калі па нашым раёне сталі лупіць без прыпынку, стала хадзіць да бацькоў раз на некалькі дзён. Пасля таго, як снарад трапіў у дом нашых знаёмых, і мы перайшлі ў іншае сутарэнне, больш яе не бачылі. Яна і цяпер у Марыупалі. У яе няма машыны, толькі старэнькія бацькі і некалькі катоў.

Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

«Было так страшна, што я зайздросціла мёртвым»

У той дзень усё грымела і ляскала, быццам гіганцкае шкло рэзалі жалезнай пілой, блізка гудзеў самалёт, дарослыя ляжалі на доўгай канапе і закрывалі галовы падушкамі. Я яшчэ і зажмурылася. Мне здавалася, што падушка мяне ўратуе ад бомбы. Было так страшна, што я зайздросціла мёртвым. Яны ўжо не чуюць і не бачаць гэтага жаху. Яны вольныя, і іх ніхто больш не заб’е.

У гэты момант у дом забег 13-гадовы Саша. Ён закрычаў: «Я Саша! У нашу хату толькі што прыляцела. Гэта піпец». Мы спыталі: «Дзе мама, усе жывыя?» Ён адказаў, што ўсе, толькі тату засыпала, а мама яго адкопвае.

Потым аказалася, што тату засыпала назаўжды. Найлепшы аператар, вельмі светлы чалавек, выдатны тата і муж, спакойны і добры, ляжаў з пабітай галавой і ненатуральна падагнутай нагой ва ўласнай кватэры на дзявятым паверсе. Пахаваць яго было нельга. Дастаць таксама. Праз некалькі дзён увесь падʼезд разам з Віцем згарэў. У дом зноў было прамое траплянне.

Там, у Марыупалі, шмат што было няважным. Мы елі з адной талеркі, каб не марнаваць ваду на мыццё, спалі на матрацах усе разам, так было цяплей, насілі шапачкі і кідаліся да кожнага сустрэчнага, каб даведацца пра навіны з суседняга двара. Мы забыліся пра тое, што ёсць крамы, што можна ўключыць тэлевізар, пагутарыць у сацсетках, прыняць душ ці легчы спаць у сапраўдную пасцелю.

Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

***

Мая сяброўка і калега выйшла з гораду з двума сыночкамі пешшу. Старэйшаму – дзевяць, малодшаму – сем. Яе падхапіў у машыну за горадам нейкі добры чалавек і давёз у бяспечнае месца. Перад гэтым яе вуліцу ў прыватным сектары Прыморскага раёну бамбілі з самалётаў. Бамбілі так, што зямля і неба памяняліся месцамі. Замест дамоў заставаліся чорныя варонкі, якія рабіліся магіламі для марыупальцаў. Разбамбілі і яе дом, машыну, усё навокал. Дагледжанай вуліцы ў невялікім Марыупальскім пасёлку больш няма. Там ужо нічога няма. На папялішчы засталіся яе муж і свякроў.

Пажылая жанчына зламала нагу, калі бегла, каб схавацца ад бамбёжак. Ёй больш за 80 гадоў. Яна не змагла пайсці з гораду. З ёю застаўся яе сын. Гэты раён працягваюць бамбіць. Такая ў расейцаў звычка. Кожную Марыупальскую вуліцу яны ператвараюць у руіны.

«Бедненькі, бедненькі горад, яму балюча»

Мая мама хоча вярнуцца ў Марыупаль, дзве жанчыны з дзіцем, якіх мы сустрэлі ў Бярдзянску, таксама жадаюць вярнуцца ў Марыупаль, мае сябры мараць, каб усё скончылася, і яны прыехалі ў горад. Некаторыя мае знаёмыя пераседжваюць у вёсках паблізу, каб не губляць сувязі з роднымі вуліцамі. Зразумець і прыняць, што Марыупалю больш няма, не можа ніхто. Я таксама не магу.

За горад ваююць нашы вайскоўцы. «Яны добрыя, яны нашы абаронцы», – так сказала дзіця, якое выбралася з пекла. Хлопчыку шэсць гадоў, і ён уздрыгвае ад кожнага гучнага гуку. Ягоная сям’я доўга сядзела ў сутарэнні. Два пад’езды ў іх доме згарэлі, і яны перабраліся ў сутарэнне дому насупраць. Украінскія вайскоўцы прывозілі ім ежу. Хлопчык еў шпроты з пшанічнай кашай. Кашу прыносілі ў пластыкавых кулёчках, ужо звараную.

Марыупаль, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«Бедненькі, бедненькі, яму балюча», – хлапчук расказваў пра Марыупаль свайму сябру, цацачнаму цмоку. З цмокам хлопчык не расставаўся, разам з ім спаў у сутарэнні, карміў яго салдацкай кашай і вёз з сабой у эвакуацыйным аўтобусе.

У Марыупалі, у доме на праспекце Міра, на першым паверсе засталіся двое хлапчукоў, падобных да яго. Іх маму клічуць Лена. Яна не спускалася ў сутарэнне, нават калі моцна бамбілі. Не хацела палохаць дзяцей. Хлапчукі баяліся сутарэння і цемры. Яны сядзелі на сваім першым паверсе ў калідоры, і Лена пры свечках расказвала ім казкі.

***

Нядаўна я ўбачыла страшны допіс.

«Хлопцы-валанцёры, хлапчук сядзіць адзін у сутарэнні. Бабуля памерла, сусед-пiдарас выехаў і пакінуў дзіця ў сутарэнні. Марыупаль, тэрмінова адгукніцеся! Прашу вас, хлопцы, вывезіце дзіця, яго забяруць сваякі».

Я не ведала, што рабіць. Дзіця адно. Гэта нават не пекла. Гэта нейкі шалёны кашмар, які немагчыма прыняць. Цэнтр бамбяць, ідуць вулічныя баі. Паспрабавала звярнуцца да знаёмых. Можа, можна неяк дапамагчы? Мне адказалі:

«Я скажу страшнае, але падобнага шмат… Шмат людзей пад заваламі памірае, дзеці таксама… І нічым цяпер не дапамагчы, пакуль не дэблакуюць горад».

Марыупаль, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Бог не сышоў з Марыупалю. Мне аб гэтым сёння сказаў святар. Ён патэлефанаваў і расказаў, што яны ратуюць людзей і вывозяць іх з пекла. Ім дапамагае Бог. А хто дапамагае акупантам?

На момант публікацыі ўкраінскія вайскоўцы кантралююць у Марыупалі некалькі раёнаў гораду, у тым ліку металургічны камбінат «Азоўсталь» і ваколіцы порту.

Гісторыі
Дзённікі жыхароў Марыупалю: па той бок пекла
2022.04.01 16:26

СП belsat.eu

Стужка навінаў