У беларусаў пачаліся праблемы з уездам ва Украіну


Апошнія два дні пачалі зʼяўляцца паведамленні аб праблемах з уездам ва Украіну беларускіх мужчынаў, якія не маюць віду на жыхарства. Пра гэта паведамляе ініцыятыва «Беларускі Дом ва Украіне». Аднак украінскія ўлады зняпраўджваюць увядзенне дадатковых абмежаванняў для беларусаў.

«Учора, 3 красавіка, па прылёце ў Адэсу не пусцілі ва Украіну траіх грамадзянаў РБ. Сёння ў Адэсе з менскага рэйсу не прапусцілі ва Украіну 5 чалавек, двое з якіх былі грамадзянамі РФ, а трое – грамадзяне Беларусі. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не паступала. Памежнікі пры адмове ва ўездзе кіруюцца ўнутранымі распараджэннямі», – паведамляе «Беларускі Дом ва Украіне».

Прадстаўнікі ініцыятывы лічаць, што, хутчэй за ўсё, сітуацыя звязаная з тым, што Расея сцягвае войскі да мяжы з Украінай.

Аднак у Дзяржаўнай памежнай службе заявілі радыё «Свабода», што Украіна не ўводзіла для грамадзянаў Беларусі дадатковых абмежаванняў на ўезд. Прадстаўнік памежнай службы падкрэсліў, што цяпер дзеюць абмежаванні, звязаныя толькі з каранцінам.

«Усе гэтыя абмежаванні дакладна напісаныя ў пастанове ўраду. І вядома ж, каб перасячы мяжу, замежнікам трэба абавязкова пацвердзіць мэту свайго падарожжа ва Украіну. Гэта нармальная еўрапейская і сусветная практыка, калі грамадзяне павінны пацвярджаць мэту ўласнага падарожжа», – патлумачыў сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў