10 красавіка пройдзе куратарская экскурсія па выставе-прысвячэнню Захару Кудзіну


Куратарская экскурсія па выставе-амажу мастаку Захару Кудзіну. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

У Менску да 11 красавіка ў ZAL#2 (вул. Казлова, 3) праходзіць выстава-амаж, прысвечаная Захару Кудзіну. Гэта першая выстава ў гонар мастака пасля ягонага самагубства ў канцы 2019 года. Каля 40 артыстаў прысвяцілі працы Захару, і на куратарскай экскурсіі можна даведацца больш падрабязна пра кожную з іх. Экскурсія адбудзецца 10 красавіка а 13:00.

У выставе ўзялі ўдзел каля 40 мастакоў розных узростаў: ад 19-гадовай мастачкі Паліны Дзядзечка да 62-гадовага Адама Глобуса. Нягледзячы на тое, што гэта выстава-амаж, яна ў любым выпадку больш пра Захара, чым пра мастакоў, якія выставілі ўласныя працы. Але сярод іншага можна прыйсці на выставу і даведацца пра новых аўтараў.

– Гэтая выстава дае магчымасць выказацца публічна людзям мастацтва, бо іх часта не чуюць, – кажа Вольга Мжэльская, адна з куратарак выставы. – Мы можам нешта казаць унутры супольнасці, але людзям звонку гэта не чуваць. Такая выстава – магчымасць што-небудзь сказаць, прашаптаць ці пракрычаць. Мастакі пастаянна жывуць у стане нявызначанасці. Чым больш яркі артыст і чым больш ён не падобны да кагосьці, тым цяжэй яму быць, але тым ярчэйшая ягоная зорка.

Праца Яўгеніі Аляхновіч. Яна была валанцёркай на фестывалі Vulica Brasil, дзе Захар Кудзін рабіў мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас». Яна выкарыстоўвала фарбы, якімі маляваў Захар. Такую ж майку насіў сам мастак: ён намаляваў на ёй кола і пры абдымках з людзьмі пакідаў на іх свой адбітак. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Куратарская экскурсія па выставе ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Справа карціна Захара Кудзіна «Аднойчы летам. Партрэт Лізы». На ёй ён паказаў сваю сяброўку Лізавету Лянкевіч, з якой вучыўся ў 2006 годзе. Спецыяльна для гэтай выставы ў 2021 годзе яна напісала партрэт Захара, прычым выкарыстала ягоныя фарбы. Куратарская экскурсія па выставе-амажу ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Куратарская экскурсія па выставе-амажу ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Саша Кулак, «Без назвы». Фота зроблена падчас нядзельнага мітынгу, за 10 метраў ад натоўпу. Куратарская экскурсія па выставе-амажу ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат
Анфіса Ланно, «Прысвячэнне Захару Кудзіну». Куратарская экскурсія па выставе-амажу ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

На выставе ёсць відэа з Захарам: можна даведацца, як ён ставіўся да мастацтва, як бачыў сваю творчасць. Таксама тут ёсць ягоныя раннія працы: у іх відаць, што ён натхняўся Суціным, і ў той жа час у іх ужо бачныя зародкі ўласнага стылю.

– На выставу ёсць сэнс ісці, калі цябе закранула творчасць Захара, ягоная асоба, і калі ты задаешся пытаннямі: кім быў Кудзін? Чаму ягоны абстрактны жывапіс каштоўны? Ці можа 33-гадовы мастак зрабіць нешта знакавае для мастацтва? Ці можа аказваць уплыў на іншых мастакоў?

Выстава – старт вялікага праекту, які запланаваны на 2021 год. Цяпер куратары працуюць з архівам мастака, а ўвосень правядуць вялікі выставачны праект на некалькіх музейных і галерэйных пляцоўках, дзе пакажуць розныя перыяды творчасці Захара.

– Калі мастак Bazinato прывёз сваю працу, я яму сказала: «Глядзі, у нас атрымалася зрабіць выставу так, што тут няма ніякай цяжкасці. Калі заходзіш у залу, настрой становіцца вельмі радасны». Ён здзіўлена паглядзеў на мяне і сказаў: «А як магло быць па-іншаму?» І гэта праўда. Захар быў вельмі яркі і жыццярадасны чалавек, ён быў жыццялюб. Уплыў, які ён аказваў на іншых, быў вельмі пазітыўны, – кажа Вольга Мжэльская, адна з куратарак выставы.

Вольга Мжэльская і Ірына Кандраценка, куратаркі выставы-амажу ў гонар мастака Захара Кудзіна. 2 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Выстава адкрытая да 11 красавіка ў ZAL#2 (вул. Казлова, 3). Кошт: 8 рублёў – поўны квіток, 4 рублі – ільготны квіток.

Куратарская экскурсія пройдзе 10 красавіка а 13:00. Запіс тут.

Hавiны
«Разумееш, якога ўзроўню мастака мы страцілі». Сорак творцаў удзельнічаюць у выставе, прысвечанай Захару Кудзіну
2021.03.28 11:17
Hавiны
Прэм’ера на «Белсаце»: «Чыстае мастацтва» – прарочы фільм пра падзеі ў Беларусі
2020.09.11 09:00

ТК belsat.eu

Стужка навінаў