Памежны камітэт Беларусі: на беларуска-латышскай мяжы загінуў мігрант


Удзень 2 сакавіка беларускі памежны атрад у Верхнядзвінскім раёне непадалёк мяжы з Латвіяй знайшоў траіх уцекачоў. Адзін з іх быў нежывы.

ДПК паведамляе пра мёртвага мігранта на беларуска-латышскай мяжы.
Фота: скрыншот з відэа / Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Памежнікі выклікалі брыгаду медыкаў, якая пацвердзіла смерць аднаго з уцекачоў. Астатнім далі неабходную дапамогу, паведамляе тэлеграм-канал Памежнага камітэту Беларусі.

Дзяржаўны памежны камітэт і шматлікія прапагандысцкія СМІ ў Беларусі сцвярджаюць, што ўцекачоў затрымалі вайскоўцы на тэрыторыі Латвіі, пасля з іх нібыта здзекаваліся, збівалі дубінкамі і прымянялі электрашокеры. У выніку адзін з мужчынаў сканаў. Пасля гэтага латышскія вайскоўцы нібыта вывезлі групу з целам на мяжу і праз брамку для жывёлы выціснулі на тэрыторыю Беларусі.

29 лютага, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, адбыўся яшчэ адзін выпадак, калі латышскія сілавікі нібыта збілі і выціснулі на беларускую тэрыторыю ўцекача з Сірыі.

Згодна са звесткамі ДПК Беларусі, з пачатку 2023 года на беларуска-латышскім памежжы загінулі ўжо 14 мігрантаў.

Нагадаем, што міграцыйны крызіс, інспіраваны рэжымам Лукашэнкі, цягнецца з 2021 года – аб’ектам атак мігрантаў з тэрыторыі Беларусі становіцца мяжа з краінамі Балтыі і Польшчаю. Гэтак, за 2023 год польскія памежнікі налічылі больш за 25,7 тысячы мігрантаў з 53 краінаў свету, а літоўскія памежнікі перадухілілі 2559 спробаў незаконна трапіць у краіну.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў