Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?


Belsat.eu спрабуе разабрацца ў лічбах вайны, што агучваюцца бакамі канфлікту і незалежнымі медыямі, а таксама тлумачыць, як да гэтых звестак трэба ставіцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: UKRAINIAN ARMED FORCES / Reuters / Forum

Падчас баявых дзеянняў амаль немагчыма разлічваць на дакладныя звесткі пра страты бакоў. Часткова гэта тлумачыцца тым, што ўдзельнікі канфлікту нават пры ўсім жаданні не заўсёды могуць мець поўную інфармацыю, тым больш датычна забітых і параненых у шэрагах чужога войска. Калі вядуцца артылерыйскія і ракетныя абстрэлы, наносяцца авіяцыйныя ўдары, то супраціўнік на дыстанцыі проста не можа дакладна падлічыць колькасці загінулых і параненых вайскоўцаў, калі тэрыторыя засталася пад кантролем супрацьлеглага боку.

Акрамя таго, кіраўніцтва любой арміі схільнае перабольшыць страты праціўніка і прыменшыць уласныя: вельмі часта гэта робіцца свядома, каб павысіць баявы дух у краіне. Таму да любых афіцыйных лічбаў падчас вайны трэба ставіцца крытычна.

Аднак у цяперашнім канфлікце варта ўлічваць важную асаблівасць: Украіна – дэмакратычная дзяржава, а Расея – аўтарытарная дыктатура. У аўтарытарных дзяржавах магчымасцяў для маніпуляцыі звесткамі значна больш праз закрытасць дзяржаўнай сістэмы, адсутнасць свабоднага парламенту ды незалежнай прэсы.

Страты Расеі

У Генеральным штабе Узброеных сілаў Украіны 4 сакавіка паведамілі, што за тыдзень баёў Расея страціла 9166 чалавек. Большасць медыяў выкарыстоўваюць панятак «страцілі» як сінонім слова «загінулі». Але насамрэч у гэтым пытанні поўнай яснасці няма.

Рэч у тым, што ўкраінскі Генеральны штаб не адрознівае забітых, параненых і палонных, што пакідае пэўную прастору для тлумачэння гэтых лічбаў. Напрыклад, па выніках 27 лютага Генеральны штаб УСУ ацэньваў страты расейскай арміі на 4,5 тысячы. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч 27 лютага таксама назваў гэтую лічбу, але ўдакладніў: з 4,5 тысячы 1500 – забітыя, а 3000 – параненыя. Гэтае ўдакладненне дае падставы меркаваць, што не ўва ўсіх зводках украінскага боку пад «стратамі» маюцца на ўвазе толькі забітыя, часам туды могуць улучаць і параненых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Горлаўка, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Аднак некаторыя трактуюць звесткі Генштабу адназначна. Напрыклад, вайскова-палітычны аглядальнік суполкі «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка ў сваім допісе 3 сакавіка настойваў на тым, што 9000 – менавіта загінулыя. Таксама ён дадае, што колькасць параненых складае 28 тысячаў. Няясна, з якіх крыніцаў узятыя гэтыя звесткі: у афіцыйных зводках Генеральнага штабу гэтага не было. Але чыста тэарэтычна, калі зыходзіць з таго, што колькасць загінулых сапраўды адпавядае лічбе 9000, то ўсё выглядае лагічна: у такім выпадку параненых мусіць быць прыкладна столькі, колькі і кажа Каваленка. Рэч у тым, што пры ацэньванні стратаў бакоў трэба ўлічваць заканамернасць для любых ваенных канфліктаў: колькасць параненых заўсёды перавышае колькасць забітых у некалькі разоў. Часцей за ўсё сустракаецца наступныя прапорцыі: на аднаго забітага – 3-4 параненыя. СССР падчас вайны ў Афганістане, Расея падчас першай і другой чачэнскіх войнаў менавіта ў такіх прапорцыях неслі страты.

Асобнае пытанне – колькасць палонных. Яшчэ на дзень 26 лютага Офіс прэзідэнта Украіны казаў пра 200 расейскіх палонных. Гэтую ж лічбу 1 сакавіка паўтарылі ва ўкраінскім Генеральным штабе. Украінскія медыі і ў наступныя дні распаўсюджвалі звесткі пра новых палонных. У прыватнасці, 2 сакавіка стала вядома, што ў палон здаліся 22 байцы 2-й гвардзейскай Таманскай танкавай дывізіі на чале з намеснікам камандзіра 1-га танкавага палка. Але агульная лічба не абнаўлялася.

Міністэрства абароны РФ першыя шэсць дзён вайны наагул не агучвала ніякіх лічбаў. Асобныя факты гібелі вайскоўцаў прызнавалі толькі мясцовыя ўлады – у Чэлябінскай, Бранскай, Валгаградскай вобласцях, Чачэніі, Дагестану Кабардзіна-Балкарыі, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі ды іншых рэгіёнах. Геаграфія стратаў ахапіла амаль усю Расею. Мясцовыя медыі пачалі выпускаць сюжэты пра пахаванне вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне падчас «правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі Расеі для дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі» (гэты эўфемізм расейскія ўлады і прапаганда выкарыстоўваюць, каб не называць вайну вайною). Але заўсёды ў такіх сюжэтах і заявах уладаў гаворка была толькі пра адзінкавыя выпадкі гібелі жаўнераў, што не давала разумення агульнай карціны.

Толькі 2 сакавіка ў Міністэрстве абароны РФ усё ж агучылі сваю версію: праз шэсць дзён вайны 498 расейскіх вайскоўцаў загінулі, 1597 атрымалі раненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ў форме без знакаў адрознення на падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі ў Данецкай вобласці, Украіна. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Варта падкрэсліць, што ў ведамстве казалі менавіта пра вайскоўцаў Узброеных сілаў. Але ў вайне таксама бяруць удзел падраздзяленні Расейскай гвардыі – пра што нічога сказана не было. Акрамя таго, відавочна, што Мінабароны РФ у сваіх зводках не будзе ўказваць загінулых у шэрагах «ДНР» і «ЛНР», бо Масква прызнала іх незалежнасць. А вось Украіна якраз, хутчэй за ўсё, іх улічвае, бо Кіеў расцэньвае гэтыя групоўкі як частку расейскага войска. Таму звесткі Мінабароны РФ апрыёры не могуць быць поўнымі.

Але нават калі абапірацца на звесткі Міністэрства абароны, то страты Расеі ўсё роўна вельмі высокія ў параўнанні з іншымі канфліктамі, што вяла Расея. Напрыклад, падчас Першай чачэнскай вайны, якая цягнулася каля 20 месяцаў, Расея страціла забітымі 5732 асобы:у сярэднім 286 жаўнераў за месяц. У Афганістане за 9 гадоў і 2 месяцы вайны СССР страціла забітымі 15 тысячаў чалавек: у сярэднім 136 жаўнераў штомесяц. А цяпер нават паводле афіцыйных звестак, якія напэўна заніжаныя, толькі за 7 дзён страты склалі амаль паўтысячы чалавек.

Hавiны
Эканоміка вайны. Расея страціла амаль трыльён долараў за 4 дні агрэсіі супраць Украіны
2022.02.28 10:29

Страты Украіны

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў у ноч на 25 лютага, што ў першы дзень расейскага ўварвання страты Украіны склалі 137 забітых вайскоўцаў, у тым ліку 10 афіцэраў, 316 вайскоўцаў атрымалі раненні. У наступныя дні агульную колькасць загінулых вайскоўцаў афіцыйны Кіеў не даваў.

Штодзённых звестак пра страты сярод цывільнага насельніцтва Украіна таксама не публікуе. Між тым 2 сакавіка Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны паведаміла, што з пачатку ўварвання загінулі больш за 2000 мірных жыхароў. За два дні да таго, 28 лютага, Міністэрства аховы здароўя Украіны паведамляла пра гібель 352 цывільных (у тым ліку 16 дзяцей). Яшчэ 2040 чалавек, паводле ведамства, атрымалі раненні на пачатак тыдня.

Расейскія ўлады пра гібель мірных жыхароў Украіны не кажуць наагул, даюць толькі лічбы стратаў сярод вайскоўцаў. Як сцвярджаюць у Міністэрстве абароны РФ, на дзень 2 сакавіка страты ўкраінцаў нібыта склалі 2870 забітых, 3700 параненых, 572 у палоне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Харкаў, Украіна. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: ПД / Белсат

Гэтыя лічбы выглядаюць нерэалістычна з двух прычынах. Па-першае, калі верыць Мінабароны РФ, то атрымліваецца, што страты ўкраінцаў і расейцаў нібыта складаюць прапорцыю амаль шэсць да аднаго. Такіх суадносіны стратаў маглі б мець месца толькі ў тым выпадку, калі б украінская армія пацярпела паражэнне, была разбітая і паспешна адступала. Але гэтага не адбываецца – наадварот, расейскі наступ на асноўных напрамках спынены. Ніводны буйны горад на момант публікацыі гэтага матэрыялу не быў цалкам захоплены, у глыб тэрыторыі расейскія вайскоўцы не прасунуліся.

Па-другое, як ужо мы заўважалі вышэй, на вайне ёсць заканамернасць: колькасць параненых звычайна ў некалькі разоў перавышае колькасць забітых. У лічбах жа Міністэрства абароны РФ параненых больш толькі на 30 % – непраўдападобныя суадносіны.

Варта зрабіць заўвагу і наконт ліку палонных. Паколькі Украіна ваюе на сваёй тэрыторыі, то яна бярэ ў палон толькі вайскоўцаў арміі ўварвання. А вось Расея можа браць у палон нават тых, хто не ёсць байцом Узброеных сілаў Украіны і не падрыхтаваны да баёў з рэгулярнаю арміяй: напрыклад, памежнікаў. Тое, што яны трапілі ў палон, не можа сведчыць пра поспехі арміі ўварвання. Акрамя таго, ёсць звесткі пра тое, што ў Херсоне расейцы бралі ў палон нават цывільных.

Незалежныя ацэнкі

Калі глядзець на звесткі медыяў і незалежных экспертаў, то іх падлікі стратаў Расеі бліжэй да ацэнак украінскага боку, чымся да звестак Міністэрства абароны РФ.

Эксперт «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў ужо на трэці дзень вайны заяўляў пра гібель мінімум 500 расейскіх жаўнераў. Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў на падставе аналізу шматлікіх відэа з зоны баявых дзеянняў прыйшоў да высновы, што на дзень 26 лютага колькасць расейскіх ахвяраў склала як мінімум 3000 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна.
Фота: МП / Белсат

2 сакавіка журналісты NBC News са спасылкаю на амерыканскіх чыноўнікаў паведамілі пра гібель 5800 расейскіх вайскоўцаў: гэта амаль супадае са звесткамі Генеральнага штабу УСУ за той жа дзень. Раней некаторыя заходнія медыі давалі лічбу 1,5–2 тысячы забітых расейскіх жаўнераў.

Адзіная лічба, якая не выклікае сумневаў, – гэта колькасць уцекачоў. Адпаведную інфармацыю амаль штодзень публікуюць прадстаўнікі ААН, у аб’ектыўнасці якіх сумневаў няма. Паводле ААН, на дзень 3 сакавіка з тэрыторыі Украіны з пачатку вайны выехалі больш за 1 мільён асобаў.

РР belsat.eu

Стужка навінаў