Дзе ў Беларусі ратавацца ад ракетаў і бомбаў? Інфармацыя пра сховішчы закрытая


Цягам апошняга тыдня «Белсат» атрымаў ад сваіх гледачоў і чытачоў шмат просьбаў распавесці, куды беларусам хавацца ў выпадку вайны, у якім стане ў нас бамбасховішчы і дзе яны. Аналагічныя пытанні мы ўсё часцей бачым у сацыяльных сетках. З дапамогаю нашых чытачоў мы выправіліся на пошук інфармацыі. Распавядаем, што ўдалося высветліць.

У адным з бамбасховішчаў Менску, 2013 год.
Фота: aif.by

Як менчукі шукаюць інфармацыю пра сховішчы

Адразу скажам: мапаў з указаннем месцаў, дзе можна схавацца ў выпадку абстрэлаў ракетамі ці бамбавання, у адкрытым доступе ў Беларусі няма. Супрацоўнік МНС, які прасіў не называць ягонага імя, сказаў, што гэта закрытая інфармацыя і ў выпадку неабходнасці людзям паведамяць.

Што гэтыя звесткі закрытыя і людзям скажуць, куды бегчы, у выпадку небяспекі, пачула таксама і нашая чытачка з Менску, якая пастанавіла высветліць, што рабіць у выпадку вайны:

«Я найперш пайшла ў ЖЭС, але там мне сказалі, што ў іх няма такой інфармацыі і за бамбасховішчы адказваюць так званыя спецыяльныя прадпрыемствы, а па іх спіс трэба ісці ў выканкам. Ёсць чуткі, што быў загад праверыць іх – стан вентыляцыі, абсталяванне – і прывесці ў парадак».

У адным з бамбасховішчаў Менску. Сучасны стан. Прыбіральня не працуе, паліцы хістаюцца
Фота: чытачы «Белсату»
У адным з бамбасховішчаў Менску. Сучасны стан. Паліцы хістаюцца
Фота: чытачы «Белсату»

Нашая чытачка паспрабавала даведацца ў школе ў сваім раёне, куды яны будуць эвакуяваць дзяцей у выпадку небяспекі, аднак аказалася, што там таксама не ведаюць, дзе найбліжэйшае сховишча. Дзяўчына задавала гэтыя пытанні ў менскім метро: там сказалі, што метро можа выкарыстоўвацца як сховішча. Аднак нашая чытачка паўсюль сутыкнулася з несур’ёзным стаўленнем да пытання, яе спрабавалі запэўніць, што перажываць і шукаць бамбасховішчы няма прычыны.

У бамбасховішчы пад домам 1956 года.
Фота: чытачы «Белсату»
У адным з бамбасховішчаў Менску. Вентыляцыя не працуе, на сценах – грыбок.
Фота: чытачы «Белсату»

«Гэтак, я не здолела высветліць, дзе каля майго дому месціцца сховішча, – рэзюмуе мянчанка. – Я задала яшчэ пытанне, як мы даведаемся, што ўжо час бегчы ў сховішча, на што мне сказалі: будзе апавяшчэнне праз радыё, тэлебачанне. Але якое радыё і тэлебачанне ў ХХІ стагоддзі? Я гэтым не карыстаюся, напрыклад. Яшчэ пра СМС-апавяшчэнне, сказалі. Але СМС цяпер выкарыстоўваюцца рэдка, таму я таксама не ўпэўненая, што гэта добры спосаб данесці інфармацыю».

Ад асобаў, якія просяць не называць іхных імёнаў і пасадаў, нашая чытачка высветліла, што ў Менску на сёння 370 дзейных бамбасховішчаў. Аднак усе яны старыя, іх стан выклікае пытанні.

У сховішчы ў Бабруйску – двух’ярусныя ложкі з пледамі і падушкамі

З аналагічнаю сітуацыяй сутыкнуліся бабруйцы, якія захацелі высветліць, дзе месцяцца бамбасховішчы. Ім сказалі, што інфармацыя закрытая.

«Усё, што мы ведаем, – гэта інфармацыя яшчэ з дзяцінства. Яшчэ гадоў 20–25 таму паўсюль былі надпісы «бамбасховішча» ці «ўкрыццё», указальнікі. Памятаю, тады яшчэ чыталі і думалі, навошта гэта ўсё ўжо, у наш мірны час, – падзялілася думкамі нашая чытачка з Бабруйску. – А цяпер ніхто не кажа, дзе ж можна схавацца ў выпадку чаго. А тыя сховішчы, пра якія нам вядома, яшчэ з савецкага часу, закінутыя, засмечаныя».

Аварыйны выхад з бамбасховішча на тэрыторыі школы № 1 у Бабруйску, 2016 год.
Фота: СБ

Са старога матэрыялу «СБ» за 2016 год можна даведацца, што ў Бабруйску сховішча дакладна ёсць на тэрыторыі школы № 1. Яно разлічанае на 120 чалавек. Заставацца там можна да 5 содняў. 6 гадоў таму сцвярджалі, што вентыляцыя там працуе, памяшканне ацяпляецца, ёсць вада, і бакі з вадою штогод абследуюць санэпідэміёлагі. Ёсць у сховішчы таксама двух’ярусныя ложкі.

Бамбасховіша на тэрыторыі школы № 1 у Бабруйску, 2016 год.
Фота: СБ

Агулам жа ў Бабруйску, паводле інфармацыі МНС шасцігадовай даўніны, ёсць некалькі буйных сховішчаў, кожнае з якіх разлічанае на 1200 чалавек. Яны месцяцца на буйных прадпрыемствах, напрыклад, дакладна ёсць укрыццё на тэрыторыі бабруйскага піўзаводу – цяпер бровар «Heineken».

Карэспандэнтка «СБ» распавядала, што двух’ярусныя ложкі там нават запраўленыя пледамі-коўдрамі, на якіх ляжаць падушкі.

Ёсць бункер на тэрыторыі былога заводу жалезабетонных вырабаў, аднак неабходнага абсталявання там не засталося.

Па адрасы сховішчаў – у інтэрнэт. Улады такой інфармацыі не даюць

Якую-ніякую інфармацыю пра беларускія ахоўныя збудаванні можна знайсці ў інтэрнэце. Некалі рабіліся цэлыя рэпартажы з бамбасховішчаў. Напрыклад, журналісты «АиФ» наведалі менскія сховішчы яшчэ ў 2013 годзе. Праўда, парадак дня тады быў зусім іншы – укрыццё шукалі на выпадак канца свету.

Тады супрацоўнік МНС распавядаў, што панятку «бамбасховішча» ў Беларусі не існуе: цяпер кажуць «ахоўнае збудаванне».

Амаль усе сховішчы, якія засталіся ў Беларусі, – савецкая спадчына. Новае ўкрыццё было пабудаванае ў 2006 годзе на заводзе МАЗ. Яно самае вялікае ў горадзе і разлічанае на 4 тысячы чалавек. У 2005 годзе новае ахоўнае збудаванне з’явілася ў менскім трамвайным парку на вуліцы Батанічнай.

У гарадзенскім бамбасховішчы.
Фота: s13.ru

Zerkalo.io прыводзіць лічбы наконт асобных беларускіх гарадоў, таксама абапіраючыся на ранейшыя матэрыялы ў інтэрнэце. Свежых звестак, на 2022 год, нідзе няма.

У Берасці на 2015 год было 96 сховішчаў, 1 збудаванне падвойнага прызначэння, 500 сутарэнняў і заглыбленых збудаванняў. З іх 81 сховішча – на балансе прадпрыемстваў, 14 – на балансе ЖРЭУ, 1 – на тэрыторыі Берасцейскай цэнтральнай гарадской лякарні.

Гарадзенскія медыі раней пісалі, што інфармацыя пра колькасць сховішчаў у горадзе засакрэчаная. Ёсць звесткі, што значная частка месціцца на тэрыторыі прадпрыемстваў. Самае буйное – на заводзе «Белкард», разлічанае на 1200 чалавек.

У гарадзенскім бамбасховішчы, 2020 год.
Фота: s13.ru

У Менску – больш за 1000 ахоўных збудаванняў. Zerkalo.io прыводзіць адрасы сховішчаў у сталіцы, якія ўдалося знайсці: Чырваназорная 1, 3а, Казлова 5, 7 і 9, Залатая Горка 10, праспект Незалежнасці 44, 46,48, Якуба Коласа 4, 53, 55/2, 59, Сурганава 31, Красная 16 і 21а. Ёсць укрыцці на тэрыторыі БХМП, у будынку «Белтэлекаму» на Камуністычнай.

Шмат такіх памяшканняў выкарыстоўваюцца з іншымі мэтамі: у адным са сховішчаў у Цэнтральным раёне Менску – трэнажорная зала, на Ціміразева 9 дзеяў начны клуб «Афрыка», на Ленінградскай – ламбард.

Пазапланавае правяранне ўкрыццяў у Баранавічах

1 сакавіка ў сеціве разышоўся фотаздымак загаду Баранавіцкага гарвыканкаму: пазапланава агледзець бамбасховішчы. Намеснік старшыні гарвыканкаму Дзмітрый Ціхно запэўніў, што такі дакумент штогод рассылаецца «з мэтаю планавага правярання» і нібыта «нядобрасумленныя грамадзяне выкарысталі яго з мэтаю стварыць сацыяльнае напружанне». Аднак у загадзе было напісана, што неабходна правесці пазапланавы агляд.

Загад аб пазапланавым аглядзе бамбасховішчаў у Баранавічах.
Фота: Intex-press

Баранавіцкія журналісты паспрабавалі высветліць, колькі ж у горадзе сховішчаў. Гарадскі аддзел МНС адказаў, што бамбасховішчы ў Баранавічах ёсць на ўсіх прадпрыемствах, а таксама ў вайсковых частках. На пытанне журналістаў, ці ёсць укрыцці ў навучальных установах гораду, супрацоўнік МНС адказаў, што такой інфармацыяй яны не валодаюць.

Атрымаць адрасы сховішчаў яшчэ ў 2014 годзе спрабаваў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік. У Віцебскім гарадскім упраўленні МНС яму адказалі, што на тэрыторыі гораду «за апошнія дзесяцігоддзі надзвычайных сітуацыяў, у выніку якіх неабходна хавацца ў бамбасховішчы, не зафіксавана. Таксама на тэрыторыі Беларусі няма такіх надзвычайных сітуацыяў, па якіх неабходна хавацца ў бамбасховішчы».

Адрасоў праваабаронцы так і не далі.

Такім чынам, пошук інфармацыі пра сховішчы і ўкрыцці – заданне ўласна грамадзянаў. Ва ўладаў, якія найлепш валодаюць звесткамі, адзін адказ: інфармацыя закрытая і няма прычынаў перажываць.

Калі вы не ведаеце, дзе найбліжэйшае сховішча ў вашым раёне, запомніце: укрыццём могуць быць сутарэнні дамоў, метро, падземныя паркінгі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў