Жыхара «Пірсу», які адмаўляўся здымаць БЧБ-сцяг, затрымалі


Эвакуацыя машыны Іллі Квачанкі.
Фота: @viasna96

У Менску затрымалі праграміста Іллю Квачанку, які павінен быў 4 сакавіка з’явіцца а 8:00 па позве ў РУУС у Ждановічах, дзе яго затрымалі. Там Ілля і будзе да суда. Аўтамабіль Іллі Квачанкі ўчора ўначы сканфіскавалі за адмову здымаць БЧБ-сцяг з акна. Мужчыну чакае суд за «пікетаванне».

Жыхары раёну прыехалі да РУУС падтрымаць Іллю Квачанку, яны падзяліліся сваімі меркаваннямі з карэспандэнтам «Белсату»:

«Я прыехаў падтрымаць суседа. Ён трапіў пад гэтыя незразумелыя санкцыі за сцягі і гэтыя смешныя гісторыі пра адзіночнае пікетаванне. Гэта нашая новая рэчаіснасць, і нельга заставацца ўбаку, калі людзі з гэтым змагаюцца. Як да гэтага можна ставіцца? Негатыўна! Гэта ўсё абсурдна», – кажа Васіль.

«Не скажу, што я жыву побач, але ўсё адно гэта наш раён. Прыехалі падтрымаць чалавека ў такой сітуацыі. Тое, што адбываецца, – гэта незаконна. І каб чалавек не заставаўся адзін, каб ён адчуваў падтрымку людзей. Паўсюль раней пісалі, што гэта не лічыцца. Твой гаўбец – і ты вешаеш усё, што хочаш. А тут аказалася, што гэта ўжо страшнае злачынства. Тлумачэнне законаў адбываецца ўсё хутчэй. Цяпер якія ў цябе там майкі вісяць – гэта справа дзяржаўнай важнасці», – заўважыла Юлія.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў