Хачу як пад Кіевам. Што дасюль перашкаджае будаваць катэджавыя паселішчы пад Менскам?

Байцы пра тое, што дзяржава будзе вылучаць землі каля буйных гарадоў, а забудоўнікі (няважна, дзяржаўныя ці прыватныя) будуць комплексна будаваць на іх катэджавыя паселішчы, як мінімум дзесяць гадоў. А самым першым абяцанням – і ўсе дваццаць. Вось нядаўна Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва зноў нагадала, што гэта ўсё ў планах – да 2025-га.

Ці будзе попыт на загараднае жытло? Сумнявацца не прыходзіцца. Дастаткова паглядзець на тое, як змагаюцца заможныя людзі за ўчасткі ў вёсках і паселішчах у 15-кіламетровай зоне каля Менску, дзе ёсць усе камунікацыі і збольшага аднолькавая забудова. 10–15 сотак прадаюць за 40–70 тысяч долараў. Каб «комплексная забудова» была запатрабаваная, трэба ўлічыць не так шмат нюансаў: 15-кіламетровая зона, сучасная архітэктура, разумныя плошчы, разумная цана.

Усё гэта ёсць каля Кіева

У суседняй краіне комплексная забудова зямлі катэджавымі паселішчамі за 10–15 кіламетрах ад кальцавой – гэта практыка. І выбар прыстойны.

Катэджавае паселішча «Green Hills».
Фота: green-hills.ua

Прыклад – «Green Hills» за 10 кіламетраў ад Кіева. Тут катэдж на 215 квадратных метраў на стадыі будаўніцтва каштаваў $ 285 тысячаў, 133 метры – $ 170–210 тысячаў. Цяпер цэннік удвая даражэйшы, але паселішча ўжо заселенае. На яго тэрыторыі – два прыватныя дзіцячыя садкі, прыватная школа. Ёсць пляцоўкі для тэнісу, міні-футболу, валейболу і баскетболу, трэнажорныя і гульнявыя пляцоўкі для дзяцей. Плюс крама, аддзяленне банку і кавярня.

Паселішча эканом-класу «Green Town» – за 12 кіламетраў ад Кіева па Адэскай трасе, заселенае ўжо на траціну. Кошт квадратнага метра пачынаецца ад $ 550–570. Гатовыя дамы ў скандынаўскім стылі таксама ёсць, катэдж на 246 квадратных метраў каштуе $ 140 тысячаў. З плюсаў – вадаём, пляж, вялікі сквер, спартовая зала, міні-маркет, пляцоўкі для спорту і адпачынку. Да хібаў мясцовыя рыэлтары адносяць малы памер зямельнага ўчастку, 6–12 сотак.

Самым прэстыжным у рэйтынгах лічыцца «перліна Італіі» – «Маєток», за 11 кіламетраў ад Кіева. Ужо цалкам пабудаваныя 103 катэджы, сярэдняя цана была $ 240–280 тысячаў за домаўладанне плошчаю 240–270 квадратных метраў. Цяпер яшчэ можна набыць гатовы катэдж больш за 300 квадратных метраў са сваім басейнам на вуліцы па 1000 долараў за квадратны метр. Школа і дзіцячы садок на тэрыторыі толькі ў планах, але паселішча вельмі папулярнае.

А што будавалі ў нас?

Самае гучнае катэджавае паселішча, забудаванае комплексна, – «Лагожаск». Першапачатковую канцэпцыю «Швейцарыі» ад «Трайплу» планавалі крыху іншай: усе дамы меліся быць узведзеныя паводле тыпавых праектаў. Але выявілася, што такая форма сярод беларускай эліты не надта запатрабаваная, і дамы на 450–600 квадратных метраў не вельмі цікавыя ёй. Таму частка ўчасткаў з камунікацыямі прадавалася пустой. Цяпер 430-метровы катэдж пад аздабленне тут можна набыць за 175 тысячаў. Хоць «Лагожаск» і заселены, але інфраструктуру развітой не назавеш: «спорт» – у гарналыжным комплексе, усё астатняе – у Лагойску.

«Лагожаск».
Фота: silvan-reklama.by

Удала дабудаваны праект загараднага паселішча – «Пірс» ад «А-100». Але ён у большай частцы не малапавярховы. Асноўны аб’ём жытла тут – у дамах такой паверхавасці, як у горадзе. З інфраструктуры – дзіцячы садок. Зрэшты, побач Ратамка, і для аматараў шпацыраў – лес і Менскае мора.

Адзіны «бюджэтны» праект комплекснай забудовы – IT-вёска Сасновае, непадалёк ад Кургану славы (кошт квадратнага метра тут стартаваў з 720 умоўных адзінак). Некалькі вуліцаў, дамы рознай плошчы, ад дуплексаў і маленькіх катэджаў да прасторных асабнякоў. Сасновае дабудоўваецца, перыядычна нешта трапляе ў продаж. Напрыклад, 93-метровую кватэру ў дуплексе можна купіць за 70 тысячаў, 120-метровую за 85,5 тысячы. Вуліцы ёсць, асфальт і ходнікі ёсць, ліхтары на вуліцах стаяць, камунікацыі ў дамах да здачы падлучаныя, архітэктура – эканом-класу. Аднак да панятку «комплекснасць» не стае сваіх садка, крамы, спартовых пляцовак.

Меркаванні
«Пірс». Як квартал мары ператвараецца ў квартал расталых надзеяў
2020.12.03 13:19

Самы грандыёзны праект, у якім закладзеная і інфраструктура, – гэта «Зялёная гавань» за некалькі кіламетраў ад кальцавой. «А-100» пачаў з самага дарагога – катэджаў і таўнгаўсаў, цяпер пераходзіць да будаўніцтва чатырохпавярховак. Праект ідэальны ад архітэктуры да асяроддзя. Першапачаткова ўлічваў густы аўдыторыі – топ-менеджараў крэатыўных, у асноўным айцішных кампаніяў. Аўдыторыя аддае перавагу скандынаўскай архітэктуры, сярэднім плошчам, экалагічнасці, натуральнаму асвятленню. Мінус у праекту толькі адзін: кошты. Катэджы – ад 400 тысяч долараў. Таўнгаўсы – па 150–180 тысячаў. Як і «Пірс», пляцоўка будзе забудоўвацца з павышэннем павярховасці. Інакш кажучы, «Зялёная гавань» не будзе класічным катэджавым паселішчам.

А чаму ў нас няма такога, як пад Кіевам?

Пасля прагляду малюнкаў братоў-украінцаў, пачынаеш адчуваць маштаб прапушчанага. Здавалася б, попыт у краіне ёсць, а ні цэнаў, ні праектаў такога тыпу няма. Лагічнае пытанне: што перашкаджае?

Нават на карупцыю ў будаўніцтве наракаць складана:украінская карупцыя таксама ўсім вядомая.

Усё проста: зямлёй у Беларусі распараджаецца толькі адзін чалавек. Ад яго залежыць, дзе, хто, што будзе будаваць. Прабіцца з просьбаю вылучыць участак могуць толькі тыя, хто бліжэй да цела. А яны лічаць за лепшае прасіць бясплатныя ўчасткі ў Менску пад шматкватэрнікі: грошы на іх зарабляюцца добрыя і хутка.

У прадмесці ж давядзецца спачатку раскашэліцца – на праект, архітэктараў, камунікацыі, інфраструктуру, чытай, «закапаць» дзясятак мільёнаў долараў да таго, як можна пачынаць стрыгчы дольнікаў. Чыж (якога называлі калісьці набліжаным, гэта ягоная кампанія будавала «Лагожаск») паспрабаваў – не спадабалася. Неяк удалося пад інвестыцыйны праект атрымаць зямлю ля Ратамкі кампаніі з групы «А-100». Але «Пірс» – адзінае выключэнне, зямля пад тую ж «Зялёную гавань» дасталася ўжо як камплект да чужога праекту «дружалюбнага бізнесоўца», які праваліўся.

На комплексную катэджавую забудову сельскагаспадарчых земляў вакол Менску пагадзіліся б буйныя прыватныя забудоўнікі, якія купляюць пляцоўкі на аўкцыёнах. Але ў іх няма доступу да цела, а значыць, і да зямлі.

Наталля Літоўская/АА belsat.eu

Меркаванні
Выбар не знікне: у якіх менскіх новабудоўлях будуць прадавацца кватэры ў 2021-м
2020.12.24 12:21

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў