Тэлеграм-канал з «пакаяннымі» відэа адмініструюць у МУС


Дакумент са спісам дзяжурных на тэлеграм-канале «Обратная сторона» выпадкова «зліў» хтосьці з адміністратараў. Аказалася, што гэты рэсурс, які публікуе ў тым ліку так званыя «пакаянныя» відэа затрыманых беларусаў, вядзецца ўпраўленнем інфармацыі і грамадскіх сувязяў (УІГС) МУС РБ, піша «Наша Ніва».

Скрыншот дакументу, які выпадкова быў апублікаваны ў міліцэйскім канале. Крыніца: nashaniva.com

Канал адмініструецца ў парадку дзяжурства падраздзяленнем з расейскамоўнай абрэвіятурай «ОРИКС». Графік дзяжурства складае падпалкоўнік Сяргей Басько, які раней быў аўтарам сайту МУС і прадстаўніком УУС Менскай вобласці, а цяпер працуе ва ўпраўленні інфармацыі.

Сяргей Басько. Скрыншот відэа: Белтэлерадыёкампанія / YouTube

Журналісты высветлілі, што падчас пратэстаў у 2020 годзе Басько выдаваў сябе спачатку за пратэстоўца, а пасля – за незалежнага журналіста-аператара.

«Наша Ніва» выказвае здагадкі, што падраздзяленнем ОРИКС кіруе насамрэч Аляксандр Марчанка з нікам «Саша», які і стварыў гэты «зліты» дакумент (быў створаны ў траўні 2021 года). Ён працаваў раней у прэс-цэнтрах транспартнай міліцыі і Менскага аблвыканкаму.

Аляксандр Марчанка. Скрыншот відэа. Крыніца: МУС

У канале, за які адказвае ОРИКС, выкладаюць відэа з затрыманымі за палітыку беларусамі, нацыянальны беларускі сцяг называюць «анучай», Марыю Калеснікаву – «алкагалічкай». Не толькі парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, але распальваюць варожасць па прыкметах нацыянальнай ці сексуальнай прыналежнасці, палітычных поглядаў, зневажаюць гонар і годнасць грамадзянаў.

Журналісты таксама высветлілі, што тэлеграм-канал «Обратная сторона» вядзе толькі падраздзяленне ОРИКС, бо толькі супрацоўнікі гэтага падраздзялення дзяжураць па выходных. А вось маніторынг незалежных СМІ праводзяць розныя аддзелы («М» у графіку). Штодзень для гэтага выдзяляецца адмысловы супрацоўнік. Канал быў створаны ў кастрычніку 2020 года, яго пераназвалі ў лютым 2022 года.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў