Павел Латушка пра чарговую крымінальную справу: «Спадзяюся, што Нясвіжскі палац яшчэ стаіць»


Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю распачаў чарговае, ужо сёмае – крымінальная справа ў дачыненні да Паўла Латушкі. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў пра сваё стаўленне да гэтага, а таксама выказаў падзяку беларусам, якія яго падтрымліваюць у такой сітуацыі.

Паводле Паўла Латушкі, да сёмай крымінальнай справы ў дачыненні да сябе ён паставіўся спакойна і з гумарам.

«Адразу ж чамусьці мне прыгадалася класіка савецкага кіно – “Каўказская палонніца”. Памятаеце, як герой кажа: «І што, капліцу таксама я разбурыў?». Але, дзякуй богу, я спадзяюся, што Нясвіжскі палац яшчэ стаіць».

Прыкладна гэтак жа ўспрынялі навіну аб хабары ў 10 тысяч і звычайныя беларусы, якія ў жартоўнай форме масава падтрымалі палітыка. Кіраўнік НАУ выказвае падзяку беларусам за гэта, а таксама цытуе найбольш яркія выказванні.

«Прапануюць паваліўся мост на Нямізе ў Менску таксама на мяне павесіць, чаго ўжо там.

А яшчэ ў 1941 годзе бачылі яго на лодцы – Буг пераплываў разам з немцамі.

Так можа 10 тысяч – гэта падарунак быў, які перадалі ад Маска, як даволі вядомаму таварышу Тэслы.

У прынцыпе прапануюць усе нераскрытыя злачынствы ў Беларусі павесіць на Латушку, чаго ўжо драбязніцца», – перадае словы беларусаў палітык.

Акцыя ў Варшаве ў межах глабальнага пікету салідарнасці, які аб’явіла Святлана Ціханоўская. На здымку — кіраўнік НАУ Павел Латушка. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: АЦ / Белсат

Сам жа Павел Латушка прызнаецца, што больш хвалюецца не за сябе, а за сваіх блізкіх і іншых беларусаў, якія спазналі рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі.

«У першую чаргу я перажываю за блізкіх, за свайго брата, якога збіваюць і катуюць. Я перажываю, вядома, што 7 крымінальных справаў – гэта шмат, нямала, але 5 тысяч крымінальных спраў, якія пачаў рэжым у дачыненні да беларусаў, я за гэта перажываю больш, чым за гэтыя 7 крымінальных спраў. Мой адказ грамадзяніну Лукашэнку: я не спынюся, не атрымаецца, не спынюся».

Поўная размова з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам можна паглядзець па спасылцы.

Hавiны
ДФР распачаў крымінальную справу супраць Паўла Латушкі за атрыманне хабару
2022.02.04 17:01

ВК/ММ, belsat.eu

Стужка навінаў