Proekt.media: Алексін можа быць датычны да кантрабанды беларускіх цыгарэтаў у Расею


Сайт Proekt.media, што спецыялізуецца на расследаваннях, распавёў, як беларускія кантрабандныя цыгарэты трапляюць на расейскі рынак.

Летась тытунёвыя акцызы ў Расеі павялічыліся на 20 %. Гэта вымусіла гандляроў звярнуцца да нелегальнага рынку. Доля нелегальных цыгарэтаў у краіне павялічылася з 0,3 % у 2012 годзе да 7 % у 2020-м. Беларуская прадукцыя складае 54 % ад іх. Нашыя цыгарэты ўдвая таннейшыя за расейскія.

У расследаванні тлумачыцца схема кантрабанды беларускіх цыгарэтаў у Расею.

Адзін з найбольш распаўсюджаных спосабаў перавозу цыгарэтаў – «перапынены транзіт»: беларускія кампаніі абвяшчаюць, што вязуць цыгарэты ў Кыргызстан, Казахстан ці Арменію, нібыта пакідаюць іх там, але насамрэч да фінальнага пункту не даязджаюць. Фуры разгружаюцца ў Расеі.

Продаж ажыццяўляецца ў закрытых суполках «УКантакце» і тэлеграм-каналах. Прычым патэнцыйнага спажыўца гандляру мае нехта парэкамендаваць, інакш ён проста можа адмовіцца ўзаемадзейнічаць далей. Таксама беларускія цыгарэты можна знайсці ў онлайн-крамах даменнай зоны .ru. Не складана набыць беларускія акцызныя і безакцызныя цыгарэты нават у цэнтры Масквы.

Proekt.media мяркуе, што дачыненне да кантрабанды беларускіх цыгарэтаў у Маскву можа мець набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец Аляксей Алексін. У 2020 годзе ўладальніку «Табакерак» належала 40 % унутранага цыгарэтнага рынку краіны. Да таго ж, «Энерга-Оіл» Алексіна ў 2018-м атрымала права на імпарт і гандаль замежных цыгарэтаў. А паколькі беларуская вытворчасць цыгарэтаў перавышае айчынныя патрэбы, Proekt.media робіць выснову, што імпартныя адпраўляюцца ў Расею.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў