Праўладны тэлеграм-канал знайшоў польскія грошы ў рэдактара гарадзенскага медыя. Той растлумачыў іх паходжанне


3 лютага ў тэлеграм-канале «Гродненские сливы» з’явіўся допіс наконт мясцовага недзяржаўнага медыя Hrodna.life. Аўтары сцвярджаюць, што галоўны рэдактар сайту Аляксей Шота атрымлівае грошы ад польскага фонду «Вольнасць і дэмакратыя» («Wolność i Demokracja»). Апублікавалі і дакумент, з якога вынікае, што журналіст у 2015 годзе атрымаў ад яго 640 злотых.

«Злівы» апублікавалі банкаўскую выпіску, паводле якой 31 жніўня 2015 года я атрымаў ганарар 640 польскіх злотых ад фонду «Wolność i Demokracja». На той момант гэта была сума роўная прыкладна 150 еўраў, ці 2,989 млн недэнамінаваных рублёў (сёння – 298 рублёў). З ганарару ў Польшчы я заплаціў падаходны падатак – 20 %. У Беларусі з Польшчаю складзеная дамова пра ўнікненне падвойнага падаткаабкладання, то бок я нічога не парушыў», – тлумачыць паходжанне грошай Аляксей Шота.

Згадвае тэлеграм-канал і мэра Горадні Мечыслава Гоя, які нібыта рознымі захадамі спрыяе дзейнасці Hrodna.life. Шота адзначае, што бачыў таго двойчы: упершыню, калі Hrodna.life яшчэ не існаваў, а будучы галоўны рэдактар працаваў на TUT.by, другі раз – у чэрвені 2020-га, калі медыя атрымала папярэджанне за парушэнне рэкламнага заканадаўства.

Дарэчы, Аляксей Шота кожны тыдзень робіць гістарычную праграму для TVP Polonia і «Белсату».

Як дакумент трапіў у рэдакцыю каналу, невядома. Але 29 студзеня ў рэдакцыі Hrodna.life чынілі ператрус сілавікі. А Шота цяпер праходзіць паводле адміністратыўнай справы пра распаўсюд прадукцыі, якая заклікае да экстрэмісцкай дзейнасці.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў