Чацвёрты дзень запар у Беларусі рэкордна цёплае надвор'е, але неўзабаве рэзка пахаладае


Як паведамляе праект «Позірк», за апошнія чатыры дні ў трох гарадах былі перакрыты экстрэмумы амаль векавой даўніны. Снег сышоў практычна ўсюды, за выключэннем крайніх усходніх раёнаў Беларусі.

У Пінску паветра прагрэлася да + 10,1° С. Ранейшы рэкорд дня складаў + 9,9° С (3 студзеня 1984 года ў Берасці).

Абнавіліся рэкорды на 37 з 48 метэастанцыяў. 4 прыпадалі на 2022 год, 1 – на 2015-ы, 15 – на 1992 год, 6 – на 1988-ы, 8 – на 1984-ы, 3 – на 1925-ы.

У Менску перакрыты рэкорд 1992 года – + 8,3° С супраць + 5,9° С. Абнавіліся максімумы ў Віцебску (+ 7,3° С супраць +6,1° С у 1992 годзе), Гомлі (+ 8,7° С супраць + 5,5° С у 2022-м), Магілёве (+ 7,6° С супраць + 5,1° С у 1992-м).

Аднак у другой палове тыдня надворʼе павінна рэзка змяніцца, паведамляе БелТА. Начальніца службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтру гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Таццяна Чатырка распавяла, што ў найбліжэйшыя дні ў Беларусі будуць назірацца складаныя ўмовы надворʼя: снег, дождж, галалёд. У паўночных рэгіёнах бліжэй да вечара 5 студзеня падмарозіць да – 8° С.

6 студзеня тэмпература паветра ў начны час будзе ў межах ад – 3° С па паўднёвым захадзе краіны да – 20° С па паўночным усходзе. Не выключана паніжэнне і да – 21… – 25° С. Удзень на асноўнай частцы тэрыторыі Беларусі будзе – 9… – 16° С.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў