Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна»


Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прыляцеў у Беларусь з неанансаваным візітам. Ён сустрэўся з беларускім калегай Віктарам Хрэніным, а потым – з Аляксандрам Лукашэнкам. Вайсковы эксперт у каментары «Белсату» адзначыў, што Шайгу прывёз нейкае асабістае пасланне ад Пуціна і распавёў пра далейшыя планы выкарыстоўвання беларускай тэрыторыі ў вайне супраць Украіны.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 3 снежня 2022 года.
Фота: БелТА

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу нечакана прыляцеў у Беларусь у суботу, 3 снежня. Ён правёў перамовы з беларускім калегай Віктарам Хрэніным. Міністры падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай галіне. Гэтае пагадненне было ўхваленае яшчэ ў снежні 1997 года.

Вайсковы эксперт сказаў «Белсату» на ўмовах ананімнасці, што самае цікавае ў гэтым пагадненні – пад грыфам «сакрэтна».

«Мяркую, там гаворыцца пра колькасць, склад і матэрыяльнае забеспячэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пра тое, колькі і якіх войскаў кожная краіна выдзеліць у гэтую групоўку ў выпадку ўзнікнення пагроз. Бакі таксама ўдакладнілі парадак ужывання войскаў у выпадку агрэсіі і ваеннага канфлікту», – паведаміў аналітык.

Пасля перамоў з Хрэніным Шайгу паехаў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Пад камеры Лукашэнка заявіў, што ані Беларусь, ані Расея «вайны не хацелі і не хочуць».

«Калі яны жадаюць ваяваць да апошняга ці то ўкраінца, ці то ўжо там паляка ці яшчэ наймітаў, ну, гэта іх справа, гэта іх права. Пакуль, напрыклад, я і нашы спецслужбы не бачаць, каб яны былі гатовыя да паўнапраўных перагавораў і па-чалавечы дамаўляцца. Яны бачаць, як працягнуць вайну. Ну, тады спецыяльная аперацыя не спыніцца», – сказаў Лукашэнка.

Па-за камерамі Шайгу перадаў Лукашэнку асабістае пасланне ад Уладзіміра Пуціна, мяркуе вайсковы эксперт, з якім паразмаўляў «Белсат».

«Шайгу прывёз Лукашэнку нейкую дадатковую інфармацыю аб ходзе падзеяў і аб планах Расеі ў вайне. Нейкую канфідэнцыйную інфармацыю асабіста ад Пуціна, якую нельга даверыць сродкам сувязі. Шайгу паведаміў аб тым, якім чынам будзе дзейнічаць Расея ў зімовай кампаніі, магчыма, аб тым, ці будзе выкарыстаны беларускі плацдарм расейскімі войскамі для нанясення ўдараў па Украіне», – адзначыў эксперт.

Ён лічыць, што наўрад ці Расея плануе такі ж маштабны наступ з тэрыторыі Беларусі, як было ў пачатку вайны 24 лютага, бо для ўкраінцаў гэта ўжо не будзе нечаканасцю.

«Снарад двойчы ў адну варонку не трапляе. Відавочна, гаворка ідзе аб нечым іншым, чым як гэта было ў лютым. Украіна гатовая да такой аперацыі. Відавочна, што, калі задумана нейкая аперацыя, то будзе нешта нечаканае. Але Беларусь актыўнага ўдзелу ў гэтым прымаць не будзе і не зможа», – лічыць эксперт.

Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што Расея ў кантэксце вайны з Украінай зацікаўленая ў беларускай тэрыторыі. Адсюль можна запускаць ракеты, тут можна навучаць рэзервістаў і лячыць параненых вайскоўцаў.

«Калі і будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі, то гэта, магчыма, аэрадромы, раёны манеўравання і патрулявання ракетных комплексаў, можна выкарыстоўваць як тылавую зону для размяшчэння нейкіх матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўкі расейскіх рэзервістаў на беларускіх палігонах, лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі», – падсумаваў аналітык.

Ён запэўніў, што беларуская армія да непасрэднага ўдзелу ў вайне не гатовая.

«Колькасць сухапутных войскаў Беларусі, то бок тых сілаў, што могуць быць ужытыя супраць Украіны, 11 тысяч асобаў. Такімі сіламі Беларусь наступаць не можа, дый Расеі, якая мабілізавала 300 тысяч асобаў, гэта не патрэбна. Без вялікай мабілізацыі Беларусь у канфлікт уступіць не зможа», падсумаваў эксперт.

У папярэдні раз Шайгу прылятаў у Беларусь 3 лютага, тады ён таксама сустракаўся з Лукашэнкам. 24 лютага Расея ўварвалася ва Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Абноўлена
У Менск прыляцеў міністр абароны Расеі. Апошні раз ён быў у Беларусі напярэдадні расейскага ўварвання ва Украіну
2022.12.03 17:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў