Украінскі эксперт: У Расеі вялікі ўраджай пшаніцы, і яна гуляе на павышэнне цаны любымі спосабамі


Сусветныя цэны на пшаніцу могуць падрасці яшчэ больш, бо Расея блакуе пастаўкі збожжа з Украіны. Падзеі вакол збожжавай угоды і сітуацыю на рынку збожжа абмеркавалі з экспертам Цэнтру даследаванняў харчавання і землекарыстання Кіеўскай школы эканомікі (KSE) Паўлом Мартышавым.

Гандлёвыя караблі, у тым ліку ўдзельнікі чарнаморскай угоды аб збожжы, чакаюць праходжання праз пратоку Басфор ля берагоў Енікапы (Yenikapı) туманнай раніцай у Стамбуле. Турцыя, 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: UMIT BEKTAS / Reuters / Forum

Паўло Мартышаў кажа, што выхад Расеі са збожжавай ініцыятывы і магчымае блакаванне паставак украінскага збожжа праз Чорнае мора будуць мець кепскія наступствы і для ўсяго свету ўвогуле, і для эканомікі Украіны ў прыватнасці. Экспарт сельгаспрадукцыі для Украіны набывае ўсё важнейшае значэнне.

«Доля аграрнага сектару ў эканоміцы Украіны расце ўвесь час. І павялічваецца яго значэнне для эканомікі, бо краіна страчвае на пэўны час прамысловасць на поўдні і ўсходзе праз дзеянні Расеі. Таму блакаванне паставак збожжа адмоўна адгукнецца для Украіны. А на сусветным узроўні блакаванне збожжавай ініцыятывы будзе азначаць падаграванне коштаў на рынку і прынясе сурʼёзныя рызыкі голаду для шэрагу краінаў, найперш, афрыканскага і азіяцкага рэгіёнаў», – расказаў Паўло Мартышаў.

Нагадаем, што вечарам 29 кастрычніка Расея абʼявіла аб бестэрміновым прыпыненні так званай збожжавай дамовы паміж Расеяй, Турцыяй і ААН, спаслаўшыся на ранішні абстрэл расейскіх вайсковых караблёў у Севастопалі.

Абноўлена
У Расеі заявілі аб выхадзе са збожжавага пагаднення. Што вядома
2022.10.29 19:06

Збожжавая ўгода пачала рэалізоўвацца 3 жніўня, калі з порту Адэсы выйшаў першы карабель з украінскім збожжам, да таго часу заблакаваны расейскімі войскамі.

Што адбывалася з цэнамі на збожжа на тле вайны

Цэна на пшаніцу значна падрасла вясной, у разгар баявых дзеянняў. Найбольшая цана $ 1279 за 100 бушэляў была зафікса 17 траўня, пасля чаго пачала паступова змяншацца. Рэалізацыя ўгоды пачалася 3 жніўня на тле цаны пшаніцы на Нью-Ёрскай таварнай біржы NYMEX у памеры $ 766,5/100bsh. Найменшая цана за другі і трэці кварталы ў $ 748/100bsh была 18 жніўня. Пасля чаго зноўку пачала расці. Найбольшая цана за перыяд дзеяння ўгоды была адзначаная 10 кастрычніка – $ 934/100bsh. Пасля гэтага цана пачала зніжацца і на 28 кастрычніка складала $ 830/100bsh. Пасля заявы Расеі 29 кастрычніка цана рэзка вырасла на $ 48,25, да $ 878,25 за 100 бушэляў. Па стану на 1 лістапада цана пшаніцы падрасла да $ 898/100bsh (+$ 58/100bsh да цаны 28.10). (Бушэль – традыцыйная адзінка вымярэння вагі пшаніцы на біржы, 1 bsh пшаніцы прыблізна роўны 27,2155 кг).

Даведка
Паўло Мартышаў.
Фота: pmartyshev / Facebook

Паўло Мартышаў адзначае, што яшчэ больш важны індыкатар сітуацыі на збожжавым рынку – кошты збожжавых фʼючэрзаў на біржах у Чыкага і Парыжы. За перыяд з 3 жніўня там таксама было адзначана пэўнае паніжэнне коштаў, але толькі на самым пачатку рэалізацыі збожжавага пагаднення. Паводле Мартышава, гэта зніжэнне было звязанае з пэўным аптымізмам ад разблакоўвання паставак. Але потым цэны працягнулі рост, бо спрацавалі «адразу некалькі чыннікаў. І не ўсе яны звязаныя з Чарнаморскім рэгіёнам».

Рост цэнаў, перш за ўсё, адлюстроўвае ўзровень даверу з боку міжнароднай супольнасці да Расеі як аднаго з бакоў збожжавай угоды. Увесь час існавала разуменне, што збожжавая ўгода рана ці позна закончыцца.

Апроч таго, з’явіўся пэўны глабальны кантэкст. Арабскія краіны сталі скупляць збожжа, таму што зразумелі, што трэба кантрактаваць новы ўраджай, каб «у далейшым не здарылася што дрэннае». Да таго ж у Азіі не вельмі добрая сітуацыя з ураджаем рысу, напрыклад, у Кітаі. Гэта значыць, што Азія будзе часткова замяняць рыс пшаніцай. Усё гэта павялічвае попыт на пшаніцу.

«На гэтым фоне расейскі бок пачаў укідваць у інфармацыйную прастору вось гэтыя надуманыя наратывы, што Украіна не пастаўляе збожжа ў самыя бедныя краіны Афрыкі, а ўсё ідзе Амерыцы і Еўропе, – тлумачыць эксперт. – І на гэтым грунце расейцы пачалі заяўляць, што збожжавую ўгоду трэба спыніць. І гэта ізноў прывяло да рэзкага росту коштаў на збожжа».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: АЗ / Белсат

Мартышаў звярнуў увагу на тое, што любое падвышэнне коштаў на збожжа выгаднае Расеі, бо яна лідарка на сусветным рынку пшаніцы. «Калі мы гаворым пра пшаніцу, то Расея на першым месцы. Яна ўвогуле нашмат больш пастаўляе пшаніцы, чым Украіна».

У сезоне 2022 года ў Расеі рэкордны ўраджай пшаніцы, каля 100 мільёнаў тонаў. «Для расейскай сельскай гаспадаркі гэта небывалая лічба. Вельмі спрыяльнае надвор’е сёлета склалася ў зерневых рэгіёнах Расеі».

«Хачу звярнуць увагу на тое, што пры гэтым Расея змяншае экспартнае мыта, каб павялічыць экспарт, не звяртаючы ўвагі на тое, што ў прынцыпе гэта можа несці пагрозу для ўнутранага расейскага рынку», – падкрэсліў Мартышаў.

Любыя дзеянні дзеля нажывы

Пагрозай блакавання збожжавай дамовы на Чорным моры Расея ўплывае на сусветныя цэны на збожжа. Рост гэтых цэнаў далей наўрад ці будзе вялізны, нельга чакаць, напрыклад, іх падваення, бо цэны і так ужо напружанныя.

«Глабальны рынак яшчэ можа вытрымаць пэўнае павышэнне. І наўрад ці трэба чакаць дэфіцыту збожжа, яго хопіць на ўсіх, толькі яно будзе вельмі дарагое», – кажа Паўло Мартышаў. Наступствы высокіх коштаў у першую чаргу адчуюць краіны Сахары, таго рэгіёну Афрыкі, які вельмі цярпіць ад недахопу харчовага збожжа. Эксперт адзначае, што «ўся Паўночная Афрыка будзе пакутаваць ад гэтага недахопу. Голаду, можа, і не будзе, але будзе сур’ёзнае працяглае недаяданне. Яно будзе назірацца ў вялікай колькасці краінаў. І галоўны чыннік у дадзеным выпадку – недахоп украінскага збожжа. Паўплывае і агульны ўраджай. Але відавочна, што робяць расейцы: усе іх наратывы з нагоды блакавання  ўкраінскага экспарту робяцца ў момант, калі рынак напружаны, калі высокія кошты, і расейцы тым самым падліваюць алею ў агонь».

Сёлетні ўкраінскі ўраджай і перспектывы на наступны год

Паводле Мартышава, агульная сітуацыя са зборам ураджаю збожжавых культураў ва Украіне яшчэ не да канца зразумелая. Паводле прагнозу Міністэрства сельскай гаспадаркі Украіны, сёлета краіна вырасціла прыблізна 60–65 мільёнаў тонаў, што ў два разы менш, чым было летась, калі збор збожжавых і алейных культураў супольна склаў каля 108 мільёнаў тонаў. З вырашчанага ўраджаю сабрана пакуль крыху больш за 30 мільёнаў тонаў.

Таксама незразумела, што будзе з культурамі, якія выспяваюць пазней. Гэта перш за ўсё сланечнік і кукуруза. З прычыны баявых дзеянняў Украіна сутыкнулася з дэфіцытам складоў і сховішчаў, зерне няма дзе захоўваць. Да таго ж сабранае зерне мае высокую вільготнасць, гэтаму паспрыялі вельмі інтэнсіўныя дажджы. Зерне трэба сушыць, што даволі няпроста, таму што цэны на газ «проста катастрафічныя», паліва для сушыльняў не хапае. Многія фермеры, са словаў Мартышава, адкладваюць збор кукурузы на як мага пазнейшы час, каб зерне высахла натуральным чынам, яшчэ на полі, і расходы на дасушванне былі меншымі. «Гэта можа ў нейкі момант прывесці да таго, што частка кукурузы застанецца ў полі. Падобныя рызыкі ёсць і для сланечніку».

Для Украіны па значнасці і абʼёме збору топ-3 сельгаскультураў выглядае так: кукуруза, пшаніца, сланечнік. «Гэта самыя маржынальныя культуры з пункту гледжання экспарту, і на іх робіцца стаўка».

Прэс-канферэнцыя аб адпраўцы першага карабля з зернем з Украіны. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Вельмі цікавай сталася сітуацыя з грэчкай. На пачатку года прагназавалі дэфіцыт гэтай культуры. На фоне такіх прагнозаў увесну кошты на грэчку раслі, і была пагроза, што Украіна не атрымае яе столькі, колькі хацела б. Але ў выніку ўраджай выдаўся добры, і аграрыі сабралі грэчкі дастаткова для ўнутраных патрэбаў краіны. «Высветлілася, што гэта культура добра прыстасавана да цяперашніх умоваў, калі мала ўгнаення. Патрэбныя параўнальна невысокія выдаткі для яе вырошчвання пры даволі высокай ураджайнасці. І фермеры вельмі добра зарыентаваліся, пашырыўшы пасевы пад грэчку, і добра выгадалі на гэтым».

А вось наконт сланечніку, як высветліў эксперт, пакуль яшчэ пытанне досыць вострае. Дзеля вывучэння сітуацыі Мартышаў праехаў па поўначы Украіны і зафіксаваў шмат палёў з пачарнелым сланечнікам, які псуецца ад дажджоў, бо дагэтуль не прыбраны. «Можам чакаць непрыемных сюрпрызаў. Ёсць пэўныя рэгіёны, дзе вельмі нізкая ўраджайнасць сланечніку, ад паўтоны да адной тоны з гектара». Зараз паміж заводамі па перапрацоўванні сланечніку на алей разгарнулася вялікая канкурэнцыя. Ва Украіне заўсёды была залішняй перапрацоўчая здольнасць такіх прадпрыемстваў, сёлета канкурэнцыя будзе шалёнай, аднак алею будзе выпрацавана дастатковая колькасць. Магчыма, што вясной наступнага года ва Украіне закладуць большыя пасевы, бо гэта дазволіць панізіць выдаткі на вырошчванне зерня сланечніку на экспарт. «Аграрыі будуць манеўраваць, шукаць аптымальны варыянт суадносінаў структуры новых пасеваў паміж кукурузай, пшаніцай і алеем», – мяркуе эксперт. І гэта таксама выклікае пэўныя чаканні на рынку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры пасярод поля сланечнікаў.
Фота: Smoliyenko Dmytro/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum

Увогуле напружанасць на рынку высокая, што выклікае сурʼёзныя ваганні цэнаў на зерневыя фʼючэрзы. «Агулам рынак быў трохі паслабіўся, калі пайшлі караблі. Сыгралі сваю ролю добрыя на той момант прагнозы вытворчасці пшаніцы ў Паўночным паўшарʼі, вымалёўваўся нядрэнны сёлетні ўраджай. Сыгралі сваю ролю і дзеянні цэнтрабанкаў, якія амаль што ўсе падвышалі стаўкі рэфінансавання, што трымала пэўны час цэны на збожжа».

Але на ўраджай 2023 года прагнозы складаныя. Як адзначыў Мартышаў, цяпер назіраецца недахоп вільгаці ў Злучаных Штатах і Еўропе, што не спрыяльна для часу, калі засяваюць палеткі азімай пшаніцай.

«І ізноў Расея скарысталася гэтым фонам, зрабіўшы свае сігналы наконт збожжавай угоды», – падкрэсліў эксперт.

Традыцыйна і ва Украіне каля 90 % пшаніцы азімая. Тут вільгаці быццам бы хапае, але падчас вайны сеяць цяжка, а ў некаторых рэгіёнах і немагчыма.

Тым часам апошнія навіны вакол збожжавай угоды такія:

1 лістапада ўвечары Турцыя заявіла, што вываз украінскага збожжа будзе працягнуты пад турэцкім сцягам. З пачатку рэалізацыі збожжавай угоды больш за 10 мільёнаў тонаў украінскага збожжа «было адпраўлена тым, хто мае патрэбу».

Hавiны
Міністр абароны Турцыі: Вываз украінскага збожжа працягнецца пад турэцкім сцягам
2022.11.02 09:22

Увечары 31 кастрычніка Расея заявіла, што рух па калідоры бяспекі, вызначаным чарнаморскай ініцыятывай, прыпынены. Грузавыя караблі з украінскім зернем праходзіць не будуць.

Да таго прагучала інфармацыя, што Турцыя, Украіна і ААН рабілі спробы ўзгадніць праходжанне суднаў без удзелу Расеі.

Яшчэ раней прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што будзе намагацца залагодзіць сусветны харчовы крызіс. Для зніжэння пагрозы голаду важна выканаць ранейшыя планы збожжавай угоды – прапанаваць на сусветны рынак 9,3 мільёна тонаў украінскай пшаніцы.

Міністэрства інфраструктуры Украіны ўвечары 30 кастрычніка паведаміла, што ў Чорным моры «фактычна заблакаваныя на сваіх цяперашніх пазіцыях» 218 караблёў, што бяруць удзел у «збожжавай ініцыятыве».

Да прыпынення збожжавая ўгода пратрымалася ўсяго тры месяцы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў