Трэнер Канстанцін Якаўлеў пра пераезд ва Украіну і планы стварыць новы гандбольны клуб


Канстанцін Якаўлеў – галоўны трэнер гандбольнага клубу «Віцязь», які за сваю пазіцыю адным з першых трапіў пад раздачу – каманду знялі з чэмпіянату Беларусі. Канстанцін разам з камандай публічна падтрымалі вядомую баскетбалістку Алену Леўчанку, якая адбывала содні на Акрэсціна. Гэтага хапіла, каб клуб знялі з дыстанцыі. Затым і сам Якаўлеў атрымаў досвед перабывання ў месцах не надта аддаленых, а потым вырашыў не рызыкаваць і разам з сям’ёй (дарэчы ў Косці трое малых дзетак) з’ехаў з Беларусі. «Белсат» пагутарыў з трэнерам, які цяпер уладкоўвае новы побыт ва Украіне.

Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнер гандбольнай камады «Віцязь».
Фота: ІА / Белсат

– Косця, добры дзень. Першае пытанне: як сустрэла цябе Украіна, у прыватнасці, Кіеў. Ты ж цяпер там жывеш?

– Выдатна сустрэла мяне Украіна. Я нават сабе ўявіць не мог, што людзі будуць так салідарныя з намі, беларусамі, спартоўцамі, людзьмі, якія цярпяць ад рэжыму, ад той хунты, якая цяпер у нас у Беларусі.

– Напэўна, у памяці захаваўся дзень, калі ты пакідаў Беларусь. Ці шмат часу мінула з таго моманту, калі ты ўсвядоміў – трэба зʼязджаць, ды зʼехаў?

– Так, дзень у памяці, вядома, захаваўся. Лічбы вельмі лёгкія – 1 ліпеня я вызваліўся, а 1 жніўня ўжо выехаў з краіны. Усё памятаю і ніколі не забуду, затое будзе што ўспомніць і пра што ўнукам распавесці.

– Табе, пакуль ты быў на радзіме, ці прыходзілі якія-небудзь, ну не ведаю, – назавем гэта пагрозы?

– Я ўжо распавядаў пра пагрозы раней. Пагрозы былі ў месцах «не надта аддаленых», у аддзяленні міліцыі, у ІЧУ, як і ўсім, банальна – крымінальнымі справамі. Казалі, што не варта расхістваць лодку. Не хочацца лішні раз пра гэта ўспамінаць і гаварыць. А ў вольным свеце такіх тэлефанаванняў ужо не было, я стараўся ўсё рабіць акуратна і хутка.

Канстанцін Якаўлеў.
Фота: kostet1985 / Instagram

– Напэўна, разглядаў некалькі варыянтаў, і чаму абраў нашых паўднёвых суседзяў? І як зʼязджаў – афіцыйна або палямі, лясамі?

– Не, я моцна не задумваўся. У мяне было некалькі прапановаў паехаць у Нямеччыну, Польшчу, ва Украіну, то бок былі варыянты выезду з краіны. Тэхнічнага боку я не хачу абмяркоўваць, бо застаюцца беларусы, якім гэтыя шляхі выезду яшчэ спатрэбяцца. Хоць я не выключаю факту, што рэжым у курсе пра людзей, якія выязджаюць з краіны, і мабыць, ім гэта выгадна. Калі не стрымліваць тых, хто выязджае, то будзе менш людзей у краіне, якія расхістваюць лодку. Абраў Украіну відавочна таму, што тут дастаткова сяброў і знаёмых, прыяцеляў і таварышаў. Ад гандбалістаў, з якімі я раней гуляў, былі цікавыя прапановы, клікалі мяне. Таму і вырашылі спакойна сюды ехаць.

– Тым не менш, у моўным плане ў цябе не павінна ўзнікаць праблемаў ва Украіне, а як побыт, ці задаволены?

– Вядома ж, мне дапамагалі людзі, і я не стамляюся дзівіцца і дзівіцца такой колькасці людзей, якія гатовыя прыйсці на дапамогу. І гэта не толькі беларусы. На прыкладзе сваіх дзяцей і бытавухі я зразумеў, што ўкраінцы не звяртаюць увагі на тое, што мы прыезджыя. Калі дзяцей бралі ў школу, ніхто не настойваў на тым мільёне даведак, якія патрабуюць у нас перад садком або школай. Калі дзіцяці трэба вучыцца, хай вучыцца – так гавораць настаўнікі. Вы – беларусы і не чужыя нам людзі, мы вас прымем, мы вас возьмем і не пакінем. Гэта дорага каштуе! І гэта трэба ўлічваць! Вельмі салідарныя з намі і еўрапейская, і ўкраінская супольнасць або грамадскасць.

– За спартовым жыццём у Беларусі сочыш з-за мяжы, або пусціў на самацёк?

– Калі толькі прыехаў, то ў мяне было два тыдні адаптацыі, але не было лішняга часу. Пастаянна даваў інтэрвʼю, былі нейкія сустрэчы, паездкі на ўкраінскія тэлеканалы. Потым зʼявіўся час выбрацца на мора ў Адэскую вобласць. Пасля, па прыездзе, развязваў пытанні ўладкавання дзяцей у навучальныя ўстановы, і цяпер ужо крыху стала зʼяўляцца часу.

Канстанцін Якаўлеў.
Фота: kostet1985 / Instagram

Сярод іншага, на выканкам нашай гандбольнай федэрацыі. Вельмі пацешны момант. Я напісаў пост у сацсетках, ведаючы, што мяне чытаюць знаёмыя, Васіль Астроўскі і Дзмітрый Нікуленкаў. Васіль – хросны бацька маёй сярэдняй дачкі і не чужы нам чалавек. Я ведаў ягоны абʼём працы, як вёў каманду на працягу пяці гадоў, збіраў яе, рабіў каласальную і няўдзячную працу ўвесь гэты час: сустрэча з бацькамі, выезды ў вобласці і аддаленыя месцы, вёскі. І вось пачынаецца чэмпіянат Еўропы, і Астроўскага проста адсоўваюць убок. Чаму так? Чаму яму не далі дапрацаваць? Але пры гэтым, іншы чалавек, які прыходзіць на ягонае месца, правальвае кваліфікацыю, аднак нягледзячы на гэта, ён займае пасаду і становіцца куратарам усіх моладзевых гандбольных зборных. Дзмітрый Нікуленкаў не выпадковы чалавек у гандболе, але тым не менш, я лічу, што гэта максімальна нясправядліва і непрыстойна з ягонага боку – ісці на такі крок у дачыненні сваіх калегаў.

Былі сустрэчы ў нас у Запарожскай вобласці. Не скажу, што паспяхова, планавалі ўсё па-іншаму. Былі дамоўленасці сустрэцца з мэрыяй Мелітопалю, але так усё і засталося на падрыхтоўчым узроўні. Да гэтага былі амбіцыі заявіцца на сёлетні сезон, хоць бы ў ніжэйшы дывізіён, але пакуль не атрымліваецца дамовіцца. Першапачаткова планавалі стварыць клуб у Кіеве, але пакуль тое на стадыі праекту. Прыглядаемся, кантактуем, вывучаем украінскі гандбол, знаёмлюся ці яшчэ раз сустракаюся з тымі людзьмі, з кім раней даводзілася выступаць у мінулым. Пакуль пахваліцца няма чым, але тым не менш праца пастаянна вядзецца. Ёсць разуменне таго, што хочацца стварыць клуб ва Украіне. Важна іншае ведаць, наколькі гэта трэба Украіне, і наколькі гэта трэба будзе абодвум бакам. Бо не хацелася б хадзіць па кабінетах з працягнутай рукой. У нас ёсць фінансаванне, гатовы праект і веды, мы гатовыя гэта ўвасобіць у жыццё.

Адзінае, што нам трэба цяпер, – гэта палітычная воля на ўзроўні мэрыі гарадоў Украіны.

– У канцы размовы ўжо традыцыйныя думкі ўголас, зычэнні ад Канстанціна Якаўлева.

– Мы заходзім на другі сезон супрацьстаяння дабра са злом. Я ведаю і веру, што дабро заўсёды перамагае. Хачу пажадаць нашым суайчыннікам, людзям неабыякавым да Беларусі, цярплівасці, і паспрабаваць захаваць тую годнасць, што ёсць, і несці яе. Не варта падаць на калені, не варта апускацца перад узурпатарам.

МД belsat.eu

Стужка навінаў