«Пуцін будзе чакаць, пакуль Лукашэнка ператворыцца ў адмарозка ў вачах большасці», – расейскі палітолаг


Пуціну галоўнае – не дапусціць Беларусь да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Лукашэнка непрыемны, але іншыя варыянты ненадзейныя. Аб ліквідацыі Лукашэнкі Крамлём казаць пакуль зарана. Пра гэта «Белсату» кажа незалежны расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін.

Аляксандр Лукашэнка бярэ ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Душанбе, Таджыкістан. 17 верасня 2021 года.
Фота: Дыор Садулоеў / Reuters / Forum

Злітае апытанне УЦВГД аб рэйтынгу Лукашэнкі, арышт журналіста «КП в Беларуси», узаемныя «наезды» ў прэсе, інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай радыёстанцыі «Эхо Москвы»… Паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой відавочна напружаныя дачыненні. А ўжо 4 лістапада Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін планавалі падпісаць «дарожныя карты», але сустрэчу ў выніку арганізуюць онлайн.

Незалежны расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін тлумачыць «Белсату», што хоча і што можа зрабіць Пуцін з Лукашэнкам.

Што значаць напружаныя дачыненні паміж Крамлём і афіцыйным Менскам?

Арэшкін лічыць, што напружанасць у дачыненнях наўрад ці зусім нічога не значыць. Але і наўрад ці Пуцін скажа Лукашэнку «сыходзь» ужо 4 лістапада. Ісціна дзесьці пасярэдзіне:

«Прычым гэтых сярэдзінаў некалькі, – разважае Арэшкін. – Ёсць рэчы, якіх Пуцін не можа дапусціць. Не можа дапусціць, каб Беларусь следам за Украінай сышла да еўрапейскай сістэмы каштоўнасцяў. Гэта out of question: недапушчальна ні пры якой пазіцыі.

Гэта можна рабіць пры дапамозе Лукашэнкі, можна дзякуючы адхіленню Лукашэнкі ад улады і паставіўшы да стырна кагосьці больш залежнага ад Масквы. Выбар вызначаецца рызыкамі і ацэнкай патэнцыйных выдаткаў».

Для Лукашэнкі ж недапушчальнай ёсць страта ўлады, адзначае Арэшкін. Лукашэнка можа сто разоў казаць, што не чапляецца за ўладу, і можа нават сам у гэта верыць, «як належыць параноіку». Але практыка паказвае, што «ён учапіўся ва ўладу ўсімі канцавінамі». Арэшкін мяркуе, што пытанне ўтрымання ўлады для Лукашэнкі вырашаецца на фізіялагічным узроўні: для яго ўлада, дамінаванне – галоўнае, страта ўлады раўназначная страце жыцця. І калі пагроза ўладзе будзе зыходзіць з Усходу, ён будзе змагацца з Усходам. Але цяпер без падтрымання Расеі ён існаваць не можа, бо сітуацыя ў эканоміцы катастрафічная.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

«Пры такім раскладзе для Пуціна непрыемны варыянт, але з мінімальнымі выдаткамі, – гэта захаванне Лукашэнкі пры абмежаванні ягоных выкрутасаў, самадурства, самадзяржаўя – называйце любое слова, якое пачынаецца з сама-», – робіць выснову Арэшкін.

Хто вырашае, як Крэмлю паводзіць сябе з Лукашэнкам?

Пуцін даўно зразумеў Лукашэнку, упэўнены Арэшкін, і ніякай сімпатыі, ці нават павагі да яго не мае, «і быць яе не можа».

«Ён разумее, што Лукашэнка займаецца элементарным «кідалавым», каля 5 млрд долараў за год, – кажа палітолаг пра Пуціна. – Плюс даволі прыкметнае прыніжэнне Пуціна ў ягоных уласных вачах. Лукашэнка нават не прызнаў далучэння Крыму – за такія грошыкі мог бы. Але Пуцін вельмі рацыянальны чалавек: разумее, што асабістыя амбіцыі і крыўды трэба згарнуць у трубачку і пакласці ў кішэню».

Ці адзін Пуцін гэта вырашае? Або калі Лукашэнка пакрыўдзіць, да прыкладу, алігарха Міхаіла Гуцэрыева або кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына, то Пуцін да іх прыслухаецца? Арэшкін тлумачыць: Пуцін выслухоўвае меркаванні як «чалавек XXI стагоддзя», але вырашае сам. Наўрад ці «вырашае Палітбюро»: рэсурсы для самастойных рашэнняў у Пуціна ёсць, і цяпер без яго нічога сур’ёзнага не можа быць зроблена паводле вызначэння. Пуцін можа даведацца, што нейкім буйным начальнікам больш падабаецца, каб не пакрыўдзіць занадта моцнага, але застацца самым галоўным.

Што можа зрабіць Пуцін?

Тэарэтычна, у выпадку канфлікту Пуцін можа ўвесці войскі, і атруціць Лукашэнку «Навічком». Але што Пуцін рэальна гатовы зрабіць?

«Я думаю, што Пуцін вельмі цярплівы чалавек, – адказвае Арэшкін. – Ён проста будзе чакаць, пакуль Лукашэнка ператворыцца ў абсалютнага адмарозка ў вачах большасці. Пакуль не зразумела, пакуль у Лукашэнкі ёсць нейкая частка прыхільнікаў, і не зразумела, 30 гэта адсоткаў ці 40. Але нейкая даволі значная частка грамадства Лукашэнку падтрымлівае як «айца нацыі», як бацьку».

Арэшкін адзначае, што калі б варыянт з «Навічком» не разглядаўся, то гэта было б проста непрафесійна, але пытанне ў тым, ці трэба гэта Пуціну. Ідэя з расейскай заваяваннем Беларусі цяпер не актуальная, упэўнены ён, але праз год ці два сітуацыя можа змяніцца: у Пуціна таксама страчваюцца эканамічныя рэсурсы – значыць, трэба часцей выкарыстоўваць ідэалагічныя рэсурсы. Ідэя такая: калі плаціць няма чым, можна натхняць народы свету меркаваннямі аб самым справядлівым грамадстве.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Цяпер Лукашэнка для Пуціна – «як сабаку пятая нага», кажа палітолаг. Але калі б Пуцін адважыўся ліквідаваць Лукашэнку, то ёсць рызыка правалу і вялікага скандалу. А як атрымаецца – што далей?

Сілавікі, сцвярджае Арэшкін, лёгка кінуць Лукашэнку і пераарыентуюцца на новага гаспадара, але няма гарантыі, што яны захаваюць свае месцы і тое, што нажылі. Таму пакуль сілавікі падтрымліваюць Лукашэнку – бо Пуцін можа паставіць сваіх генералаў. А калі замест Лукашэнкі паставіць, да прыкладу, Віктара Бабарыку, ці ўтрымае ён уладу і ці зможа дамовіцца з лукашэнкаўскімі сілавікамі?

Пуцін, кажа Арэшкін, моцна абпаліўся на Украіне: быццам бы ўсё зрабіў, з Януковічам дамовіўся, грошай даў, і раптам Майдан. Пуціну зусім не падабаецца перспектыва, што падобнае можа паўтарыцца з Беларуссю.

Дык што адбудзецца 4 лістапада?

На думку Арэшкіна, Пуцін чакае ад Лукашэнкі фармалізацыі залежнага палітычнага статусу. Пуціну важна, каб Лукашэнка падпісаў нейкія паперы. Лукашэнка ж разумее, што падпісвае толькі тыя дакументы, якіх можа не выконваць.

«Пуцін мяркуе, што Лукашэнку трэба пасадзіць на кароткую шворку, а Лукашэнка будзе змагацца за тое, каб шворка была даўжэйшая, – прагназуе Арэшкін. – Пры гэтым Лукашэнка свой інтэрас працягне».

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

Ад сустрэчы 4 лістапада палітолаг не чакае ніякага прарыву, хоць і адзначае, што з часам Пуцін становіцца толькі больш жорсткі. Ніякай «новай дзяржавы» ўтворана не будзе, упэўнены Арэшкін: «акрамя як на словах». Як было, так і застанецца: Пуцін пакуль не наважыцца браць Лукашэнку сілай, а Лукашэнка не разумее іншай мовы, акрамя сілы.

АА/АА belsat.eu

Стужка навінаў