Праз затрыманне Генадзя Мажэйкі «Комсомольская правда» накіруе ў Менск свайго спецпрадстаўніка


Рэдакцыя «Комсомольской правды» апавясціла расейскія ўлады пра затрыманне журналіста выдання «КП в Беларуси» Генадзя Мажэйкі. Пра гэта паведаміў «Интерфаксу» галоўны рэдактар ​​газеты Уладзімір Сунгоркін.

«Мы абавязкова ў панядзелак адправім туды нашага спецыяльнага прадстаўніка з Масквы, каб ён на месцы выступаў з нашымі паўнамоцтвамі. Мы праінфармавалі ўлады Расеі. Далей будзем усё рабіць, што ў нашых сілах, каб вызваліць яго», – сказаў Сунгоркін.

Ён паведаміў, што журналіст быў затрыманы ў Маскве. «Хто затрымліваў і як яго вывозілі з Масквы – мы пакуль не ведаем. У нас такой інфармацыі няма, і мы не змаглі яе атрымаць», – адзначыў галоўрэд выдання.

Учора стала вядома пра затрыманне журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі, цяпер ён знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна. У кватэры журналіста працаўнікі КДБ правялі ператрус на падставе крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») КК. Паводле гэтых артыкулаў можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення.

Менавіта Генадзь Мажэйка быў аўтарам артыкулу, у якім знаёмая загінулага Андрэя Зельцара станоўча пра яго адгукнулася. Пасля гэтага сайт «Комсомольскай правды в Беларуси» быў заблакаваны.

З заклікам вызваліць журналіста ўжо выступілі Рада па правах чалавек пры прэзідэнце РФ і Саюз журналістаў Расеі.

Hавiны
Крэмль катэгарычна не згодны з абмежаваннем доступу да сайту «КП в Белоруссии»
2021.10.01 13:59

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў