Дзень настаўніка без святочнага настрою ў школах


У першыя выходныя кастрычніка ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. Летась свята азмрочылі палітычныя звальненні і чысткі ў школах. Адміністрацыі навучальных установаў масава звальнялі педагогаў за ўдзел у мірных пратэстах. Сёлета да пераследу дадаецца і патрабаванне ідэалагічнага выхавання і ўзмацнення палітызацыі школы. Таму настрой у школах, як і летась, зусім не святочны.

Акцыя салідарнасці настаўнікаў. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Напярэдадні свята Дня настаўніка працаўнікі сістэмы адукацыі распавялі «Белсату», што святочнай атмасферы ў школе сёлета бракуе. Яшчэ першага верасня ў многіх школах з’явіліся міліцыянты, якія сачылі за парадкам. У многіх будынках змантавалі турнікеты, а вахцёраў апранулі ў міліцэйскую форму. Зрэшты, міліцыянты могуць зʼявіцца ў любой школе ў любы час. Гэтак, 28 верасня ў Баранавічах затрымалі настаўніка з аграгарадку Жамчужны пасярод заняткаў. Працаўнікі КДБ з Менску наведалі школу і схапілі настаўніка Аляксея Майсеню.

Такім чынам выконваецца патрабаванне Лукашэнкі, якое ён агучыў падчас Рэспубліканскага педсавету 24 жніўня ў Менску.

«Гэта маё непахіснае патрабаванне як чалавека, які свае першыя крокі рабіў у школе – сельскім настаўнікам. Школа – гэта храм. І туды трэба прыходзіць як у храм. Парадак і дысцыпліна ў гэтым храме залежаць не толькі ад вернікаў, але і ад тых, хто адказвае за стан гэтага храма, гэта значыць настаўнікаў… Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала. Я б нават сказаў больш: выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе».

Hавiны
«Апорныя кропкі каляровай рэвалюцыі». Пра што гаварылі Карпенка і Лукашэнка на рэспубліканскім педсавеце
2021.08.24 19:31

Таму, кажуць настаўнікі, настроі напярэдадні свята ў школе зусім не радасныя і ўрачыстыя.

«Настрою няма з мінулага года, многія за самыя, самыя жорсткія санкцыі. Аванс нам далі вельмі маленькі і гэта вельмі добра. Усе ўсё разумеюць, толькі многія проста баязліўцы», – распавёў «Белсату» настаўнік, які працуе ў вясковай школе.

«Ніякай атмасферай свята ў школе і не пахне (а асабіста мне – проста сорам). На тых, хто не можа звольніцца з-за шэрагу прычынаў, узвальваюць усё што толькі можна прыдумаць. Стабільна кожны дзень па 7-8 урокаў без «форткі», ангельская мова вядзецца цэлым класам, такіх паняццяў як «перакусіць і схадзіць у прыбіральню» для настаўніка проста не існуе. На перапынках павінны дзяжурыць на калідорах, не дай Божа зайсці ў настаўніцкую і там абмеркаваць нешта з калегам (звычайна тычыцца навучальнага працэсу)», – кажа настаўніца, якая працуе ў сталічнай школе.

Акцыя салідарнасці настаўнікаў. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

«Дарослых і дзяцей у стайню ўжо не загнаць»

Працаўнікі адукацыі кажуць, што цяпер патрабаванняў збоку адміністрацыі стала вельмі шмат. Але нягледзячы на тое, што многія выконваюць працу, якая не звязаная з вучэбным працэсам, кшталту, наведванне жылля вучняў, каб праверыць умовы пражывання дзяцей, стаўленне да настаўнікаў цяпер вельмі негатыўнае. Бацькі таксама не давяраюць настаўнікам, не жадаюць палітызацыі выхаваўчага працэсу.

Але не далёка не кожнай школе гучныя лозунгі рэалізоўваюцца, пераконваюць настаўнікі. Па выніках першага месяцу навучальнага году працаўнікі сістэмы адукацыі сцвярджаюць, што ідэалагічныя патрабаванні з боку ўладаў не працуюць. І на гэта ёсць шмат прычынаў.

«У школе напраўду вельмі малы адсотак ідэалагічна адданых людзей, шмат тых, хто ў палітыку не хоча ўлазіць, але і той дурасці, якую патрабуюць улады, рабіць не будуць. Дзеці вельмі крэатыўныя і абазнаныя ў грамадска-палітычных працэсах, разумеюць усё глыбока, і могуць вось так па-беларуску »сцябацца«з нашай рэчаіснасці. Гэтых людзей у стайню ўжо не загнаць. Чытаю розныя меркаванні і тэлеграм-каналаў пра тое, што ідэалогія цяпер усю школьную прастору запоўніць: «Капец! Сапсуюць дзяцей», – пішуць людзі ў сеціве. Але я шчаслівы чалавек, таму што ведаю, што так не будзе», – кажа настаўнік з Менску.

Hавiны
Эксперт у адукацыі: Школу ператвараюць у палігон для барацьбы з іншадумцамі
2021.08.31 14:11

Перамены ў краіне пачнуцца на уроках сапраўдных настаўнікаў

Працаўнікі гімназіі Фрунзенскага раёну сталіцы кажуць, што ў іх школе падчас выбараў адміністрацыя чыніла фальсіфікацыі. Вынікі выбараў на гэтым участку былі сапраўды сфальшаваныя. Але, на думку настаўнікаў гімназіі, насамрэч гэта не значыць, што ў школе няма людзей, якія не думаюць пра свабоду і спяшаюцца выканаць загады кіраўніцтва.

«Тое, што фальсіфікацыі былі, не значыць, што гэта заідэалагізаваная школа на чале з ябацькамі. Фальсіфікацыі рабіліся ж не толькі праз ідэі, а праз банальныя пагрозы зверху, далёка не ўсе могуць быць героямі. Мяне, праўда, у камісіі ніколі не бяруць. Сітуацыя непрыемная, але я асуджаць не буду, ведаю, што многія нясуць цяжкі крыж сумлення да сённяшняга дня. Я не ў прафзвязе, не ў падпісках і суботніках, але з гімназіі праз гэта мяне не звольнілі. Таму напраўду сітуацыя не такая страшная, многія настаўнікі былі пакараны за сваю пазіцыю, але многія працягваюць працаваць. Перамены пачнуцца праз нашыя клёвыя ўрокі!», – пераконвае настаўнік гімназіі.

Школьныя заняткі. Фота «Белсат»

Зрэшты, і бацькі дзяцей, якія цяпер наведваюць школу, выказваюць перакананне і бачаць на свае ўласныя вочы, што сумленныя настаўнiкi ёсць заўсёды. На жаль, iх мала, але iх праца высакародная i выніковая.

«Белсат» віншуе ўсіх сумленных настаўнікаў з прафесійным святам і выказвае шчырую падзяку працаўнікам, якія не баяцца выказваць сваё меркаванне і гатовыя дзяліцца сваймі думкамі і перажываннямі з грамадскасцю. Зрэшты, і гэты матэрыял паўстаў толькі і выключна дзякуючы водгукам настаўнікаў, якія нягледзячы ні на што, адгукнуліся на зварот і даслалі свае меркаванні ў рэдакцыю.

Аб’ектыў
Дзень ведаў ды ідэалагізацыі школы
2021.09.01 23:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў