У Беларусі больш за 600 НКА цяпер у працэсе прымусовай ліквідацыі


Паводле цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend», не менш за 602 некамерцыйныя арганізацыі ў Беларусі цяпер праходзяць працэс прымусовай ліквідацыі.

«Lawtrend» апублікаваў агляд сітуацыі са свабодай асацыяцыяў і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці за жнівень 2022 года. Са справаздачы вынікае, што НКА, якія прымусова ліквідуюць праз суд і выключаюць з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і ІП, зрабілася на 65 больш, чым у папярэднім месяцы.

Таксама адзначаецца рэгулярны рост колькасці арганізацыяў, якія самастойна прынялі рашэнне аб ліквідацыі. Станам на канец жніўня такіх НКА налічваецца 363.

«Такім чынам, грамадскі сектар Беларусі, пачынаючы з паслявыбарчага перыяду 2020 года, страціў ужо не менш за 965 інстытуцыяналізаваных формаў некамерцыйных арганізацыяў (грамадскія аб’яднанні, прафесійныя саюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі), што на 85 НКА больш, чым у папярэдні маніторынгавы перыяд», – гаворыцца ў аглядзе.

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.
Фота:«Белсат»

Найбольш актыўнымі органамі, якія падавалі пазовы аб прымусовай ліквідацыі НДА, паводле «Lawtrend», былі Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Менскага гарадскога выканаўчага камітэту і Вярхоўны Суд. Таксама зафіксаваныя выпадкі падачы пазоваў галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі Берасцейскага, Магілёўскага, Віцебскага, Гарадзенскага аблвыканкамаў.

Hавiны
У Беларусі створаць дабрачынны фонд пад кіраўніцтвам Лукашэнкі замест ліквідаваных НДА
2022.08.22 20:23

30 жніўня кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка на нарадзе ў справе законапраектаў аб грамадзянскай супольнасці, дзейнасці палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў паведаміў, што ў Беларусі за два гады ліквідаваныя больш за 400 недзяржаўных арганізацыяў. Чыноўнік назваў гэта «аздараўленнем грамадскага поля», а НКА – «дэструктыўнымі і іншымі сумнеўнымі аб’яднаннямі».

«Дзякуючы супольным высілкам органаў улады за перыяд з 2020 года грамадскае поле краіны істотна аздаравілася. Спыненая дзейнасць 373 дэструктыўных і іншых сумнеўных аб’яднанняў, 44 установаў, а таксама так званых незалежных прафсаюзаў», – заявіў Сяргеенка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў