Антываенная і антыкрамлёўская: беларуская моладзь – у даследаванні «Chatham House»


Моладзь у большай ступені, чым насельніцтва Беларусі агулам, антываенная і антыкрамлёўская. Маладыя людзі выступаюць супраць расейскай ядравай зброі ў Беларусі і прызнаюць неабходнасць эканамічных рэформаў у краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра гэта гаворыцца ў апошнім апытанні «Chatham House», прысвечаным каштоўнасцям беларускай моладзі. Эксперты паспрабавалі адказаць на пытанні, якімі медыяасобамі захапляецца беларуская моладзь, як яна ставіцца да вайны ва Украіне і да ўдзелу ў ёй Беларусі, ці мяняецца стаўленне беларусаў да размяшчэння ў Беларусі расейскай ядравай зброі. Апытанне праводзілася з 24 траўня да 2 чэрвеня 2023 года ў інтэрнэце ў фармаце онлайн-інтэрв’ю сярод маладых людзей 18–35 гадоў.

Партрэты беларускай моладзі

На прэзентацыі вынікаў даследавання палітолаг, эксперт «Chatham House» Рыгор Астапеня адзначыў, што амаль траціна маладых беларусаў – гэта адкрытыя праеўрапейскія свабодалюбівыя людзі.

Сярэдне незадаволеныя прагрэсіўныя дэмакраты і закрытыя кансерватыўныя – два найбольш распаўсюджаныя каштоўнасныя партрэты сярод беларускай моладзі. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

У сваім даследаванні эксперты вылучаюць пяць групаў маладых беларусаў. Самая масавая – 31 % – «сярэдне незадаволеныя адкрытыя прагрэсіўныя дэмакраты». Яны дасведчаныя ў палітычным і эканамічным жыцці краіны, гатовыя да рэформаў, арыентаваны на Еўропу і зацікаўленыя ў перамозе Украіны ў вайне з Расеяй.

Наступная група – «закрытыя кансерватары» (27 %). Яны добра ставяцца да Расеі, у тым ліку таму, што «традыцыйныя каштоўнасці» – важная частка дыскурсу РФ, яны часцей схільныя падтрымоўваць Расею ў вайне.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

«Сярэдне задаволеныя абыякавыя» – 15 % рэспандэнтаў.

«Незадаволеных кансерватыўных аўтарытарыстаў» – 14 %. Яны «жадаюць моцнай рукі ў дзяржаве».

«Задаволеных адкрытых прагрэсіўных аўтарытарыстаў» – 13 %. У іх адкрытае і рацыянальнае мысленне. Не надта важныя «традыцыйныя каштоўнасці», але такія беларусы больш за іншых схільныя падтрымоўваць «моцную руку» і арыентаваныя хутчэй на Расею.

Безадказнае спажыванне інфармацыі

Згодна ранейшым даследаванням «Chatham House», сярод усяго гарадскога насельніцтва 37 % – аўдыторыя дзяржаўных СМІ. Сярод моладзі гэтая доля значна меншая – 22 %. Незалежныя медыі маюць прыкладна аднолькавую аўдыторыю як сярод усяго гарадскога насельніцтва, так і сярод гарадской моладзі. А вось чым адрозніваецца моладзь, дык гэта доляй тых, хто не бярэ інфармацыі ні з якіх медыяў. То бок па сутнасці не сочыць за тым, што адбываецца ў свеце і ў краіне.

 

Журналісты і блогеры паводле палітычнай тэматыкі. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Даследнікі тлумачаць: часта моладзь даведваецца інфармацыю з сацсетак, а адкуль яна там з’явілася – з дзяржаўнага ці незалежнага СМІ, – для маладых людзей ужо неістотна. Таму часта яны глядзяць проста тое, што ім падсоўвае ў сацсетках «Яндэкс» ці «Гугл».

Каля паловы беларускай моладзі не сочыць за палітычнымі блогерамі і журналістамі, а сярод тых, хто гэта робіць, большай папулярнасцю карыстаюцца расейскія каментатары. Са словаў даследнікаў, гэта не дзіўна, бо Беларусь сёння – расейская інфармацыйная калонія, дзе відавочнае дамінаванне расейскага кантэнту.

У топе куміраў маладых беларусаў асобы, якія штодня мільгаюць у эфірах. Але з улікам таго, як моладзь успрымае інфармацыю, яна можа проста не запамінаць імёнаў людзей, якіх бачыць на экране. Напрыклад, маладыя людзі часта не адрозніваюць Сяргея Чалага і Арцёма Шрайбмана, хоць і глядзяць стрымы і аднаго, і другога.

Нейтралітэт і сяброўства з усімі

Моладзь часцей аддае перавагу нейтральным пазіцыям у замежнай палітыцы. Большасць выбірае або варыянт адначаснага сяброўства ў саюзе з Расеяй і ЕЗ, або быць па-за саюзамі (па 27 %). Разам з тым, 30 % маладых беларусаў – за саюз з Расеяй, у якім Беларусь цяпер і перабывае.  Гэта значна менш, чым сярод гарадскога насельніцтва агулам. А вось на пытанне, ці хочаце вы, каб Беларусь увайшла ў склад РФ, станоўчых адказаў зусім вобмаль.

Моладзь часцей аддае перавагу нейтральным пазіцыям у замежнай палітыцы. Аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей арыентуецца на Расею, а недзяржаўных – на ЕЗ. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Калі казаць аб вайсковым супрацоўніцтве, то 47 % выступаюць за пазаблокавы статус Беларусі, 41 % – за сяброўства ў АДКБ, 12 % – за ўступленне ў NATO.

Большасць сярод усіх медыясегментаў адмоўна ставіцца да размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі. Аднак аўдыторыя дзяржаўных СМІ значна часцей мяркуе пра гэта станоўча. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Да ядравай зброі ў Беларусі 70 % рэспандэнтаў ставяцца адмоўна ці хутчэй адмоўна. Яшчэ 20 % – хутчэй станоўча, 10 % – сапраўды станоўча. На думку даследнікаў, тут грае сваю ролю прапаганда і тое, што ядравая зброя па факце ўжо ў Беларусі.

Стаўленне да вайны ва Украіне

Сярод беларускай моладзі мала людзей, якія заяўляюць аб падтрыманні ваенных дзеянняў Расеі. Ва ўсіх сегментах, акрамя аўдыторыі дзяржаўных СМІ, праціўнікаў дзеянняў расейскіх войскаў больш, чым прыхільнікаў.

Моладзь схільная да падтрымання нейтралітэту ў расейскай вайне супраць Украіны. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Гэтак, ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне дакладна не падтрымоўваюць 34 % апытаных маладых беларусаў, 16 % – хутчэй не падтрымліваюць. Не змаглі адказаць – 33 % (даследнікі адзначаюць, што тут мог сыграць ролю фактар страху падчас апытання ўнутры Беларусі). За Расею ў гэтай вайне – 6 % рэспандэнтаў, 12 % – хутчэй падтрымоўваюць Расею.

Моладзь схільная да нейтралітэту ў расейскай вайне супраць Украіны. Пры гэтым аўдыторыя недзяржаўных медыяў асуджае дзеянні Расеі значна часцей. Ідэя ўступлення Беларусі ў вайну на баку Расеі – маргінальная.

На думку экспертаў, беларуская моладзь у большай ступені, чым насельніцтва агулам, антываенная, антыкрамлёўская, у большай ступені за нейтралітэт і менш схільная да любых формаў падтрымання Расеі ў вайне.

Моладзь схільная часцей падзяляць меркаванне аб неабходнасці эканамічных рэформаў, чым аб іх непатрэбнасці. Пры гэтым кансэнсусу аб неабходнасці гэтых рэформаў сярод маладых людзей няма. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Такім чынам

  1. Траціна беларускай моладзі рэдка чытае або глядзіць навіны, каля паловы не можа назваць блогераў і журналістаў, якія асвятляюць грамадска-палітычныя тэмы, за якімі імкнецца сачыць. Сярод тых, хто сочыць, вялікую папулярнасць мае расейскі кантэнт.
  2. Агулам беларуская моладзь часцей ацэньвае эканамічную сітуацыю ў краінах Еўрапейскага Звязу і ЗША як больш спрыяльную, чым у Расеі і Беларусі. Таксама беларуская моладзь хутчэй прызнае неабходнасць эканамічных рэформаў.
  3. Агулам беларуская моладзь добра ставіцца да суседніх краінаў і буйных геапалітычных актараў. Большасць маладых людзей абʼядноўвае ўстаноўка на нейтралітэт у замежнай палітыцы: жаданне або не ўступаць у міжнародныя саюзы, альбо быць у саюзе з Расеяй і ЕЗ адначасова.
Агулам моладзь добра ставіцца да суседзяў і буйных геапалітычных актараў. Аўдыторыя недзяржаўных медыяў лепш ставіцца да ЕЗ і Украіны, а аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей за іншых негатыўна ставіцца да ЗША і краінаў ЕЗ. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

41 % беларускай моладзі лічыць, што Беларусь павінна заставацца сябрам Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспекі; 47 % выступае за нейтралітэт і 12 % – за ўступленне ў NATO.

  1. Беларуская моладзь не падтрымоўвае ідэі размяшчэння ў краіне расейскай ядравай зброі.
  2. Меркаванне моладзі аб замежнай палітыцы адрозніваецца ў залежнасці ад палітычных і сацыяльных каштоўнасцяў. Прарасейскую пазіцыю часцей займае моладзь з «закрытым мысленнем», якая падтрымоўвае «традыцыйныя каштоўнасці», а таксама моладзь з больш аўтарытарнымі ўстаноўкамі. Праеўрапейскую пазіцыю,

у тым ліку падтрыманне Украіны ў вайне і станоўчае стаўленне да яе агулам, выказвае пераважна дэмакратычна настаўленая моладзь.

  1. Беларуская моладзь не схільная падтрымоўваць дзеянняў Расеі на тэрыторыі Украіны, толькі 18 % выказаліся за вайну. Таксама моладзь не жадае, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне. Маладыя людзі схільныя лічыць, што Беларусь павінна трымацца нейтралітэту ў вайне і не падтрымоўваць ніводнага з бакоў.

Большасць рэспандэнтаў хоча спынення вайны як мага хутчэй. Пры гэтым 18 % мяркуюць, што вайна павінна скончыцца пасля дасягнення Расеяй сваіх мэтаў, і 15 % – пасля дасягнення мэтаў Украінаю.

Беларуская моладзь часцей лічыць спрыяльнай эканамічную сітуацыю ў краінах ЕЗ і ЗША, чым у Расеі і Беларусі. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Сацыяльна-палітычныя каштоўнасці беларускай моладзі». Крыніца: belaruspolls.org

Прадэмакратычная моладзь часцей мае праўкраінскі погляд на вайну. Яна часцей ацэньвае ваенныя дзеянні Украіны як паспяховыя і верыць у перамогу Украіны, часцей лічыць, што вайна павінна скончыцца пасля дасягнення Украінай сваіх мэтаў.

Разбор
«Сістэма шукае тых, хто будзе бараніць Лукашэнку». Што не так з вайскова-патрыятычнымі летнікамі ў Беларусі?
2023.06.14 14:16

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў