Кітай увёў санкцыі супраць Тайваню. Але той працягне «цвёрда адстойваць суверэнітэт»


Улады Кітайскай Народнай Рэспублікі 3 жніўня ўвялі санкцыі супраць Тайваню. Яны сталі адказам на прылёт на востраў, які КНР лічыць уласнай тэрыторыяй, спікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі.

Сцяг Кітаю.
Фота: Ecow / Wikimedia, CC0

Як паведамляе Aljazeera, Пекін вырашыў прыпыніць пастаўкі пяску Тайваню. Таксама прыпыненыя дазволы на імпарт цытрусавых і некаторых відаў рыбы з Тайваню ў мацерыковы Кітай.

Апроч таго, уведзеныя наўпроставыя санкцыі супраць арганізацыяў «Тайваньскі фонд дэмакратыі» і «Фонд міжнароднай супрацы і развіцця», іх даччыных структураў і асобаў, якія зрабілі ахвяраванні на адрас фондаў. Пекін абвінавачвае іх у сепаратысцкай дзейнасці і падрыве міжнароднага аўтарытэту КНР.

ЗША абяцаюць Тайваню падтрыманне

Між тым спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі сустрэлася з прэзідэнткай Тайваню Цай Ін Ўэнь і выказала поўнае падтрыманне ўладам востраву. Паводле яе, візіт мае за мэту бяспеку і эканамічную супрацу.

«Сёння наша дэлегацыя… прыбыла на Тайвань, каб недвухсэнсоўна даць зразумець, што мы не адмовімся ад сваіх абавязкаў перад Тайванем, і мы ганарымся нашым трывалым сяброўствам», – заявіла Пэлоўсі.

У сваю чаргу Цай Ін Ўэнь запэўніла амерыканскі бок у тым, што Тайвань адданы падтрыманню міру і стабільнасці, застаецца надзейным і годным даверу партнёрам ЗША. Паводле яе, Тайвань таксама працягне ўмацоўваць сваю абароназдольнасць, каб «цвёрда адстойваць суверэнітэт нашай краіны і працягваць бараніць дэмакратыю».

Аналітыка
Два Кітаі: ад халоднага міру да магчымай вайны
2022.08.02 19:21

2 жніўня самалёт Нэнсі Пэлоўсі, нягледзячы на пагрозы з боку КНР, у тым ліку вайсковыя,  прызямліўся ў сталіцы Тайваню. Раней Кітай назваў магчымы візіт прадстаўніцы ЗША ў Тайвань «парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Кітаю» і прыгразіў сур’ёзнымі наступствамі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў