Бацька Слаўнікавай: Суд закрылі, каб ніхто не даведаўся, «ці суд гэта, ці нешта іншае»


Па словах бацькі асуджанай журналісткі, адвакат «цалкам разбіў абвінаваўчую частку», але пракурор за дзень да прысуду папрасіў на два гады больш, чым прасіў за два тыдні да таго.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Белсат

У Гомельскім абласным судзе 3 жніўня суддзя Мікалай Доля агучыў прысуд журналістцы TVP Ірыне Слаўнікавай: 5 гадоў калоніі за «Арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім».

Бацька Ірыны Аляксандр Слаўнікаў распавёў TVP, што разам з жонкай прыехаў 3 жніўня ў суд. Каля 10 блізкіх і сяброў Ірыны патрапілі ў залу і пачулі прысуд. Працэс быў закрытым, да прысуду ён бачыў Ірыну ў судзе толькі ў тыя імгненні, калі адчынялі дзверы залы суда.

«Ірына выглядае добра, але калі яна ўбачыла маці, абедзве ўсплакнулі, – распавядае Аляксандр. – Ірына стараецца быць бадзёрай, але яна вельмі бледненькая – натуральна, на нервах. Але разам з тым яна трымаецца вельмі добра».

Бацька дадае, што дачка заўсёды добра выглядала, «трымала марку», таму спецыяльна прасіла бацькоў перадаваць свежую вопратку – і каб не паказвацца людзям у турэмнай вопратцы, і каб адчуваць пахі дому.

«Мы папросту разадраныя, – кажа бацька Слаўнікавай. – Думаем пра тое, што наша дачка з 30 кастрычніка знаходзіцца ў засценках, на нарах. Што з 3 чэрвеня па 23 ліпеня яна нават не мела магчымасці схадзіць у цёплы душ. Можаце ўявіць сабе, што гэта такое? Мы пакутуем і плачам».

Аляксандр быў на тым працэсе сведкам і казаў суду: калі лічаць, што яго дачка здзейсніла злачынства, чаму закрылі суд? Ён казаў, што суд закрылі, каб ніхто не даведаўся, «ці суд гэта, ці нешта іншае». Таксама ён нагадаў суду, што судзяць як «экстрэмістку» дачку кадравага афіцэра, унучку ветэранаў Другой сусветнай вайны, узнагароджаных медалямі і ордэнамі партызана (дзед па бацьку) і лётчыка (дзед па маці), праўнучку расстраляных нацыстамі.

Hавiны
TVP: Журналістку Слаўнікаву асудзілі за выкананне прафесійнага абавязку і следаванне працоўнай этыцы
2022.08.03 17:22

Ён успамінае: калі суддзя спытаў Ірыну, ці зразумелы ёй прысуд, яна адказала пытаннем: «А вам зразумелы?». Вырак яна ўспрыняла «стойка, як належыць чалавеку, які мае гонар і годнасць, і разумее, што судзяць яе без віны». Паводле яго словаў, Ірына сама спачувае блізкім, якія за яе перажываюць. На судзе яна паказала яму падняты кулак: знак «трымайцеся, усё будзе добра».

Што менавіта было на судзе, Аляксандр не ведае, але перадае словы адвакату: доказнай базы супраць яго дачкі зусім няма, абвінавачванні надуманыя. Адвакат, кажа Аляксандр, выступаў чатыры гадзіны і «цалкам разбіў абвінаваўчую частку».

«Па гэтай прычыне я лічу, што такія працэсы, якія праходзяць у закрытым рэжыме, кажуць пра тое, што ў абвінавачванні няма фактаў, якія б наўпрост даказвалі віну чалавека», – перакананы бацька Слаўнікавай.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што за два тыдні да абвяшчэння прысуду абвінаваўца патрабаваў 4 гады, а за дзень да прысуду, калі Слаўнікава павінна была прамаўляць апошняе слова, раптам запрасіў 6 гадоў. Што магло адбыцца за гэтыя два тыдні і што новага можна было знайсці ў справе, ён не ведае, але лічыць дзіўным такое змяненне.

Артыкулы
Яна сабе не здраджвае: пра што піша журналістка Ірына Слаўнікава з-за кратаў
2022.08.03 08:00

belsat.eu

Стужка навінаў