Дэмсілы ствараюць рэестр канфіскаванай маёмасці. Як яе будуць вяртаць і ў каго забяруць


Планы ўладаў адабраць маёмасць у палітычных апанентаў, якія выехалі з Беларусі, набіраюць усё новыя абароты. Колькасць тых, у каго яна арыштаваная, ідзе ўжо на сотні асобаў, і спыняцца на гэтым улады, відаць, не збіраюцца. У сваю чаргу, дэмакратычныя сілы распрацоўваюць інструменты, каб вярнуць канфіскаванае законным уласнікам, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца на лепшае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Блок «Еўрапейскі выбар» рыхтуе рэзалюцыю Каардынацыйнай рады, згодна з якой будзе распрацаваны Закон «Аб парадку і ўмовах аднаўлення правоў уласнасці грамадзянаў на захаваную нерухомасць, а таксама на выплату кампенсацыяў». У падмурак новых прапановаў лёг закон Літвы ад 1994 года, паводле якога да 2001 года ўласнікам вярталася іхная маёмасць, канфіскаваная савецкімі ўладамі.

Дакумент дэ-факта пашырае і ўдакладняе Канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі, якую ў 2023 годзе прэзентаваў Офіс Святланы Ціханоўскай і ў якой абвяшчаецца вяртанне канфіскаванай маёмасці пасля змены ўлады ў Беларусі. У тым ліку ў выпадку, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе.

Навінкай праекту рэзалюцыі ёсць тое, што ён ужо цяпер прапаноўвае стварыць адзіны рэестр асобаў, у каго з палітычных матываў канфіскавалі або арыштавалі нерухомую маёмасць. Мяркуецца, што з яго дапамогай грамадзяне, незаконна пазбаўленыя нерухомай маёмасці, змогуць падаць заяву на аднаўленне правоў уласнасці.

Як растлумачыў «Белсату» Артур Фінькевіч, сябра Каардынацыйнай рады і адзін з распрацоўнікаў праекту рэзалюцыі, дакумент закранае маёмасць, якой людзі былі пазбаўленыя з палітычных прычынаў пачынаючы ад 1996 года. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра жылую маёмасць, але таксама пра фірмы, прадпрыемствы, участкі і гэтак далей.

А вось для асобаў, якія купляюць незаконна канфіскаваную маёмасць, ніякіх кампенсацыяў не будзе прадугледжана. Тых жа, хто арганізоўвае і бярэ ўдзел у палітычна матываваных працэсах для канфіскацыі маёмасці, наагул плануюць прыцягнуць да адказнасці.

Як расказаў Фінькевіч, гэты дакумент мае трох адрасатаў:

«Першы – гэта людзі, якія цярпяць, каб яны адчувалі падтрымку і тое, што гэтыя факты злачынства зафіксаваныя, што пры змене сітуацыі ў Беларусі будзе кампенсацыя за іх нерухомасць: або грашовая, або фактычна яна сама будзе вернутая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Другі адрасат – гэта ўлады, якім трэба паказаць, што іх дзеянні фіксуюцца і адказнасць у любым выпадку будзе.

І трэці – гэта тыя людзі, якія могуць патэнцыйна хацець набыць канфіскаваную нерухомасць з аўкцыёнаў з вялікім дысконтам ад рынкавага кошту. Трэба паказаць ім, што сваё шчасце немагчыма пабудаваць на чужым горы і што трэба правяраць аб’ект нерухомасці, калі яго набываеш, асабліва ў сённяшніх умовах».

Як будзе працаваць рэестр

Папаўняць рэестр плануецца на падставе адмысловых зваротаў грамадзянаў, бо нельга «прымаць за іншых людзей рашэнні», сказаў Фінькевіч. На ягоную думку, з дапамогаю гэтага рэестру нават агенцтвы маглі б правяраць абʼекты нерухомасці перад продажам на тое, ці не былі яны раней канфіскаваныя з палітычных матываў і ці магчымае ў будучыні прызнанне ўгодаў куплі нікчэмнымі.

«Для агенцтваў таксама ёсць пэўныя рызыкі, у тым ліку маёмасныя. Яны былі б таксама зацікаўленыя ў тым, каб спраўджваць абʼекты нерухомасці перад іх продажам ці купляй іх патэнцыйнымі кліентамі», – адзначыў Фінькевіч.

Праўда, рэестр, прынамсі пакуль, рабіць публічным не плануецца. Доступ да яго прапаноўваюць даваць агенцтвам на пэўны запыт, а таксама праваабаронцам і спецыялістам, якія «будуць працаваць у гэтым кірунку».

Разам з тым існуе імавернасць, што ўлады Беларусі прызнаюць гэты рэестр экстрэмісцкімі матэрыяламі, а запыт на доступ да яго – спрыяннем экстрэмісцкай дзейнасці. У такім разе Фінькевіч раіць «шукаць магчымасці бяспечнага запыту», каб высветліць гісторыю аб’екту.

Каментар
Кватэру журналіста Змітра Казакевіча канфіскуюць: «Рана ці позна я вярну свой дом»
2024.05.21 20:21

Няведанне не пазбаўляе ад адказнасці

Тыя ж, хто не захоча спраўдзіць гісторыі аб’екту нерухомасці перад яго набыццём, рызыкуе пазней пазбавіцца маёмасці, калі яна была адабраная рэжымам Лукашэнкі з палітычных матываў. Няведанне не павінна пазбаўляць ад адказнасці, мяркуе Фінькевіч.

Пры гэтым суразмоўца не выключае, што адмысловая камісія ці суд усё ж будуць разглядаць пытанне таго, ці ведала асоба перад набыццём маёмасці пра тое, што нерухомасць была канфіскаваная.

«Павінна быць прэзумпцыя невінаватасці, але ў гэтым выпадку, мне падаецца, мы павінны кіравацца ад абароны законных правоў і інтарэсаў тых людзей, якія зазналі рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму», – сказаў сябра Каардынацыйнай рады.

Асобнага разгляду патрабуюць пытанні таго, хто будзе несці адказнасць у выпадку, калі канфіскаваная з палітычных прычынаў маёмасць будзе пасля яшчэ раз прададзеная.

«Такія моманты таксама прапрацоўваюць. Звычайна, калі ёсць такі ланцужок, то цярпіць у ім апошні», – адзначыў суразмоўца.

Фінькевіч прызнаў, што ў такім разе той, хто паспеў набыць канфіскаваную маёмасць з вялікай зніжкай і пасля яе перапрадаць, у выніку можа нават «зарабіць нешта». Тады як асоба, якая будзе ўласнікам на момант зменаў у Беларусі і падачы заявы на кампенсацыю нанесенай шкоды, будзе ў «найбольш нявыгаднай сітуацыі».

«Таму тут адзіная рэкамендацыя – спраўджваць усе абʼекты нерухомасці перад купляй», – сказаў прадстаўнік КР.

Пры гэтым, на ягоную думку, мусіць быць асобны дакумент, што прадугледжваў бы адказнасць для асобаў, якія б хацелі зарабіць на перапродажы канфіскаванай маёмасці. Такі дакумент мог бы ісці ў звязцы з законам пра люстрацыю, мяркуе Фінькевіч.

Hавiны
ЕЗ асудзіў рэйды і канфіскацыю маёмасці актывістаў, якія з’ехалі з Беларусі
2024.05.20 20:38

Пацярпелых ад канфіскацыі будзе толькі больш

Улады Беларусі практыкавалі канфіскацыю маёмасці апанентаў і раней. Але найбольш маштабнай яна зрабілася пасля таго, як Лукашэнка зазнаў паразу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і ў выніку развязаў у краіне тэрор. За апошнія гады былі прададзеныя лецішча Ніны Багінскай, кватэры Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Валера і Веранікі Цапкалаў, Уладзіміра Лабковіча, дом Алены Янушкоўскай. Маёмасць вялікай колькасці дэмакратычных актывістаў і журналістаў можа быць выстаўленая на аўкцыён ужо неўзабаве – шмат у каго на яе ўжо накладзены арышт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Колькасць такіх кватэраў і дамоў толькі павялічваецца. У канцы траўня Следчы камітэт паведаміў, што пачаў крымінальныя справы ў дачыненні 257 кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду. Перад тым крымінальныя справы былі заведзеныя ў дачыненні больш як 200 беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў акцыях за мяжою. У абодвух выпадках улады падкрэсліваюць, што на беларускую маёмасць падазраваных накладаецца арышт «для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі стратаў, у тым ліку ў рамках спецыяльнага вядзення».

Дый самаабвешчаны кіраўнік Беларусі наўпрост заяўляў, хоць і супярэчачы самому сабе, што маёмасць палітэмігрантаў на радзіме будзе канфіскаваная:

«Не забывайце, што ў вас нейкая маёмасць тут ёсць. Раю ўжо забыць пра гэтую маёмасць».

Разам з тым, Фінькевіч не выключае, што вядомыя на гэты момант аб’ёмы канфіскаванай маёмасці – гэта толькі вяршыня айсбергу. Гэтак, з прычыны лукашэнкаўскага ўказу № 278 ад 4 верасня 2023 года, які скасаваў дзеянне замежных даверанасцяў, шматлікія беларусы не здолелі своечасова ўступіць у спадчынныя правы, бо не маглі цягам шасці месяцаў пасля смерці блізкага чалавека зʼявіцца на тэрыторыі Беларусі для афармлення дакументаў. Чым далей, тым больш беларускіх эмігрантаў, у тым ліку непалітычных, будуць сутыкацца з абмежаваннямі ў дачыненні маёмасці.

«Гэтая зʼява можа быць у перспектыве сапраўды масавай, бо калі чалавек не можа вярнуцца ў Беларусь і калі даверанасці, выдадзеныя ў іншых краінах, не дзеюць на тэрыторыі Беларусі, калі кансулаты не працуюць, то колькасць такіх людзей будзе толькі павялічвацца», – кажа Фінькевіч.

На ягоную думку, менавіта на гэта і мог быць накіраваны ўказ № 278, «каб канчаткова адрэзаць людзей, якія выехалі, ад радзімы, у тым ліку маёмасна, а з іншага боку – па магчымасці пазбавіць нерухомасці і папоўніць бюджэт».

Аднак пагрозы вярнуць канфіскаваную маёмасць пакуль не спыняюць пакупнікоў.

Аналітыка
Вы палітэмігрант і на вашую маёмасць наклалі арышт? Можаце ўжо не плаціць за камуналку
2024.03.20 17:25

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў