Некалькі смяротных прысудаў: якія законы парушыў Лукашэнка і што яго чакае на сумленным судзе


За амаль 28 гадоў існавання рэжыму Лукашэнка паспеў парушыць шмат законаў і сабраў ужо ўсе магчымыя крымінальныя артыкулы.

Калі ўважліва паглядзець заканадаўства і суаднесці яго са словамі і дзеяннямі самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, складаецца ўражанне, што ён проста гартае Крымінальны кодэкс і прыдумляе, што б яшчэ зрабіць, каб прыплюсаваць сабе чарговы артыкул. Забойствы, выкраданне людзей, катаванні, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, карупцыйныя злачынствы, экацыд, акты тэрарызму, паветранае пірацтва (так-так, вы не недачулі) і іншыя – агулам яго «калекцыя» цягне ўжо на некалькі смяротных пакаранняў. Расказваем, што чакае Лукашэнку пасля яго сыходу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

2020 год і злачынствы супраць чалавечнасці

Бадай, самыя балючыя і свежыя для большасці беларусаў злачынствы былі здзейсненыя пасля падзеяў жніўня 2020 года. Маштаб пераследу нязгодных з рэжымам, гвалту і катаванняў з боку сілавікоў, парушэнне правоў чалавека, якое працягваецца дагэтуль, – беспрэцэдэнтныя ў гісторыі сучаснай Беларусі. Улады праводзяць у жыццё палітыку, накіраваную на знішчэнне любога іншадумства. Лічбы ўражваюць: 40 тыс. чалавек былі арыштаваныя, тысячы – зазналі катаванне ў пастарунках і за кратамі, 16 асобаў загінулі, закрытыя ўсе незалежныя медыі і 275 некамерцыйных арганізацыяў, дзясяткі тысяч беларусаў звольненыя з працы праз палітычныя матывы.

Прававы дэфолт, забойствы, дэпартацыя, жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды, катаванне, пераслед любой групы паводле палітычных, расавых, нацыянальных матывах ды іншыя бесчалавечныя дзеянні, звязаныя з наўмысным прычыненнем моцных пакутаў або шкоды здароўю. Усе гэтыя факты носяць масавы, сістэматычны і арганізаваны характар і юрыдычна могуць трактавацца як злачынствы супраць чалавечнасці. Такім чынам, падпадаюць пад міжнароднае заканадаўства. Лукашэнка адкрыта заяўляў, што асабіста аддаваў загады на задушэнне пратэстаў, а значыць, фактычна прызнаўся ў сваіх злачынствах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг на знак падтрымання дзейнага кіраўніка краіны на плошчы Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У студзені супраць Лукашэнкі і суўдзельнікаў падалі заяву ў Гаагскі суд па падазрэнні ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці. Юрысты і праваабаронцы падрыхтавалі 160 старонак прававога абгрунтавання і 40 000 старонак доказных дакументаў у дадатку.

У беларусаў добрая памяць

Але гэтыя злачынствы – далёка не ўсе грахі Лукашэнкі. Ён і ягоная каманда, як перакананыя лідары беларускай апазіцыі, праваабаронцы і спецдакладчык ПАРЕ Хрыстас Пургурыдыс (Χρίστος Πουργουρίδης), датычныя да фізічнага знішчэння сваіх палітычных апанентаў. Гаворка пра «эскадроны смерці»: выкраданне і забойства людзей, здзейсненыя групай асобаў на загад найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Гэтак, увесну і ўвосень 1999 года ў Менску бясследна зніклі экс-кіраўнік МУС генерал Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. 7 ліпеня 2000 года таксама бясследна знік тэлеаператар Зміцер Завадскі. Справа аб знікненні Завадскага дайшла да суда, але што стала са Змітром, афіцыйна не ўсталявана. Але гэтыя злачынствы не забытыя і не маюць тэрміну даўніны.

Раптоўную смерць у 1999 годзе апазіцыйнага палітыка Генадзя Карпенкі, здольнага скласці рэальную канкурэнцыю Лукашэнкі ў барацьбе за прэзідэнцкае крэсла, шэраг даследнікаў называюць «аперацыяй ліквідацыі». Карпенку стала блага пасля выпітага падчас дзелавой размовы філіжанкі кавы.

Шмат пытанняў застаецца вакол тэракту ў менскім метро. Пакаранне смерцю Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных у выбуху, многія эксперты да гэтага часу лічаць паспешным, а абставіны трагедыі нявысветленымі. Выбух прагрымеў на станцыі «Кастрычніцкая» ў гадзіну пік 11 красавіка 2011 года, забраў жыцці 15 чалавек, сотні людзей прызнаныя пацярпелымі. Яшчэ да вынясення судовага выраку Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў следчых, якія праз дзень пасля тэракту далажылі аб раскрыцці злачынства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі акцыі памяці аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў, арганізаванай беларускімі палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі ля будынку Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2016 года.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Усе гэтыя і шмат іншых эпізодаў трэба будзе сумленна расследаваць. Важна высветліць, хто яшчэ быў датычны да злачынстваў: здзейсненыя групай асобаў, яны вымагаюць яшчэ больш жорсткага пакарання. Спадзяемся, як ні дзіўна, на КДБ: яны хоць і адданыя служкі беларускага рэжыму, але мусяць надзейна захоўваць факты злачынстваў у сваіх архівах.

Раскладаем па палічках

Фіксацыяй і дакументаваннем злачынстваў Лукашэнкі займаюцца праваабаронцы, а таксама каманда юрыстаў Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення. Разам з экспертам НАУ Арцёмам Праскаловічам разбіраемся на канкрэтных прыкладах, якія артыкулы Крымінальнага кодэксу парушыў Лукашэнка.

Арганізацыя незаконнай міграцыі і экацыд

Возьмем, да прыкладу, нядаўні міграцыйны крызіс, які, сярод іншага, закранае міжнароднае заканадаўства.

Цытата Лукашэнкі ад 22 чэрвеня 2021 года:

«Сёння яны завылі: ах, беларусы іх не абараняюць. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, наркотыкаў. Ажно з-за Атлантыкі чуваць сігнал: дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядравыя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Еўропу. Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі ўвогуле? Вы супраць нас развязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней? Вы нас інфармацыйна душыце, метадычна і калектыўна, разбураеце, спрабуеце забіць нашу эканоміку і чакаеце, што мы будзем марнаваць сотні мільёнаў долараў, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў? Толькі варʼяты могуць так думаць і разлічваць на нашую падтрымку».

Гэтае выказванне Лукашэнкі дазваляе весці размову аб наяўнасці ў яго дзеяннях шэрагу складаў злачынстваў (як мінімум замаху на іх учыненне), прадугледжаных Крымінальным кодэксам:

Артыкул 324. Пагроза небяспечным выкарыстаннем радыеактыўных матэрыялаў

1. Пагроза небяспечным выкарыстаннем радыеактыўных матэрыялаў з мэтаю прымусу дзяржаўнага органу, міжнароднай арганізацыі, фізічнай або юрыдычнай асобы да здзяйснення якога-небудзь дзеяння, або ўстрымання ад яго, або з іншымі мэтамі, калі меліся падставы баяцца гэтай пагрозы, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

2. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна або групай асоб па папярэдняй змове, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў са штрафам або без штрафу.

Артыкул 328-1. Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў

1. Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу і (або) дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў –

караецца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам ці без штрафу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

2. Дзеянне, прадугледжанае часткай 1 гэтага артыкулу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, або паўторна, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 228 і 333-1 гэтага Кодэксу, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або з выкарыстаннем гвалту да асобы, якая праводзіць мытны або ажыццяўляе памежны кантроль, або ў адносінах да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, або ў адносінах наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў у буйным памеры, –

караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў са штрафам ці без штрафу.

3. Дзеянне, прадугледжанае часткамі 1 або 2 гэтага артыкулу, учыненае арганізаванай групай, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дванаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.

Артыкул 453. Парушэнне правілаў нясення памежнай службы або ажыццяўлення памежнага кантролю

1. Парушэнне правілаў нясення памежнай службы або ажыццяўлення памежнага кантролю асобай, якая ўваходзіць у склад нараду для аховы Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, што прывяло да наступстваў, для перадухілення якіх прызначаны гэты нарад, –

караецца абмежаваннем у ваеннай службе на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

2. Тое ж дзеянне, якое пацягнула цяжкія наступствы, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Артыкул 131. Экацыд

Наўмыснае масавае знішчэнне расліннага ці жывёльнага свету, або атручэнне атмасфернага паветра ці водных рэсурсаў, або ўчыненне іншых наўмысных дзеянняў, здольных выклікаць экалагічную катастрофу (экацыд), –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў.

Акрамя гэтага, адкрытыя заявы аб немагчымасці або нежаданні выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі, пагрозы сведчаць аб парушэнні Канвенцыі аб фізічнай абароне ядравага матэрыялу і ядравых установак. У прыватнасці – артыкулу 7.

Гэтае правапарушэнне караецца кожнай дзяржавай-удзельніцай у рамках свайго нацыянальнага заканадаўства.

Акрамя гэтага, раней Лукашэнка пагражаў (і, як мы бачым, прывёў у дзеянне свае пагрозы) зніжэннем кантролю за незаконнай міграцыяй.

Артыкул 371-1. Арганізацыя незаконнай міграцыі

1. Арганізацыя або кіраўніцтва ці спрыянне дзейнасці для незаконнага ўезду ў Рэспубліку Беларусь, знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь або выезду з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзянаў ці асоб без грамадзянства (арганізацыя незаконнай міграцыі) –

караюцца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Транспартна-лагістычны цэнтр «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. 22 снежня 2021 года.
Фота: Максім Шэметаў / Reuters / Forum

2. Арганізацыя незаконнай міграцыі, учыненая спосабам, які ўяўляе небяспеку для жыцця або здароўя замежных грамадзянаў ці асоб без грамадзянства, або звязаная з жорсткім або прыніжальным для годнасці абыходжаннем, або ўчыненая паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам або без штрафу.

Прапаганда вайны і міжнародны тэрарызм

Рэгулярная агрэсіўная рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні краінаў Заходняй Еўропы і ЗША, абвінавачанне іх у жаданні развязаць вайну падпадае пад дзеянне артыкулу 123 Крымінальнага кодэксу «Прапаганда вайны»:

1. Распаўсюджванне ў любой форме поглядаў, ідэяў ці заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай (прапаганда вайны) –

караецца штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

2. Прапаганда вайны, учыненая асобамі, якія займаюць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Акрамя гэтага, у дзеяннях рэжыму (акрамя згаданых у крымінальным заканадаўстве) утрымліваюцца прыкметы такіх міжнародна прызнаваных і пераследаваных злачынстваў (замахаў на іх учыненне), як:

Артыкул 126. Акт міжнароднага тэрарызму

1. Учыненне на тэрыторыі замежнай дзяржавы або на тэрыторыі дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы замежнай дзяржавы, якія размяшчаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выбуху, падпалу, затаплення, іншых агульнанебяспечных дзеянняў або дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў ці іншых цяжкіх наступстваў з мэтай правакацыі міжнародных ускладненняў, або вайны, або дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве (акт міжнароднага тэрарызму), –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

2. Акт міжнароднага тэрарызму, учынены паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 289, 290-1 або 359 гэтага Кодэксу, або спалучаны з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, –

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкулу, учыненыя арганізаванай групай, або з выкарыстаннем абʼектаў атамнай энергіі, або з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў ці ядравых матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных, хімічных ці біялагічных рэчываў, або спалучаныя з забойствам чалавека, а таксама забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча замежнай дзяржавы з мэтай правакацыі міжнародных ускладненняў, або вайны, або дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.

Злачынствы супраць чалавечнасці і распальванне варожасці

Артыкул 128. Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва

Дэпартацыя, незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, схіленне да рабства, масавае або сістэматычнае ажыццяўленне пакаранняў смерцю без суда, выкраданне людзей, за якім ідзе іх знікненне, катаванні ці акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасцю, палітычнымі перакананнямі і веравызнаннем цывільнага насельніцтва, –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.

Артыкул 130. Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці

1. Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, –

караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тыя ж дзеянні, спалучаныя з гвалтам або ўчыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстрант трымае партрэт Аляксандра Лукашэнкі падчас Маршу недармаедаў – акцыі супраць закону аб увядзенні падатку для беспрацоўных працаздольных грамадзянаў Беларусі і пастаянных жыхароў, якія не плацяць падаткаў. Менск, Беларусь. 15 сакавіка 2017 года.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкулу, учыненыя групай асоб або якія пацягнулі праз неасцярожнасць смерць чалавека ці іншыя цяжкія наступствы, –

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.

Мы разабралі ўсяго некалькі выпадкаў, якіх насамрэч за амаль 28 гадоў набралася вельмі шмат. Кожнае злачыннае дзеянне Лукашэнкі і памагатых рэжыму фіксуецца, каб у будучыні даць ім сумленную прававую ацэнку. Але нават з гэтых прыкладаў бачна, што будучыня ў іх незайздросная.

На завяршэнне прапаноўваем 10 фактаў парушэнняў Канстытуцыі Лукашэнкам (яшчэ старой):

1. Прызначэнне прэмʼер-міністра заўсёды з наступным узгадненнем з парламентам, хаця паводле Канстытуцыі мусіць быць папярэдняе ўзгадненне.

2. Кіраўнік Нацбанку не быў перапрызначаны ўказам (але гэта Банкаўскі кодэкс). Працуе незаконна.

3. Скасаванне Найвышэйшага гаспадарчага суда, які замацаваны ў Канстытуцыі ды эфектыўна развіваўся і незалежна кіраваўся. Але Сукала захацеў усю ўладу і фінансаванне сабе.

4. Выдаў Дэкрэт аб паўнамоцтвах Савету бяспекі ў выпадку вакансіі пасады прэзідэнта, што са словаў кіраўніка адміністрацыі Сергеенкі «не супярэчыць Канстытуцыі, а дапаўняе яе».

5. Выбары папярэдняга склікання парламенту былі прызначаныя ўказам на 10 месяцаў раней. Прадугледжаны Канстытуцыяй тэрмін паўнамоцтваў парламенту – 4 гады – быў скарочаны.

6. «Дармаедскае» заканадаўства – парушэнне Канстытуцыі, бо прымусовая праца забароненая. Праца – права, а падаткі людзі выплачваюць ускосна, карыстаючыся таварамі і паслугамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

7. Увядзенне абмежавання на выезд з Беларусі (урадам, але прэзідэнт мае права адмяняць акты ўраду).

8. Прымусовае адчужэнне жылля ажыццяўляецца не ў «грамадскіх інтарэсах», як прадугледжвае Канстытуцыя, а каб дагадзіць прывілеяваным забудоўнікам.

9. Неаднаразовая змена Крымінальнага кодэксу дэкрэтамі. Пры гэтым усталёўваліся падыходы, якія ідуць уразрэз з агульнымі прынцыпамі крымінальнага заканадаўства. Напрыклад, выключэнне магчымасці датэрміновага вызвалення для абавязаных асоб (бацькі, чые дзеці ў інтэрнаце) і карупцыянераў.

10. Быў прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту ў парушэнне артыкулу 86 (прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады).

Гісторыі
Нюрнбэрг: як судзілі нацысцкіх злачынцаў і што засталося ад рэштак фашысцкай імперыі
2022.04.21 09:00
Аналітыка
Аж да смяротнага пакарання: што чакае беларускіх прапагандыстаў у судзе пасля сыходу рэжыму?
2022.04.22 09:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў