Што не так з першым падазраваным у ваенных злачынствах у Бучы – беларусам Сяргеем Калацэем?


У справе беларуса Сяргея Калацэя, якога ўкраінская Генпракуратура падазрае ва ўдзеле ў забойствах і катаваннях цывільных жыхароў у Бучы, занадта шмат невядомых і пакуль не пацверджаных фактаў, каб казаць пра вінаватасць мазыраніна. Дапускаем, што і пракуроры, і журналісты, і сведкі могуць памыляцца. Высноваў не робім.

Сяргей Калацэй. Крыніца фота: slidstvo.info

Што вядома і чаго не ведаем

З паведамленняў Генпракуратуры Украіны і ўкраінскіх СМІ стала вядома, каго падазраюць у забойствах у Бучы, і якім чынам гэты чалавек быў ідэнтыфікаваны.

  • У чым падазраецца. У парушэнні законаў і звычаяў вайны, спалучаных з наўмысным забойствам (ч. 1, 2 арт. 438 КК), учыненым 18 сакавіка 2022 года ў Бучы.
  • Каго падазраюць. Вайскоўца Федэральнай службы нацыянальнай гвардыі Расейскай Федэрацыі.
  • Як і хто яго распазнаў. Сведкі расстрэлаў, якія апазналі ўдзельніка на відэа з беларускай пошты, на якім расейскія вайскоўцы адпраўляюць нарабаваную ва Украіне маёмасць сваякам у Расею.

Пры гэтым мы пакуль нічога не ведаем ані пра доказы, якія маюцца ў следства, ані пра тое, якія паказанні давалі сведкі. Недаступныя і вынікі партрэтнай экспертызы, пра якую згадвае генпракурорка Украіны Ірына Вэнэдыктава.

Аднак тое, што сцвярджае падазраваны ва ўдзеле ў разні ў Бучы Сяргей Калацэй прымушае сур’ёзна задумацца: ці не памыляецца Генпракуратура Украіны?

Ці служыць у Нацгвардыі РФ?

Ужо 2 траўня 35-гадовы жыхар Мазыра Сяргей Калацэй заявіў:

«Я не служу ў Нацгвардыі. Вы што, зварʼяцелі?»

Потым мужчына апублікаваў допіс у «Інстаграме», у якім сцвярджае: «За межы Рэспублікі Беларусь я не выязджаў больш за два гады! З мяне зрабілі ваеннага злачынцу, хоць ніякага дачынення да ўзброеных сілаў я не маю. Так атрымалася, што нават у войску не служыў!»

Звязацца з Сяргеем пакуль не ўдаецца, але, як расказаў «Белсату» ягоны сябар Андрэй, які жыве ў расейскім Уладзівастоку, Калацэй «ніколі не служыў у войску».

«Ён шэсць гадоў ужо працуе на НПЗ (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. – Заўв. ЗК). І што, раптам нечакана стаўся вайскоўцам? У яго артэрыяльная гіпертэнзія другой ступені! Ён ніколі не служыў у войску!» – сцвярджае наш суразмоўца.

З ягоных словах, ён ведае Сяргея з 2014 года. Калацэй быў ягоным трэнерам у змяшаных адзінаборствах, а потым – сябрам. Андрэй кажа, што з 2016 года той працаваў на Мазырскім НПЗ ахоўнікам, пазней – кіраваў аховай, цяпер працуе інжынерам. Сцвярджае, што Сяргей ужо не займаецца сурʼёзна адзінаборствамі, але спартовую залу наведвае рэгулярна.

«Я сам перапалохаўся, калі да мяне дайшла інфармацыя. Пішу, Сярога, маўляў, ты што? Ну, а раптам я чагосьці не ведаю… Адначасова напісаў знаёмым, якія жывуць на раёне. «Не, – адказваюць, – кожны дзень бачым: то дзіця ў садок вядзе, то ў краме сустракаем». Спраўдзіў на працы ў знаёмых хлопцаў. Усё нармальна: чалавек працуе на НПЗ – гэта праўда на 1000 адсоткаў. Што яму, працоўную кнігу выставіць для пацверджання?» – гаворыць Андрэй.

Спраўдзіць інфармацыю ў аддзеле кадраў Мазырскага НПЗ у нас пакуль не атрымалася.

Ці адпраўляў пасылку ў Расею?

На відэа, запісаным з курʼерскага пункту СДЭК у Мазыры, сапраўды бачым Сяргея Калацэя. Ён у цывільным адзенні, ніякім чынам не кантактуе з людзьмі ў вайсковай форме, якія рыхтуюць свае пасылкі да адпраўкі.

Сяргей не адмаўляе, што 2 красавіка афармляў пасылку. Але сцвярджае, што дасылаў пакупніку ў расейскі Ульянаўск века ад уласнага аўтамабіля.

«Што датычыць адпраўленага мной века багажніка, то так, сапраўды я адправіў яго з беларускай пошты ў Расею не знаёмаму мне чалавеку! Гэта века ад майго аўта, абвестка аб продажы якога была апублікаваная яшчэ да пачатку падзеяў у г. Буча!» – піша Сяргей Калацэй.

Раніцай 3 траўня Калацэй апублікаваў скрын сваёй абвесткі аб продажы века машыны, а таксама квітанцыю аб адпраўцы з нумарам тэлефона атрымальніка Аляксандра ва Ульянаўску (абанент адбівае наш званок).

Што праўда, пазначаная дата публікацыі абвесткі – 19 сакавіка, і гэта не зусім вяжацца з заявай Калацэя, што яна была апублікаваная «задоўга да ўсіх гэтых падзеяў».

Сябра Сяргея Андрэй кажа, што века было прададзенае за 2,5 тысячы расейскіх рублёў, і яно сапраўды было знятае з «Шэўрале» Сяргея Калацэя. Даводзіць, што фотаздымак аўтамабіля, апублікаваны пазней у абвестках, быў зроблены ў «Вайбэры» яшчэ 30 жніўня 2021 года.

Скрыншот, зроблены ў «Вайбэры» Сяргеем Калацэем з фотаздымкам аўта, выстаўленым пазней у абвестках для продажу

Андрэй упэўнены ў невінаватасці свайго мазырскага сябра.

«Добра, каб апублікавалі інфармацыю пра чалавека, які рэальна датычны да тых забойстваў. А тут проста вылілі ўсё на чалавека, які жыве сваім маленькім жыццём у сваім маленькім горадзе з сямʼёй, працуе на дастаткова закрытым прадпрыемстве і трымае гэтае сваё маленькае жыццё – і на яго гэта вось звалілася, як ком на галаву», – кажа.

«Прэзумпцыя невінаватасці не працуе? І можна тыкнуць пальцам – і чалавек вінаваты? А нельга тыкнуць пальцам з доказамі? Як гэта працуе?» – пытаецца ён.

Шмат пытанняў і сумневаў

З таго, што маем на сёння са словаў Калацэя і ягонага сябра, вынікае:

  • Сяргей Калацэй не мог быць у Бучы 18 сакавіка, бо жыве ў Беларусі і не выязджаў у той перыяд з краіны (спраўдзіць у памежнікаў не маем магчымасці).
  • Не служыць у расейскай Нацгвардыі, працуе на Мазырскім НПЗ (правяраем).
  • Трапіў пад камеру на пункце СДЭК у Мазыры, бо адсылаў у РФ уласную маёмасць на продаж.

Да ўкраінскай пракуратуры шмат пытанняў. Якімі доказамі вінаватасці беларуса яна яшчэ валодае? Ці не маглі памыліцца сведкі? Ці магло б здарыцца такое, каб у падраздзяленні Нацгвардыі РФ, якое забівала людзей у Бучы, служыў двайнік ці поўны цёзка мазыраніна Сяргея Калацэя?..

Працягваем разбірацца. Калі вы маеце якое-небудзь дачыненне да гэтай гісторыі і важную інфармацыю пра Сяргея Калацэя, вельмі просім звязацца з рэдакцыяй.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў