«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы


Бізнесоўца Аляксандра Зайцава ведаюць як стваральніка кампаніі «Sohra Overseas», суўладальніка прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша» ды футбольных клубаў. Аднак Зайцаў мае дачыненне і да абарончых праектаў, звязаных з кампаніямі ў Беларусі, Латвіі ды ва Украіне. Belsat.eu у сваім расследаванні распавядае пра малавядомую частку бізнесу алігарха, набліжанага да сям’і Лукашэнкі.

Аляксандр Зайцаў.
Фота: TUT.by

Рэха арышту Зінгмана

У сакавіку 2021 года набліжаны да Віктара Шэймана бізнесовец Аляксандр Зінгман быў арыштаваны ў аэрапорце Любумбашы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК). Мясцовыя спецслужбы западозрылі ўладальніка кампаніі AFTRADE DMCC у тым, што ён меў намер прадаць зброю былому прэзідэнту краіны Жазэфу Кабілю. Але абвінавачвання Зінгману не выставілі, і пасля 12 дзён у кангалезскай турме ён быў вызвалены.

Затрыманне Аляксандра Зінгмана ў Конга.
Фота: ilsole24ore.com

Пасля гэтага бізнесовец даў інтэрвю TUT.by, дзе катэгарычна абвяргаў сваю датычнасць да гандлю зброяй, але пры гэтым узгадаў адну беларускую кампанію, да якой у кангалезскіх спецслужбаў былі пытанні:

«Кіраўнік агенцтва дзяржбяспекі ДРК сам прыйшоў у камеру і спытаў: «Містар Аляксандр, а вы вось такую кампанію ведаеце? Кажуць, вы маеце да яе дачыненне». І паказвае тэчку, на якой напісана BSVT-NT. А ў прэзентацыі кампаніі ёсць фота і тэхнікі, і зброі, і трэнінгу вайскоўцаў. Я ведаю гэтую кампанію, якая ў Беларусі валодае адпаведнай ліцэнзіяй [на пастаўку ўзбраенняў]. Але да гэтай кампаніі не маю ніякага дачынення».

Hавiны
Дыяменты, прадукцыя ВПК і пагроза перавароту. Што трэба ведаць пра арышт Зінгмана ў Конга
2021.03.31 09:00

BSVT-NT – гэта гандлёвая марка прадпрыемства беларускага ВПК «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». Адзін з уласнікаў кампаніі – фірма алігарха Аляксандра Зайцава «Sohra Overseas».

Даведка
У канцы сакавіка 2021 года «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» была перайменаваная ў ААТ «Кідма тэк». Аднак кампанія захоўвае гандлёвую марку BSVT-NT і ў публічнай прасторы застаецца вядомай менавіта пад гэтай назвай. Каб пазбегчы блытаніны, у артыкуле мы будзем выкарыстоўваць выключна старую назву, незалежна ад таго, пра які перыяд дзейнасці кампаніі ідзе гаворка.

«Белсат» накіраваў у «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» запыт з просьбай пракаментаваць інфармацыю пра тое, што спецслужбы ДРК праяўляюць да іх інтарэс. Аднак адказу мы не атрымалі.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у інтэрв’ю belsat.eu адзначыў, што можна толькі здагадвацца, чаму кангалезскія спецслужбы зацікавіліся беларускім прадпрыемствам:

«БСЗТ – Новыя тэхналогіі» – гэта арганізацыя, якая працуе цалкам легальна, пад дахам дзяржавы, і абавязаная выконваць усе міжнародныя прававыя акты ў галіне гандлю зброяй. Гэта, па сутнасці, агрэгаваны пастаўляльнік беларускага ВПК, праз яго прадпрыемствы выходзяць на вонкавы рынак. Калі здзелка заключаецца наўпрост з БСЗТ, то гэта абавязкова будуць легальныя кантракты з легальным прадаўцамі праз легальныя банкі».

Hавiны
Першая партыя беларускіх патронаў прададзеная адной з краінаў Еўропы
2020.01.10 11:38

Паводле эксперта, прадпрыемствы кшталту «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» вельмі клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, бо маюць справы з урадамі іншых краінаў, і для іх важна быць вышэйшымі за ўсялякія падазрэнні.

«Але наогул ёсць такая практыка, калі БСЗТ ды іншыя сусветныя гандляры зброяй гандлююць не наўпрост. Пасярэднікі могуць выступаць у якасці «пракладкі» паміж легальнымі дзяржаўнымі вонкавагандлёвымі аб’яднаннямі і сумнеўнымі гандлярамі. Але юрыдычна дзяржава аддзеленая ад сумнеўных прадаўцоў, якія гандлююць у раздроб па ўсім свеце».

Belsat.eu не валодае інфармацыяй, якая б сведчыла пра тое, што «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» пастаўляла зброю ў Конга наўпрост, пры дапамозе пасярэднікаў ці проста фірмаў-пракладак. Але скандал з арыштам Зінгмана стаў добрай нагодай, каб прыгледзецца да прадпрыемства ВПК, звязанага з алігархам Зайцавым.

«Прадзюсар» у беларускім ВПК

Зарэгістраваная ў 2012 годзе кампанія «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» вырабляе прыцэлы, прыборы і сістэмы назірання, займаецца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі і ракетных сістэмаў класу «паветра-паветра», а таксама распрацоўваннем новых відаў узбраення і тэхнікі.

Пісталет, распрацаваны канструктарам «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» Ігарам Васільевым. Крыніца: vpk.gov.by

Аляксандр Алесін адзначае, што кампанію «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» выконвае своеасаблівую ролю «прадзюсара» ў беларускім ВПК.

«Гэта кампанія, якая пад попыт вонкавага рынку знаходзіць у Беларусі распрацоўнікаў, дае ім заказы і фінансуе мадэрнізацыю і стварэнне новых узораў тэхнікі», – кажа ён.

Фрагмент збройнага сертыфікату «БСЗТ – Новыя тэхналогіі».
Фота: armour.gr

Як адзначае Алесін, раней дзяржаўнае прадпрыемства «Белспецзнештэхніка» гандлявала пераважна старой савецкай зброяй. Але паколькі попыт на такую прадукцыю стаў падаць нават у неразвітых краінах, то з’явілася патрэба ў распрацоўванні новых відаў зброі. Пад гэтыя задачы «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» прыцягвае не толькі дзейныя дзяржпрадпрыемствы ВПК, але і венчурныя праекты з выкарыстаннем рэсурсаў іншых галінаў эканомікі, у тым ліку прыватных кампаніяў.

«БСЗТ – Новыя тэхналогіі» вельмі ўдала злучылі ў сабе інтарэсы не вельмі багатых спажыўцоў і магчымасцяў нашага ВПК», – канстатуе Алесін. Унёсак гэтай кампаніі ў развіццё ВПК эксперт лічыць «досыць вялікім».

РСЗА «Флейта», распрацоўванне «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». Крыніца: vpk.gov.by

За апошнія гады «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» прэзентавала шэраг амбіцыйных праектаў: ЗРК «Трыа», РСЗА «Флейта», рабатызаваныя баявыя комплексы, а таксама пісталет і снайперскую вінтоўку беларускага канструктара Ігара Васільева. А ў 2018-м кампанія запусціла ў Аршанскім раёне першую ў Беларусі вытворчасць патронаў. Там жа плануецца арганізаваць вытворчасць бронемашынаў і супрацьтанкавых кіраваных ракетаў.

Рабатызаваны комплекс «Вістл», распрацоўка «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». Крыніца: vpk.gov.by

Алесін кажа, што далёка не ўсе распрацоўванні кампаніі ідуць у серыйную вытворчасць, але попыт на замежных рынках на гэтую прадукцыю можна лічыць даволі высокім.

«У плане паспяховасці суадносіны дзесьці 60 % на 40 %. Гэта значыць 40 % не знаходзяць свайго развіцця ў галіне серыйнай вытворчасці. Але гэта вельмі добры адсотак. Звычайна ў свеце суадносіны адваротныя. Так што выхад на серыйную вытворчасць дастаткова высокі», – падкрэслівае эксперт.

Арабская кампанія

Дырэктар кампаніі – Аляксандр Балігатаў, экс-намеснік міністра абароны Беларусі. У публічнай прасторы «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» пазіцыянуецца менавіта як дзяржаўная кампанія, «дачка» прадпрыемства «Белспецзнештэхніка», што займаецца экспартам зброі і вайсковай тэхнікі. Але дэ-юрэ гэта не зусім так. У афіцыйных рэестрах форма ўласнасці пазначана менавіта як «прыватная». Сярод заснавальнікаў сапраўды фігуруе дзяржаўная «Белспецзнештэхніка», але два іншыя ўласнікі – гэта кампанія «Sohra Overseas» з ААЭ і фірма «Электраоптыка» з Латвіі.

Фрагмент выпіскі на кампанію «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» з сэрвісу kartoteka.by

«Sohra Overseas» – адзін з асноўных актываў алігарха Аляксандра Зайцава. У 2000-х Зайцаў быў «непрыкметным клеркам» у апараце Савету Міністраў, а таксама, паводле СМІ, працаваў памочнікам Віктара Лукашэнкі. А потым сышоў у камерцыйны сектар і за кароткі тэрмін стаў адным з самых уплывовых алігархаў краіны – нароўні з Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вараб’ём. Зайцава лічаць асобаю, набліжанай да Віктара Лукашэнкі, які да 2021 года ўваходзіў у Савет бяспекі і быў памочнікам свайго бацькі ў справе нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Зайцаў і Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот з відэа YouTube / Информационное агентство БелТА

Бізнес Зайцава ледзь не з самага пачатку быў завязаны на ААЭ – ён рэзідэнт гэтай краіны з 2008 года. Ягоная кампанія «Sohra Overseas» пазіцыянуе сябе як асноўны пастаўляльнік цывільнай прадукцыі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў у краіны Персідскай затокі і Афрыку.

У гэтым будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай размяшчаецца офіс менскага прадстаўніцтва кампаніі «Sohra».
Фота: Belsat.eu

Цікава, што «Sohra Overseas» зарэгістраваная ў СЭЗ Джэбэль-Алі, якая дэ-факта з’яўляецца афшорнай зонай. Кампаніі там пазбаўленыя абавязку сплочваць падаткі (у тым ліку адпрыбытовы падатак для фізічных асобаў), імпартныя і экспартныя мыты, а таксама маюць магчымасць стоадсоткавага вываду капіталу з краіны. Пры гэтым ім гарантуецца таямніца звестак пра рэальных уласнікаў і бенефіцыяраў кампаніяў. У 2019 годзе Нацбанк Беларусі ўключыў ААЭ ў спіс краінаў, дзе існуе высокая імавернасць правядзення незаконных фінансавых аперацыяў адмывання грошай.

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49

Латышскі ноўнэйм

Што датычыць «Электраоптыкі», то яна больш падобная да фірмы-пракладкі. Паводле бізнес-рэестру Латвіі, кампанія займаецца «інжынернай дзейнасцю і тэхнічнымі кансультацыямі», але ў адкрытых крыніцах ніякай інфармацыі пра іх паслугі няма. Фінансавыя паказнікі «Электраоптыкі» вельмі сціплыя: статутны капітал складае € 2845, грашовы абарот у 2020 годзе не дасягнуў і € 110 000. Офіс фірмы – суўладальніцы аднаго з асноўных прадпрыемстваў ВПК Беларусі, месціцца ў звычайным жылым доме ў курортным горадзе Юрмала.

Фрагмент выпіскі наконт кампаніі «Электраоптыка» з сэрвісу lursoft.lv

Уласнікі «Электраоптыкі» – два грамадзяніны Латвіі: 99 % належыць Марксу Блатсу, а яшчэ 1 % – Анжэле Шакінай. Журналісты і прадстаўнікі бізнес-асяроддзя Латвіі, з якімі размаўляў belsat.eu, у адзін голас кажуць: ні пра «Электраоптыку», ні пра Блатса і Шакіну яны ніколі не чулі.

Паводле рэестраў, «Электраоптыка» – гэта адзіны бізнес у Латвіі, да якога меў дачыненне 59-гадовы Блатс. 53-гадовая Шакіна калісьці ўваходзіла ў раду дырэктараў дробнай кампаніі SNAI, ліквідаванай два гады таму. Больш ніякай інфармацыі пра гэтых людзей у адкрытых крыніцах няма.

Атрымаць каментар спадара Блатса мы не змаглі. Па кантактным тэлефоне «Электраоптыкі», указаным у бізнес-рэестрах Латвіі, карэспандэнту belsat.eu спачатку заявілі, што ён памыліўся нумарам, і такой фірмы тут няма. Але потым слухаўку ўзяла жанчына, якая назвалася бухгалтаркай «Электраоптыкі». Яна паведаміла, што Блатс і Шакіна цяпер перабываюць за межамі Латвіі, а каментары наконт дзейнасці фірмы могуць даваць толькі яны.

Дочка мільянеркі і былы намеснік дырэктара «Украбаронпраму»

Маркс Блатс таксама з’яўляецца партнёрам Зайцава па бізнесе ва Украіне: яны суўладальнікі кампаніі «Мілтэк-с». Паводле дакументаў, асноўны від дзейнасці гэтай фірмы – вытворчасць зброі і боепрыпасаў. Пры гэтым у якасці канчатковага бенефіцыяра пазначаны якраз спадар Блатс.

Фірма «Мілтэк-с» паўстала яшчэ ў 2003 годзе, спецыялізавалася на аперацыях з нерухомасцю і ўваходзіла ў групу кампаніяў «Петрус», якую ўзначальваюць Людміла Русаліна і Мікалай Пятрэнка. Сам холдынг спецыялізуецца на гандлі алкаголем, кандытарскімі вырабамі, касметыкай, а таксама на аперацыях з нерухомасцю.

Памочнік Віктара Лукашэнкі кінуў адзін футбольны клуб і узяў іншы
Аляксандр Зайцаў.
Фота: pressball.by

Першыя 12 гадоў свайго існавання «Мілтэк-с» ні да Беларусі, ні да ўзбраення ніякага дачынення не меў нават фармальна. Але ў 2016–2017 годзе ў кампаніі адбываецца сапраўдная рэвалюцыя: «Мілтэк-с» змяняе від дзейнасці на «выраб зброі», а ў склад уласнікаў уключаюць дачку ўладальніцы холдынгу «Петрус» Валерыю Русаліну, экс-намесніка дырэктара канцэрну «Украбаронпраму» Максіма Глушчанку, фірму «Электраоптыка», а таксама Аляксандра Зайцава і Алега Сільвановіча.

Фрагмент выпіскі на кампанію «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» з сэрвісу kartoteka.by. Алег Сільвановіч быў дырэктарам кампаніі цягам 7 гадоў

Сільвановіч на той момант – дырэктар «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». Ён жа быў адным з уласнікаў менскай кампаніі «ТЭМО», якая ў 2012 годзе разам з «Белспецзнештэхнікай» і заснавала «БСЗТ – Новыя тэхналогіі».

Фрагмент выпіскі на кампанію «ТЭМО» з сэрвісу kartoteka.by

А ў 2015 годзе Сільвановіч быў партнёрам Зайцава па афіляванай з «Sohra Overseas» кампаніі «Сцісха», якая ў сваю чаргу таксама некаторы час уваходзіла ў склад уласнікаў «ТЭМО».

Максім Глушчанка.
Фота: www.facebook.com/Maxim.Glucshenko

Максім Глушчанка – сын украінскага банкіра Міхаіла Гойхмана, які ў сваю чаргу быў дарадцам у паплечніка Януковіча Сяргея Арбузава. У часы Януковіча Максім Глушчанка зрабіў проста казачную кар’еру ў дзяржсектары. У 27 гадоў, не маючы ніякага досведу працы ў ВПК, ён стаў намеснікам дырэктара Канатопскага авіярамонтнага заводу «Авіякон», стратэгічнага прадпрыемства для ўкраінскай абароннай сферы. А ў 30 – намеснікам дырэктара канцэрну «Украбаронпрам», дзе курыраваў экспарт вайсковай прадукцыі. Ягоная дзяржслужба скончылася разам з прэзідэнцтвам Віктара Януковіча, пасля чаго ён заняўся бізнесам і грамадскай дзейнасцю.

«Пракладка» ў вёскі Праліскі і тэндары Нацпаліцыі

У публічнай прасторы звестак аб прадукцыі і гешэфтах «Мілтэк-с» няма, у адкрытых тэндарах кампанія ніколі ўдзелу не брала. Пры гэтым «Мілтэкс-с» мае юрыдычны адрас у вёсцы Праліскі Кіеўскай вобласці па месцы масавай рэгістрацыі кампаніяў – на гэты адрас завязаныя адразу 38 фірмаў. Вельмі часта такія акалічнасці сведчаць пра тое, што кампанія насамрэч не вядзе рэальнай дзейнасці. Гэтую здагадку belsat.eu пацвердзілі па кантактным нумары «Мілтэк-с», пазначаным у рэгістрацыйных дакументах.

«Кампанія не працуе ўжо шмат гадоў і такім відам дзейнасці (вытворчасць зброі і боепрыпасаў. – Заўв. belsat.eu) яна не займаецца. Імаверна, кампанія і не працавала ніколі», – заявіла нам жанчына, якая назвала сябе прадстаўніцай «Мілтэк-с».

Спіс асобаў, звязаных з «Мілтэк-с». Крыніца: youcontrol.com.ua

– Якую ролю спадар Зайцаў выконваў у кампаніі «Мілтэк-с»? – пацікавіўся belsat.eu.

– Не маю ўяўлення.

– А навошта наагул стваралася кампанія, калі яна насамрэч ніколі не працавала?

– Я не гатовая адказаць на гэтае пытанне. Імаверна, нейкія мэты былі.

Несумненна, раптоўнае з’яўленне ва ўкраінскай кампаніі-пустышцы Зайцава, Сільвановіча і Блатса не магло быць выпадковым. Хутчэй за ўсё, «Мілтэк-с» спатрэбіўся ім у якасці фірмы-пракладкі. А паколькі гэтая тройца мае дачыненне да «БСЗТ – Новыя тэхналогіі», то лагічна выказаць меркаванне, што і аперацыі, дзеля якіх яны ўвайшлі ў склад уласнікаў «Мілтэк-с», звязаныя якраз з гэтым беларускім прадпрыемствам. Але што гэта за ўгоды – можна толькі здагадвацца.

Цікава, што Зайцаў і Блатс суўладальнікі яшчэ адной фірмы ва Украіне: «Sigma Technology» (55 % належыць «Электраоптыцы», 10 % Зайцаву, астатнія 35 % – двум грамадзянам Украіны). Раней сярод уласнікаў фірмы быў і Алег Сільвановіч.

Фота са старонкі facebook.com/SIGMATECHNOLOGY

«Sigma», у адрозненне ад «Мілтэк-с», – рэальная кампанія. Пераважна яна займаецца пастаўкамі цеплавізараў, прыладаў начнога бачання ды аксесуараў да стралковай зброі для сілавікоў. На старонцы «Sigma Technology» ў «Фэйсбуку» паведамляецца, што кампанія як сама вырабляе цеплавізары і прылады начнога бачання, так і пастаўляе прадукцыю замежных фірмаў – з Нямеччыны, Ізраілю, Сінгапуру і Турэччыны.

 

Апошнія тэндары, у якіх брала ўдзел «Sigma Technology». Крыніца: youcontrol.com.ua

Пачынаючы з 2018 года «Sigma» рэгулярна перамагае на дзяржаўных тэндарах. Гаворка ідзе пра пастаўкі розным рэгіянальным упраўленням Нацпаліцыі Украіны аксесуараў для сілавікоў (электронных бранзалетаў, рамянёў, кліпсаў), а таксама аптычных трансфарматараў для дзяржпрадпрыемства «Фотапрылады».

Статыстыка кампаніі паводле тэндараў у 2020–2021 гадах. Крыніца: prozorro.org

У 2020–2021 гадах кампанія выйграла ўсе тэндары, у якіх удзельнічала, прычым 2/3 гэтых тэндараў адбываліся на неканкурэнтных умовах – то бок «Sigma» была адзіным удзельнікам.

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў