Менгарвыканкам абяцае, што аб’яднае роварныя сцежкі. Эксперт тлумачыць, што не так з праектам


Менскія ўлады працуюць над аб’днаннем роварных сцежак сталіцы ў адзіную сетку, заявіў старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў на тэлефоннай лініі. Такая сетка дазволіла б аматарам ровараў прасцей пракладаць маршруты па горадзе, што падвысіла б папулярнасць такога віду гарадскога транспарту. Аднак ці ёсць у Менску што аб’ядноўваць?

Канец веласцежкі ў раёне скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Менску працуюць над аб’яднаннем веласцежак у адну сетку. Пра гэта заявіў старшыня Менгарвыканкаму Уладзіміру Кухараў падчас тэлефоннай лініі.

«За апошнія гады ў сталіцы апроч магістральнай веласцежкі створаныя палосы для руху ровараў, у тым ліку адасобленыя на ходніках. Іх агульная працягласць – каля 250 км. Зараз працуем над тым, каб злучыць іх ў адну сетку, пры гэтым улічваем прапановы, што паступілі ад Менскай роварнай супольнасці, – расказаў старшыня Менскага гарвыканкаму.

Ніякіх, нават прыблізных, тэрмінаў гэтага важнага праекту ён не назваў.

Жанчына паліць, стоячы на веласцежке каля Камароўскага рынку. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Старшыня праўлення Менскага роварнага таварыства Яўген Харужы гаворыць, што ствараць інфраструктуру для ровараў трэба мэтанакіравана, а не па рэшткавым прынцыпе, як гэта часцяком бывае.

«Тое, што на плане гораду намаляванае – гэта толькі намаляванае. Недзе пабудавалі сцежкі, недзе іх няма. Пабудаваныя сцежкі – рознай якасці. Але гэта не інфраструктура. Бо паўнавартасны маршрут у нас – толькі сцяжына ўздоўж Свіслачы. Астатнія – гэта кавалкі сцежак, не злучаныя паміж сабой», – распавёў Харужы.

Эксперт падкрэслівае, што ровар – гэта, перш за ўсё, транспарт, і ён мусіць быць такой жа часткай дарожнага руху, як і ўсе астатнія віды перасоўвання: «Гэта будзе магчыма толькі тады, калі раварысту не трэба будзе прыдумляць, як перасекчы чыгунку ці даць рады з падземным пешаходным пераходам».

Веласцежка на набярэжнай ракі Свіслач. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Роварнае таварыства ў размовах з гарадскімі ўладамі не раз узнімала пытанне, ці магчыма зрабіць для раварыстаў зручныя маршруты, не мяняючы таго, што ўжо ёсць. На тэлефоннай лініі Кухараў патлумачыў, што пры будаўніцтве падземных пераходаў улічваецца шэраг фактараў, у тым ліку пытанні бяспекі пешаходаў. Для таго, каб рабіць пандусы больш пакатымі, не заўсёды хапае месца. Акрамя таго, калі на буйных магістралях, дзе вялікі паток транспарту, прадубляваць падземныя пераходы наземнымі, гэта прывядзе да коркаў.

«Роварныя сцежкі праектуюцца па тых жа самых прынцыпах, што і аўтамабільныя дарогі, – па іх мусіць быць зручна ехаць без перашкодаў. Ніхто ж не праектуе дарогу, якая пачынаецца сярод поля ці нечакана абрывацца. Чамусьці роварныя дарожкі так і робяць. Нават калі будуюць новыя дарогі ці рэканструююць старыя – там можна дадаць кампанент для перасоўвання на ровары, аднак праекты трэба здаваць як мага хутчэй, за роварныя сцежкі бяруцца па астатнім прынцыпе», – дзеліцца сваім шматгадовым болем старшыня таварыства.

Веласцежка на набярэжнай ракі Свіслач у раёне гасцініцы Юбілейная. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Інфраструктура – гэта не толькі сцежкі. Шмат у якіх краінах ровары перасоўваюцца па частцы аўтамабільнай дарогі. У Менску такое было б магчыма зрабіць не па праспектах, а на невялікіх вуліцах. Аднак сёння правілы дарожнага руху гэта не дазваляюць.

Роварнае таварыства намагалася сваімі сіламі зрабіць некалькі пілотных праектаў, якія б не канфліктавалі з рухам на аўтадарогах. Эксперты займаліся маршрутам уздоўж Сляпянскай воднай сістэмы і ў іншых месцах гораду: «Спачатку з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму было паразуменне, а калі справа дайшла да бюджэту, то нашы прапановы недзе згубіліся як не прыярытэтныя».

Веласцежка на набярэжнай ракі Свіслач. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Нават тыя праекты Роварнага таварыства, якія атрымалася ажыццявіць, з часам прыходзяць у заняпад праз адсутнасць увагі да іх уладаў гораду. Яскравы прыклад – выдзеленая паласа ўздоўж Камароўскага рынку, дзе цяпер паркуюцца машыны. «Аднак нават з запаркаванымі машынамі гэтай паласой карыстаецца да 600 чалавек на роварах, самакатах ды монаколах на дзень. Запаркаваныя машыны там вельмі перашкаджаюць і ствараюць небяспеку, але ж людзі ездзяць», – падкрэсліў Яўген.

Попыт на сцежкі расце, але няма каму яго задаволіць.

Роварыст аб’язджае машыны, прыпаркаваныя на веласцежцы каля Камароўскага рынку. Менск, Беларусь. 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«У горадзе няма выразнай транспартнай стратэгіі і няма дэпартаменту, які б гэтым займаўся. Ёсць толькі адказныя за грамадскі транспарт, хтосьці будуе дарогі, хтосьці кантралюе выкананне правілаў руху. Але няма таго, хто б адказваў за планаванне. Ёсць генплан гораду з прапісанымі накірункамі развіцця, але няма каму гэтыя накірункі выконваць, і кожны робіць штосьці па свайму разуменню, а гэтае разуменне ўва ўсіх рознае. І няма для гэтага асобнага бюджэту», – абагуліў сітуацыю Харужы.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў