Адвакат Сяргей Зікрацкі з’ехаў у Вільню


Адвакат Сяргей Зікрацкі з’ехаў з Беларусі. З 1 траўня яго часовым домам стане Вільня, паведамляе адвакат праз Facebook.

Сяргей Зікрацкі
Сяргей Зікрацкі.
Фота: Facebook

На сваёй старонцы Зікрацкі напісаў, што ў Беларусі яго пазбавілі любімай прафесіі і бізнесу, але ён спадзяецца хутка вярнуць у свабодную краіну.

«Мяне пазбавілі маёй любімай прафесіі, пазбавілі майго бізнесу. Ці павінен я гневацца і злавацца на гэтую краіну? Гневацца – так, злавацца на краіну – не. Я люблю Беларусь, і разумею, што тое зло, якое адбываецца сёння ў маёй краіне, робяць пэўныя людзі. І гэтыя людзі не маюць нічога агульнага з Беларуссю».

«Таму я не магу злавацца на Беларусь, а маю намер працягваць рабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. На жаль, у бягучых рэаліях я не магу гэтага рабіць у Менску.

З 1 траўня маім часовым домам стане Вільня.

Вельмі спадзяюся хутка вярнуцца ў свабодную Беларусь», – напісаў адвакат.

Інтэрв’ю
Сяргей Зікрацкі: «Калі пакласці на адну чашу шаляў ліцэнзію, а на другую – свабоду слова, я абяру другую»
2021.03.23 21:43

Нагадаем, што Сяргея Зікрацкага 24 сакавіка выклікалі на пераатэстацыю. У выніку камісія прызнала, што Зікрацкі недастаткова кваліфікаваны, каб у далейшым працаваць адвакатам. Пасля гэтага яго выключылі і з Менскай абласной калегіі адвакатаў, што з 31 сакавіка не дазваляе яму ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.

Сяргей Зікрацкі – адзін з найлепшых беларускіх адвакатаў, які спецыялізуецца на аўтарскім, карпаратыўным праве, інтэлектуальнай уласнасці. Апошнім часам ён выступаў абаронцам і ў палітычна матываваных справах, у тым ліку ў працэсах над журналістамі. Гэтак, менавіта Зікрацкі абараняў нашую каляжанку Кацярыну Андрэеву, якой прысудзілі два гады пазбаўлення волі, і партал TUT.by, калі яго пазбаўлялі статусу СМІ.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў