«Стаяў ззаду – 300 руб. У авангардзе – да 800». Вялікая размова з былым кантрактнікам унутраных войскаў


У дзяржаўных медыях пераконваюць, што сілавікі – апора рэжыму. Ці сапраўды ў сілавым блоку працуюць «машыны», гатовыя выканаць любы загад? Пра любоў да галоўнакамандуючага, грошы і настрой сярод байцоў «Белсат» паразмаўляў з былым працаўніком унутраных войскаў.

«У нашай краіне ты нікому не патрэбны, ты сам па сабе»

Я чалавек, які ўсё сваё свядомае жыццё працаваў у дзяржаўных установах. Апошнія 7 месяцаў служыў у адной з вайсковых частак унутраных войскаў. Я з сям’і вайскоўцаў. Падчас службы заўсёды меў добрую рэпутацыю, планавалася, што мяне ў хуткім часе забяруць на больш высокую пасаду ў штаб. Добра адукаваных людзей у нашым войску бракуе.

Фота: ТК / Belsat.eu

Апошнімі месяцамі прыйшло разуменне – у нашай краіне ты нікому не патрэбны, ты сам па сабе. Пасля выбараў адбыўся канчатковы пералом, зрабілася прыкра хадзіць на працу.

Самым цяжкім быў першы тыдзень пратэстаў, асабліва калі адключылі на тры дні інтэрнэт. Так склалася, што пасля першых масавых разгонаў я пайшоў у адпачынак. Ад усяго гэтага бруду, якім палівалі і якім прамаўляла афіцыйная прапаганда, станавілася агідна.

«Вочы ў іх былі налітыя лютасцю і крывёю»

Нашых хлапцоў амаль у поўным асабовым складзе роты, а гэта каля сотні байцоў, адпраўлялі на разгоны. Ужо тады я зразумеў, што больш там працаваць не змагу. Дайшло да спрэчак з камбатам. Я адважыўся сказаць: «У нас у краіне поўнае бяcпраўе!» Пры гэтым я нікога не зняважыў, проста сказаў, што ў краіне беспарадак і мяне гэта напружвае. У адказ мне праз 2–3 дні сталі пасылаць лісты з загадам: «Уважліва чытай агітацыйныя лістоўкі». Чытаю, а там распавядаецца, як у Менску пратэстоўцы колькасцю 12 чалавек пакалацілі ажно цэлую роту байцоў! Нават праз лісты было рэальнае адчуванне, што яны прагнуць крыві і палаюць лютасцю да пратэстоўцаў. У дасланых лістах сустракаліся дзіўныя эпітэты і метафары. Прыняў рашэнне звольніцца і больш за месяц не мог гэтага рэалізаваць. Мне трэба было вярнуць частку рэчаў, дый паводле кантракту яшчэ заставаўся тэрмін службы. За ўсё гэта трэба было выплаціць 900 рублёў са сваёй кішэні. Нягледзячы на тое, што ўсе ўмовы я выканаў, мяне не спяшаліся звальняць.

Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Пратэстоўцы ў раёне станцыі метро «Пушкінская».
Фота: Белсат

Якая была абстаноўка ў сілавых структурах пасля выбараў? Ці быў нейкі раскол?

Між намі быў пэўны падзел, але ён відавочна ніяк не праяўляўся. Да прыкладу, сядзім з хлопцамі, якія ўдзельнічалі ў разгоне ў Маладзечне, кіраўніцтва няма, начное дзяжурства, і я запытваю: «Хлопцы, а проста падыміце руку, хто за гэтага вусатага?» Ніводзін не падняў, але вось у чым парадокс: пры ўсім гэтым яны білі і гатовыя надалей біць людзей!

Сярод нас з’явіліся людзі, з якімі перасталі вітацца

Я чалавек даволі назіральны і заўважыў, што мае саслужыўцы перасталі вітацца з адным калегам. Менавіта тыя нармальныя хлопцы, якія ўсвядомілі, што яны нарабілі, і цяпер шкадуюць аб гэтым. Хоць тады яны ўсе былі пад прыцэлам, але выбар ёсць заўсёды. І ў гэтым сэнсе я іх не апраўдваю. Быў у мяне сябра-саслужывец, з якім нярэдка дзяліўся сваім пайком. Неяк селі вячэраць, асцярожна ды памалу пытаю: «Чаго гэта вы з адным такім не вітаецеся? Не магу зразумець, чаму ён ходзіць паніклы?» Сябра распавёў, што той «невітальны» персанальна біў на вуліцы Менску 40-гадовага мужыка. Збіваў з такой лютасцю, што дарослы мужык наклаў у штаны. Я развярнуўся і выйшаў, бо не змог гэтага слухаць. Саслужыўцы перасталі з гэтым кадрам стасавацца і вітацца, пачалі ігнараваць. Усе падобныя гісторыі нібы агорнутыя змрочнай таямніцай. У мяне ёсць спіс тых, хто асабліва «жарсціў». Камандзіры рабілі ўсё, каб пра такіх байцоў-«выдатнікаў» нічога не распавядалі на службе. Гэта былі людзі інкогніта. Пра іх маўчалі, нідзе не згадваліся іхныя прозвішчы, каб іх не торгалі. Таму я ўпэўнены на 100 %, што нават блізкія людзі і суседзі не ведаюць, чым займаліся і займаюцца гэтыя людзі.

На станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

З’ездзіў на разгоны і атрымаў павышэнне

Памятаю, як псіхолаг нашае роты займалася прамываннем мазгоў. Яна гутарыла з тымі байцамі, што асабліва адзначыліся, і навучала, каб не баяліся здымаць прэміі за збіццё, траціць на сябе і сям’ю, маўляў, нічога ганебнага ў гэтым няма. Ідэалагічнае апрацоўванне адбывалася штодня.

Быў у нас адзін дзівак, вельмі неахайны і няўдалы. Самае адказнае заданне, што яму давяралі, – гэта касіць траву. Ахвочых мець з ім стасункі амаль не было. Камбат пастаянна лаяўся ды называў яго свіннёй. Менавіта ён з ахвотаю з’ездзіў на разгоны пратэстоўцаў і, вярнуўшыся, атрымаў павышэнне! Быў прапаршчыкам, а атрымаў званне старэйшага лейтэнанта, адразу павышэнне праз два званні. Як такое магчыма? Прэмію пачалі штомесячную плаціць. Але былі і іншыя прыклады. Служыў з намі мужчына, што так і не ўзяў дубінкі ў рукі, прастаяў пад дрэвам усе разгоны. Ён пасля хадзіў і насміхаўся з наваспечанага лейтэнанта, запытваў, ці будзе той прастаўляцца «з лукашысцкіх грошай» за новае званне. Так і казаў: «з лукашысцкіх грошай».

Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Пратэстоўцы ў раёне станцыі метро «Пушкінская».
Фота: ЛП / Белсат

Пра заробкі і прэміі сілавікам. У нас наўпрост пыталі: «Дзе стаяў? Там стаяў?» – табе тады столькі

У нас існуе такая сістэма: навучанне ў вайсковай акадэміі залічваецца ў стаж (выслугу). Таму шмат хто ідзе ў 17 гадоў на вучобу, пасля ў войска на кантракт і ўжо ў 37 гадоў выходзіць на пенсію, пасля 20 гадоў выслугі.

Даведка

Каб атрымаць сталы кантракт, трэба мець 5 гадоў выслугі. Першы кантракт заключаецца на 2 гады, наступны на 3. Толькі пасля заключаецца кантракт, дзе прапісаныя так званыя кантрактныя – аднаразовая выплата, не прывязаная да заробку. Гэта нармальныя грошы паводле нашых мерак, каля 2–3 тыс. долараў. Шмат хто атрымлівае і адразу набывае аўтамабіль або робіць рамонт у кватэры. Здавалася б, няблага? Толькі ёсць адно але! Скасаваць кантракт датэрмінова і не вяртаць кантрактных можна толькі з важкіх прычынаў: хваробы, прафесійнай няздатнасці. Самі заробкі невысокія. Старэйшы прапаршчык зарабляў каля 300 долараў. І вось тут мы падыходзім да самага цікавага – прэміі за разгоны. Тым з унутраных войскаў, хто стаяў у карных шэрагах, акрамя заробку пачалі выплачваць прэміі. 700–750 руб. штомесяц. Тыя, хто стаяў ззаду, атрымоўвалі ад 300 да 500 руб. Авангарду плацілі да 800. Мяркую, вы разумееце: чым бліжэй стаяў, тым інтэнсіўней мог «працаваць» з пратэстоўцамі, адпаведна і ўзнагарода вышэйшая. У нас наўпрост так і запытвалі: «Дзе стаяў? Там стаяў?» – табе тады столькі.

«Усе суддзі, усе пракуроры будуць на вашым баку»

Тыя, хто ездзілі на разгоны, распавядалі, што спярша іх пашыхтавалі, каб паведаміць: можаце рабіць, што хочаце. Усе суддзі, усе пракуроры будуць на вашым баку. Гэта казалі непасрэдна іхныя камандзіры, якія, так бы мовіць, вялі ў бой. Але тыя, хто быў у калектыве, у каго была нармальная камунікацыя з калегамі, наадварот, адчувалі віну і стараліся, калі гэта было магчыма, не браць актыўнага ўдзелу ў аперацыях. Як паказала практыка, больш за ўсіх «жарсцілі» менавіта тыя байцы, якія яшчэ з падлеткавага ўзросту мелі асабовыя праблемы. Але што дзіўна, пакуль што ў тэлеграм-каналах, дзе публікуюцца спісы карнікаў, тых, хто найбольш «жарсціў», я чамусьці не знаходжу.

Датычна таго, што байцы ўжываюць наркатычныя рэчывы, я думаю, што гэта няпраўда. Прынамсі, я з такімі прыкладамі не сутыкаўся.

Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. Станцыя метро «Пушкінская», Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Народная помста? Нічога не маю супраць дэанону сілавікоў. Але такія метады змагання, як праколванне колаў аўтаў, не працуюць. Даюць рэальныя тэрміны людзям, якія спрабавалі адпомсціць. Яны – колы, а ім – тры гады? Праўда ўсё адно ўсплыве, таму калі прыйдзе час, усе прозвішчы стануць вядомыя.

«Шчаслівы, што адтуль сышоў. У жыцці назад не вярнуся». Пра кантракты і чаму ваеннаслужачыя не сыходзяць

Вы ж разумееце, што ўсе павязаныя кантрактам, паводле якога лічаць гады выслугі. Спачатку падпісваеш кантракт гадоў так на 5, пасля табе выплачваецца пэўная сума грошай. Зразумела, што калі не адпрацаваць гэтых 5 гадоў, трэба будзе вярнуць іх назад. Гэта прыстойныя сумы, некалькі тысяч долараў. І калі напачатку сродкі атрымоўваеш чыстымі, з вылікам усяго, то аддаваць трэба ўжо з падаткамі. Умоўна, за 3 тыс. долараў прыйдзецца вярнуць 4 тыс. Туды найчасцей прыходзяць маладыя хлапцы пасля войска, што адслужылі, памардаваліся пару месяцаў без працы і пастанавілі пайсці на кантракт. Яны разумеюць, што могуць апрануцца, звадзіць дзяўчыну ў клуб і не прасіць грошай у бацькоў, у якіх тых грошай часцяком гэтаксама бракуе. А тут які-ніякі заробак ды стабільнасць. Таму маладыя туды ідуць. І паводле кантракту ты завязаны на 5 гадоў і нікуды ў пэўнай сітуацыі не падзенешся. Адкуль ты возьмеш 4 тыс. долараў? Ды калі ў цябе яшчэ крэдыт на кватэру і двое дзяцей? Таму хлапцы сядзелі павязаныя і лічылі, колькі засталося да канца службы. Тыя, у каго заставалася 3–4 месяцы да канца кантракту, усе адслужылі і ўжо сышлі.

Нядаўна сустрэў свайго былога старэйшага прапаршчыка. Цяпер ён уладкаваўся працаваць ахоўнікам у казіно. У яго 20 гадоў выслугі. Распавёў: «Які я шчаслівы, што адтуль сышоў. У жыцці назад не вярнуся». Якраз у верасні закончыўся кантракт, і ён з чыстым сумленнем сышоў.

Марш герояў
АМАП затрымлівае ўдзельнікаў Маршу герояў на праспекце Пераможцаў у Менску. 13 верасня 2020.
Фота: ІА / Belsat.eu

Выбар ёсць заўсёды, нават калі няма выбару. Ці могуць вайскоўцы адмовіцца ад выканання злачыннага загаду?

Згодна з вайсковым статутам кожны абавязаны выканаць загад вышэйшага паводле звання. І толькі вышэйшы можа прызнаць загад злачынным і вызваліць ад абавязку яго выканання. То бок калі табе камандзір нешта загадвае, ты не можаш адмовіцца выконваць, пакуль іншы камандзір або той, хто стаіць над ім, не прызнае гэтага загаду злачынным. Але ж выбар ёсць заўсёды. Да прыкладу, як той мой знаёмы, што паехаў на разгоны і прастаяў пад дрэвам. Ён вярнуўся, яго шальмавалі да апошняга, але не звольнілі. У яго яшчэ на паўгода заставаўся кантракт. Цяпер існуе велізарная праблема з кадрамі, іх проста не хапае. Таму стараюцца не звальняць.

Фота: ТК / Belsat.eu

«Калі хоць на каго падымеш руку, адразу ж падаю на разжэнства». Пра стасункі ў сем’ях

Мой непасрэдны кіраўнік, старэйшы прапаршчык, ездзіў на разгоны. Згодна з маймі крыніцамі, ён сумленна прастаяў ззаду і да яго хваля гвалту не дайшла. Проста прастаялі і паехалі спаць. Ягоная жонка адразу паставіла ўльтыматум – калі хоць на каго падымеш руку, адразу ж падаю на разжэнства. Пасля пачала ціснуць, каб звольніўся. Калі я сыходзіў, ён таксама шукаў вакансіі, гатовы быў пайсці працаваць нават грузчыкам. Але былі і такія жонкі, што радаваліся здабытым прэміям і спяшаліся набыць новыя рэчы. Хтосьці катэгарычна супраць, а хтосьці яшчэ і пахваліць.

Што можа цяпер схіліць сілавікоў на бок народу? Ці маюць сэнс заклікі «міліцыя з народам»?

Не! Ніхто адтуль не сыдзе, пакуль не закончыцца кантракт. Гэта кабала! У хлопцаў за плячыма крэдыты, хоць і пад 5 %. У выплаты «ByPol» у нас не вераць. Хоць і шмат што абяцаюць, але веры не даюць. Відаць, у нас такі менталітэт – спадзявайся толькі на сябе. Так і жывём: кожны па розных баках барыкадаў. Хоць і там, і там можна знайсці людзей, што не губляюць чалавечага аблічча.

Hавiны
«Муштра разгонаў». Шчырая размова з былым салдатам унутраных войскаў
2020.12.11 08:00
Hавiны
«Тэрмін прэзідэнта Лукашэнкі скончыўся!» Ва ўзламанай пошце Чамаданавай знайшлі зварот унутраных войскаў
2021.03.24 13:42

Стэфан Глушакоў belsat.eu

Стужка навінаў