Ва Украіне засталіся каля 5 тысячаў беларускіх вагонаў, якія Кіеў не верне


Украінская чыгунка паведамляе, што цягам апошніх дзён беларускія і расейскія чыгункі пачалі звяртацца з запытам пра вяртанне грузавых вагонаў. Намеснік дырэктара дэпартаменту камерцыйнай працы ўкраінскай чыгункі Валер Ткачоў у сваім Facebook паведамляе, што вагоны агрэсарам не вернуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmir.by

Уладальнікі беларускіх і расейскіх грузавых вагонаў пачалі звяртацца ў АТ «Укрзалізныца» з просьбай аб перанакіраванні, або вяртанні рухомага саставу. Але кіраўніцтва ўкраінскай чыгункі вырашыла пакінуць гэтую маёмасць сабе.

«Гледзячы на ​​матэрыяльную шкоду, нанесеную Украіне – краіне-агрэсару (Расеі) і яе саюзніку (Беларусі); а галоўнае, улічваючы тысячы нявінных ахвяраў, забітых захопнікамі – увесь рухомы састаў, грузы і іншае НЕ вернуцца ў краіны-акупанты! Мы ніколі не даруем вам забойства нашых людзей і разбурэння нашых гарадоў і вёсак!», – адзначыў Валер Ткачоў, намеснік дырэктара дэпартаменту камерцыйнай працы ўкраінскай чыгункі.

Telegram-канал «Транспорт Минска» ўдакладняе, што цяпер ва Украіне каля 5 тысячаў грузавых вагонаў беларускай чыгункі.

«БЧ пазбаўляецца каля 5000 (ПЯЦІ ТЫСЯЧ) вагонаў. А гэта – 100 саставаў па 50 вагонаў. Вельмі шмат вагонаў».

3 сакавіка Генеральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што камандаванне 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных сілаў Беларусі атрымала загад на перасячэнне мяжы з Украінай. Генштаб піша, што пакуль войскі Беларусі не зайшлі на тэрыторыю Украіны. Беларускія вайскоўцы не жадаюць ваяваць.

Hавiны
Генштаб Украіны: Беларускія дэсантнікі атрымалі загад на ўварванне ва Украіну
2022.03.03 20:57

АФ belsat.eu

Стужка навінаў