У Менску працягваюць судзіць нашаніўцаў


У судзе Заводскага раёна сталіцы трэці дзень працягваецца судовы працэс над нашаніўцамі. Рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко пачалі судзіць 28 лютага.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко ў судзе. Здымак: чытачы / Белсат

3 сакавіка працягнуўся суд у справе нашаніўцаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко. У судзе Заводскага раёну Менску працягнулі апытваць сведкаў.

«Наша ніва» піша, што ў якасці сведкі выклікалі пашпартыстку, у якой запыталіся, ці не з’яўляюцца абвінавачаныя ёй сваякамі. Жанчына пачала пільна ўглядацца ў твары хлопцаў, але яны на гэта засмяяліся, нехта ў зале таксама засмяяўся. У выніку суддзя выдаліла ўсіх прысутных з залы суда. Такім чынам паседжанне стала фактычна закрытым.

Артыкулы
«Прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ?» – «Так. У клетцы». У Менску працягнуўся суд над нашаніўцамі
2022.03.02 16:46

Рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той жа дзень затрымалі Андрэя Дынько, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя», звязанага з «Нашай нівай», але яго вызвалілі 21 ліпеня пад падпіску аб яўцы. Спачатку ішлося аб справе паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Але, як абвясцілі на судзе, Скурко «паводле папярэдняй змовы» з Марціновічам і Дынько «з карыслівых памкненняў, меўшы задуму на нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года плаціў за камунальныя паслугі як за кватэру, паводле субсідаваных тарыфаў, а не як за офіснае памяшканне рэдакцыі, з «поўнай кампенсацыяй выдаткаў».

Шкоду налічылі «Менскэнерга» на 9866 руб. 20 кап., «Менскводаканалу» – на 250 руб. 70 кап. Гэта перавысіла 348 базавых велічыняў – таму «злачынства» кваліфікуюць як здзейсненае «ў буйным памеры».

Артыкулы
У чым абвінавацілі «нашаніўцаў», якіх паўгода трымаюць за кратамі і могуць пасадзіць на 5 гадоў
2022.03.01 00:15

АФ belsat.eu

 

Стужка навінаў