Што рабіць на Масленку ў час, калі не да святаў


Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, вайну і затрыманні, гартанне стужкі і бяссонныя ночы, варта даваць сабе хоць колькі гадзінаў адпачынку. Мы прапануем вам згадаць, што надышла Масленка. Калі маеце яйкі, муку, малако і алей, а есці ўсё адно ж трэба, дык вось выдатная нагода напоўніць хату смачным утульным пахам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

Асноўная ідэя гэтага народнага свята – смачна есці і хадзіць у госці. У прынцыпе мы можам сёе-тое дазволіць сабе і цяпер. Таму давайце пачастуем сябе, каб з меншымі псіхалагічнымі стратамі перажыць гэты час.

Наліснікі і бліны

У беларусаў ёсць столькі рэцэптаў бліноў, што можна гатаваць кожны дзень масленічнага тыдня нешта новае. Вось вам некалькі рэцэптаў, якія агорае нават самы няўпэўнены ў сабе кухар.

Ці дадаваць алей у цеста – тэма для спрэчак нават гарачэйшых, чымся пра муку ў драніках. Мы шмаруем патэльню анучкаю з алеем, але калі лянуецеся, то наліце троху алею проста ў цеста, каб не шмараваць шторазу.

УВАГА! Ліць цеста трэба на гарачую патэльню! Для тонкіх наліснікаў можна паставіць гарачыню канфоркі 8 з 10, а для тоўстых бліноў варта выбіраць 3-4, каб яны паспявалі прапячыся. Калі адразу не ўдасца – не хвалюйцеся. Усе ведаюць, што першы блін сабаку.

Наліснікі

Бераце літр малака, да яго два яйкі, лыжку цукру, чвэрць лыжачкі солі і паўтары шклянкі мукі. Мяшаеце гэта ўсё да стану, пакуль не распусцяцца камячкі, каб была аднародная вадкасць. На прагрэтую патэльню ліяце невялікім чарпаком, круціце, каб цеста раўнамерна расплылося, чакаеце, пакуль падрумяніцца адзін бок, пераварочваеце, яшчэ пару хвілінаў з другога боку – і гатова.

У наліснікі можна загортваць цёртыя яблыкі, тварог, мяса, сыр, нават сасіску закруціць. Ці проста так есці іх з сочывам або смятанаю. Гатаваць іх хутка і даволі проста.

Бліны

У беларусаў бліны тоўстыя, а наліснікі – тонкія. Бліны вымагаюць троху больш часу і пільнасці, а яшчэ іншых складнікаў. Але гэта таксама даволі простая штука, толькі верце ў свае сілы.

Максімальна самавіта будзе, калі вы расчыніце цеста на сыроватцы. Але калі вы раптам не адтоплівалі тварагу апошнімі днямі, прыдасца і кефір з крамы. Або застаялае ў вашай лядоўні скіслае малако.

На літр вадкасці варта ўзяць 2 яйкі, 2 лыжкі цукру, паўлыжачкі солі, а мукі – шчодра, каб цеста атрымалася нібы густая смятана. Усё мяшаеце да аднароднага стану, а перад выпяканнем дадаяце паўлыжачкі соды: яна пачне ўзаемадзейнічаць з кіслым малаком ці кефірам – і ў вас атрымаюцца прыгожыя пульхныя бліны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргей Бабылёў / TASS / Forum

Наліваць такое цеста варта шмат, з паўсантыметра, і сачыць, каб яно адначасова прапяклося ды не прыгарэла. Тут трэба набіць руку, і ўсё пойдзе, як з маслам. О, дарэчы, пра масла! Калі вы пашмаруеце тоўсты блін адразу з патэльні маслам, пасыплеце цукрам і складзяце гэта ўсё ў стос, будзе сапраўдны твор мастацтва.

Да бліноў выдатна пасуе смятана, сіропы, тварог. Калі вы любіце эксперыментаваць, пакладзіце лыжачку цукру і дадайце прыправаў да цеста – атрымаюцца найсмачнейшыя бліны, што ядуць з поліўкамі.

Грачанікі і аўсянікі

Ага, уявіце, нават такое ёсць. Яны могуць быць салодкімі, салёнымі і са спецыямі. Як што вы ніколі такога не каштавалі, вельмі раім у якасці новага гастранамічнага досведу. Толькі будзьце гатовыя, што на смак такія бліны-наліснікі не вельмі адрозніваюцца ад кашы – толькі форма іншая.

Раім расчыняць цеста як на наліснікі, бо бліны з грачанага ці аўсянага цеста вымагаюць большага трывання. Зусім без пшанічнай мукі не рабіце: яе клейкавіна трымае блін, каб той не развальваўся. Таму мяшайце гатункі мукі 1/3, дзе тры часткі – грачаная мука ці аўсяная.

Бліны са спецыямі – ідэальныя да полівак. А салодкія так уплятаюцца з тоўчанымі ягадамі, што можна і язык пракаўтнуць.

Бліны з мачанкаю

Гэта проста космас. Калі вы далі рады з блінамі, давайце возьмемся за страву, каб іх мачаць. Ад «мачаць» і пайшла назва мачанкі. Тут чароўная прастора для фантазіі, куды хочаце: туды бліны і мачайце. Мы вам прапануем самыя простыя і класічныя варыянты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Zhinkov Henadz / Xinhua News Agency / Forum

Мачанка з салам – для людзей з моцнаю падстраўнікаваю залозаю

Тонка кроіце сала. Калі яно любівае, з мясам – проста ідэальна. Кладзяце на патэльню, соліце і чакаеце, пакуль пачне вытоплівацца тук. Як скваркі высмажыліся да паловы, заліваеце іх смятанаю, мяшаеце, чакаеце, пакуль загатуецца, і гатова!

Мачанка мясная, лягчэйшая

Кроіце малымі кавалкамі мяса, вяндліну ці нават сасіскі, смажыце гэта на патэльні з соллю і спецыямі, а потым заліваеце смятанаю. Чакаеце, як загатуецца, і падаяце. Гэтак сама смачна, але не так тлуста.

Мачанка грыбная, амаль што дыетычная

Замяняеце сала ці мяса грыбамі! Выдатна пасуюць дрэўнавушкі (вешанкі), але і пячурыцы (шампіньёны) таксама нармальна. Крышыце, падсмажваеце з соллю хвілінаў 10, а потым дадаяце смятану. Загатавалася – гатова!

Лазанка – берасцейская лазання

А што ж вы думалі, не маем свайго адпаведніка італьянскай страве? Вось вам заданне з зорачкай – паспрабаваць зрабіць такую смакату.

Тут ёсць два хітрыкі: першы – варта напячы бліноў і не тоўстых, і не танюткіх, каб не разлезліся ў стосе, але насыціліся соусам; другі – зрабіць аднародны фарш.

Начыняць лазанку таксама можна ўсім, што ёсць у лядоўні. Вельмі смачна патушыць фарш з памідорамі, перцам і дадаць сыру ў канцы. Не выпарваць да сухога стану, каб вадкасць засталася для насычэння бліноў. Соус таксама можа быць любым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Раскладайце блін – начынне – блін – начынне – блін, потым стаўце зверху прэс (трохлітровік з вадой ідэальна пасуе), чакайце гадзіну-другую і наразайце як пірог.

Паленне пудзіла

Беларусам больш уласціва на Масленку аздабляць дрэўцы стужкамі, але і пудзіла сям-там таксама палілі. Звычайна гэта рабілі ў нядзелю. Збіралі пудзіла з рознага рыззя і падпальвалі. У вогнішча кідалі старыя рэчы, каб разам з імі спаліць усё кепскае, што адбылося за год.

Мэта свята – даць людзям станоўчыя эмоцыі і псіхалагічную разрадку. Таму ў цяперашняй сітуацыі можна дазволіць сабе паліць больш канкрэтнае, асабовае пудзіла і не чакаць нядзелі.

Калі ў вас будзе настрой, паслухайце народныя песні. Яны вельмі тэрапеўтычныя. А налета заспяваем іх на ўвесь голас.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў