Апошняга слова не было: у Горадні збіты АМАПам таксіст не прыйшоў на суд. Яго абвесцілі ў вышук


Сёння мелі прагучаць апошняе слова і прысуд Аляксею Лапу – гарадзенскаму таксісту, якога разам з сябрамі ў ноч з 11 на 12 жніўня мінулага года жорстка затрымалі ды моцна збілі амапаўцы. Яго абвінавацілі ў гвалце над сілавікамі, пракурор запытаў 3 гады зняволення і канфіскацыю аўтамабіля. Аднак на судовае паседжанне 3 сакавіка гарадзенец не прыйшоў. Тэлефон Аляксея адключаны.

Аляксей Лапа перад адным з паседжанняў.
Фота: Белсат

Суддзя Дзмітрый Кедаль прыняў рашэнне абвесціць гарадзенца ў вышук і змяніць яму захаду стрымання на «ўзяцце пад варту».

Гэта адзін з самых працяглых судоў паводле крымінальнага артыкулу 364 за апошні час: судовы працэс над Лапай пачаўся яшчэ 5 лістапада 2020 года.

Крымінальную справу паводле гэтага ж артыкулу завялі і супраць ягонага сябра, Ігара Лазавіка, які быў на пярэднім пасажырскім сядзенні падчас затрымання.

У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу – Арцём Логіш і Павел Конан.

Што здарылася

Аляксею 31 год, ён падпрацоўваў таксістам на сваім уласным аўтамабілі. У ноч з 11 на 12 жніўня пасля працоўнай змены Аляксей Лапа разам з трыма сябрамі катаўся па горадзе. Прыпыніліся на паркоўцы каля крамы на вуліцы Савецкіх памежнікаў. Калі збіраліся з’язджаць, да іх падбеглі «людзі ў чорным» і пачалі біць аўтамабіль. Ад’язджаючы, Аляксей наехаў на аднаго з іх і аднаго зачапіў. Як выявілася, гэта былі супрацоўнікі АМАПу.

– Я ў той момант наогул не зразумеў, што адбываецца. Вакол цемра, гудуць машыны, і нехта бʼе маю машыну. Бачыў толькі сілуэты людзей у чорным з палкамі ў руках. Я спалохаўся і націснуў на газ, – распавядаў на адным з паседжанняў Аляксей.

Hавiны
За наезд на даішніка пракурор просіць пакараць Аляксандра Троцкага 11 гадамі калоніі
2021.03.03 13:38

Сілавікамі быў арганізаваны план «перахоп». Група амапаўцаў блакавала аўтамабіль Лапы каля плошчы Дзекабрыстаў. Яго і трох пасажыраў жорстка выцягнулі з аўтамабіля, паклалі тварам у асфальт, заламалі рукі ды пачалі збіваць, дубінкамі і нагамі. Білі ў асноўным у твар.

Аляксей разам з сябрамі ляжаў у лужыне крыві прыкладна каля гадзіны. Мінакі пыталіся ў сілавікоў, ці трэба выклікаць хуткую, але тыя казалі, што ніякай дапамогі збітым не патрабуецца. Хуткую нарэшце выклікалі каля 00:30 прадстаўнікі Следчага камітэту, якія прыехалі на месца падзеяў.

У шпіталі Аляксей Лапа правёў амаль два тыдні. Там ён і даведаўся, што ў на яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 364 КК Беларусі: гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі. Першыя тры дні ён быў прыкуты кайданкамі да батарэі пад наглядам канваіра. Адпускалі толькі ў прыбіральню і на працэдуры. Падчас аперацыі на твары ён заставаўся ў кайданках – прыкутым да кушэткі ў аперацыйнай. Рабілі аперацыю на нос і сківіцу ў абласным шпіталі. У выніковым дыягназе: пералом верхняй сківіцы, гаймаравых пазух, скулавой косткі, носа, шматлікія гематомы.

Аляксей Лапа да і пасля збіцця.
Фота: асабісты архіў

Пасля шпіталю Аляксей звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай, у якой патрабаваў правесці праверку паводле факту ягонага збіцця амапаўцамі. Аднак справа так і не была распачатая.

Пасля ўсяго, што здарылася, Аляксей яшчэ доўга не мог ачуняць, яго дадаткова накіравалі да псіхатэрапеўта. Таксама гарадзенец прайшоў і курс фізіятэрапіі, яму зрабілі дзве аперацыі на твары.

Што казалі пацярпелыя

Згодна з версіяй абвінавачання, Аляксей Лапа не падпарадкаваўся патрабаванням міліцыянтаў, наўмысна наехаў на Логіша і зачапіў Конана, з-за чаго той упаў на калена і атрымаў пашкоджанні.

На судзе «пацярпелы» Конан заявіў, што ў той дзень, 11 жніўня, ім паступіў сігнал па рацыі, што паблізу каля кінатэатру «Кастрычнік» сабраліся людзі на несанкцыянаваным мерапрыемстве. Падʼехаўшы туды на службовым мікрааўтобусе, яны ўбачылі, што людзі пачалі разбягацца хто куды. Не выходзячы з буса, яны працягнулі патруляваць і паехалі ў бок гіпермаркету «Алмі». Там на стаянцы іхную ўвагу прыцягнуў аўтамабіль.

– Хтосьці з маіх калегаў сказаў, што пасажыр у машыне трымае бел-чырвона-белы сцяг, а таксама на шкле ёсць налепка са сцягам. Мы вырашылі праверыць людзей, ці маюць яны дачыненне да несанкцыянаванай акцыі пратэсту, – расказваў падчас суда амапавец.

З ягоных словаў, яны падбеглі да аўтамабіля, крыкнулі нешта накшталт: «Стаяць, міліцыя!» Аднак аўтамабіль працягнуў рух, з-за чаго Павел Конан упаў на далоні і «адчуў фізічны боль». Пазней у яго былі дыягнаставаныя сіняк на калене і сінякі на локці. Па медычную дапамогу амапавец не звяртаўся. Аднак ён перакананы, што абвінавачаны наўмысна ўжыў гвалт да яго.

Аляксей Лапа з адвакатам.
Фота: Белсат

Другі пацярпелы ў справе Арцём Логіш пацвердзіў паказанні свайго калегі. З ягоных словаў, яны спрабавалі спыніць аўтамабіль заклікамі «стаяць, міліцыя». Ён запэўніў, што ў гэты момант у іх руках не было дубінак, аднак на скрыншотах з відэаздымкі ў руках сілавікоў выразна відаць гумовыя палкі.

Першапачаткова пацярпелыя Конан і Логіш давалі іншыя паказанні: нібыта Лапа і ягоныя сябры стаялі ў счэпцы каля кінатэатру «Кастрычнік», выкрыквалі абразлівыя лозунгі на адрас супрацоўнікаў МУС і «Верым, можам, пераможам!». Убачыўшы сілавікоў, людзі разбегліся ў розныя бакі. Лапа і яшчэ чацвёра мужчынаў пабеглі ў бок гіпермаркету і селі ў аўтамабіль.

Адкуль такія супярэчнасці, пацярпелыя растлумачыць не маглі.

Што казалі сведкі

У якасці сведкі быў дапытаны адзін з пасажыраў таксі, знаёмы Аляксея. Вось што ён казаў:

Мы падʼехалі да крамы, выйшлі з машыны, пакурылі. Потым селі зноў у машыну і сабраліся ўжо ехаць назад, як раптам я адчуў, як за мною разбіваецца шкло. Потым былі крыкі, енкі, лаянка. Я ўбачыў краем вока толькі «чорную масу», якая біла шкло і раўла матам.

На ўдакладняльнае пытанне суддзі, што казалі яшчэ, акрамя мацюкоў, сведка адказаў:

– Выбіваецца! Бі!

– Вам не прадставіліся?

– Не, дакладна не прадставіліся. Пра тое, што гэта міліцыя, я б падумаў у апошнюю чаргу.

СП, belsat.eu

Hавiны
Кіроўца хацеў з’ехаць ад сілавікоў, якія грамілі ягонае аўта, і збіў супрацоўніка ДАІ. Яму далі 4 гады
2021.03.03 11:03

 

Стужка навінаў