Праблемы ў адукацыі, дапамога студэнтам і выкладчыкам. Чым займаецца Офіс адукацыі пры кабінеце Ціханоўскай?

Памочніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі Вольга Шпарага распавяла «Белсату» пра асноўныя кірункі дзейнасці іхнай каманды і партнёраў у падтрыманні навучэнцаў і настаўнікаў.

А таксама пра ідэалогію, гвалт ды іншыя праблемы ў цяперашняй сістэме адукацыі, якія неабходна рэфармаваць бліжэйшым часам.

Дапамога студэнтам і выкладчыкам

«Мы з партнёрамі дапамагаем студэнтам і студэнткам, а таксама настаўнікам і выкладчыкам, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Ёсць такія вялікія партнёры, як «Сумленны ўніверсітэт» і Беларуская асацыяцыя падтрымання студэнтаў (BeSSA), якія каардынуюць дапамогу, наш офіс вядзе перамовы з амбасадамі, з міністэрствамі, з Еўракамісіяй».

Група адукацыі Каардынацыйнай Рады таксама бярэ ўдзел у гэтых працэсах.

У канцы снежня адбыўся набор на праграму супрацы з Нямецкай асацыяцыяй даследавання Усходняй Еўропы (DGO) для рэпрэсаваных выкладчыкаў, якія атрымалі стыпендыю, навучанне, мажлівасць распрацаваць уласны курс і выкладаць яго ў беларускіх ці замежных універсітэтах.

Вольга Шпарага. Фота: belsat.eu

У набор трапілі толькі 20 асобаў, а з рэпрэсіямі сёння сутыкнуліся больш за сто выкладчыкаў і даследнікаў:

«Варта звярнуцца праз сайт «Сумленнага ўніверсітэту», што вы сутыкнуліся з рэпрэсіямі. І вы атрымаеце інфармацыю наконт усіх існых магчымасцяў падтрымання. З’яўляюцца новыя прапановы. Нават калі не ідзе набор на нейкую канкрэтную праграму, лепей, каб былі звесткі пра настаўніка ці выкладчыка, каб нешта маглі знайсці канкрэтна для яго».

Вялікая колькасць замежных універсітэтаў прымае беларускіх студэнтаў, адлічаных за апошнія месяцы. Некаторыя ўстановы нават працягнулі час паступлення:

«У нас ёсць такое адчуванне, што дапамогі для студэнтаў дастаткова. Толькі ў Чэхіі больш за 10 ВНУ прапаноўваюць магчымасць вучыцца і мець стыпендыю. Не з цяперашняга семестру, а, напрыклад, з восені, але і ўлетку ў іх ёсць адмысловыя курсы. А што датычыць гэтага семестру, то Ковенскі і Віленскі ўніверсітэты працягнулі свае наборы для студэнтаў і студэнтак, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі» (гэта ўсё глядзіце на нашай старонцы ў ФБ).

Гэта беспрэцэдэнтна. Такога не было ніколі, каб столькі ўстановаў былі адкрытыя для дапамогі».

Маладзёнаў з бел-чырвона-белымі сцягамі не хочуць пускаць у галоўны корпус БДУ. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Асноўныя праблемы адукацыйнай сістэмы

Вольга Шпарага перакананая, што цяпер ёсць запыт на нейкі пазітыўны сцэнар:

«Рэвалюцыя ўжо адбылася, у людзей ёсць попыт на перамены, яны хочуць вучыцца інакш і новаму. Таму мы абмяркоўваем, што можна зрабіць ужо ў цяперашняй сітуацыі».

На першай дыскусіі офісу адмыслоўцы вызначылі асноўныя праблемы цяперашніх садкоў, школаў і ўніверсітэтаў, склалі спіс: атрымалася больш за 300 пунктаў.

«Мы вызначылі тры асноўныя пытанні, з якімі будзем працаваць: гэта заідэалагізаванасць, забюракратызаванасць і нястача аўтаноміі», – падкрэсліла дарадца Ціханоўскай.

Ідэалогія ад садка да ўніверсітэту

Вольга Шпарага адзначыла, што ідэалогіяй прасякнутая ўся вертыкаль адукацыі – ад садкоў да ВНУ:

«Нават гульні, у якія бавяцца дзеці, – гэта таксама істотна. Ці святы, якія ладзяцца ва ўстановах. Былі выпадкі, калі навучэнцаў апраналі ў вайсковую форму на 9 траўня, а гэта ідэалагічны ціск. Мы будзем рыхтаваць рэкамендацыі, як магчыма пераадольваць ідэалагізацыю. Тая ж тэма Вялікай Айчыннай – гэта нагода пагутарыць не толькі пра гераізм, але і пра страты, ахвяры, салідарнасць. Уводзіць іншыя паняткі, каб дзеці задавалі пытанні. Гэта вельмі складана, але трэба такое рабіць. Бо крытычнае мысленне – найлепшыя лекі ад ідэалогіі».

Экспертка таксама адзначыла, што і бацькам варта быць актыўнымі, ствараць супольнасці і ўплываць на тое, што адбываецца ў навучальных установах. Ці ідзе ціск на гендарныя ролі: пра гэта варта размаўляць з дзецьмі і з настаўнікамі.

У справе ВНУ Вольга Шпарага адзначае:

«Ва ўніверсітэтах ёсць дысцыпліна «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы». Але гэты прадмет даволі пусты. На занятках можна задаваць пытанні і ладзіць абмеркаванні, што такое патрыятызм, што такое быць грамадзянінам. Выкладчыкі могуць задаваць гэтыя пытанні, каб у студэнтаў выхоўвалася крытычнае стаўленне».

Да гэтай жа праблемы адносіцца прымус уступаць у БРСМ і падпісваць лісты супраць санкцыяў.

Студэнты менскіх універсітэтаў падчас шэсця з нагоды пачатку навучальнага года. 1 верасня 2020 года. Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Дысцыпліна і гвалт

На погляд Шпарагі, пазбавіцца ад гвалту ў адукацыі – галоўная мэта:

«Мы бачылі гэтыя суды над студэнтамі, і прыходзілі, сведчылі выкладчыкі. Гэта жахліва і недапушчальна. У Балонскім працэсе прапісана, што свабода мае быць на ўсіх узроўнях: на выказванне сваіх меркаванняў, на даследаванні. Але цяпер усё забаронена, і сітуацыя жахлівая».

Таксама істотны бок Балонскага працэсу – інтэрнацыяналізацыя, калі людзі з розных краінаў камунікуюць, абменьваюцца практыкаю. Гэта вельмі істотна. Але Беларусь напоўніцу не бярэ ўдзелу ў гэтых працэсах.

«І нідзе ў дэмакратычным свеце няма столькі дысцыпліны, колькі ў беларускіх школах. Нам можа падацца, што гэта не праяўленне гвалту, але тыя жорсткія правілы: як табе сядзець, як табе рухацца… Гэта прыгнятае чалавека як асобу», – падкрэсліла знаўца.

Паводле яе, у школах ёсць так шмат правілаў, што дзеці проста не могуць мысліць творча і крытычна.

Чаму патрэбная аўтаномія?

«Лукашэнка 26 гадоў ствараў вертыкаль, дзе зверху проста спускаецца рашэнне, а вучні, настаўнікі і бацькі ніяк не ўплываюць на тое, што адбываецца ў школах і ВНУ. Мы будзем працаваць над тым, каб дапамагчы вярнуць галасы ўсім удзельнікам навучальнага працэсу», – патлумачыла спадарыня Шпарага.

Яна падкрэсліла, што адсутнасць аўтаноміі закранае ўсю сістэму, бо загадзя вырашана, у якія гульні бавіцца з малымі, як паказваць гістарычныя падзеі ды іншае.

«У нас ёсць адзін з планаў: зарганізаваць пляцоўкі, каб людзі маглі абмяркоўваць стасункі настаўнікаў і вучняў, як вучні самі сябе бачаць. Каб эксперты маглі дапамагчы разабрацца з рознымі пытаннямі, але ж развязвалі іх самі грамадзяне», – падзялілася планамі экспертка.

МГМ, belsat.eu

Hавiны