Грамадства патрабуе дыялог, улады могуць адказаць толькі тэрорам. Навошта патрэбны альтэрнатыўны сход


Пакуль улады рыхтуюць Усебеларускі народны сход, 136 кандыдатаў зарэгістраваліся на альтэрнатыўнай платформе. Онлайн-ініцыятыву «Сход: платформа народных прадстаўнікоў» стварылі з мэтай абраць асобаў, якія будуць прэзентаваць інтарэсы народу ў нацыянальным дыялогу. На сайце ініцыятывы адзначаюць, што ў працэсе рэгістрацыі – 259 кандыдатаў.

Усебеларускі народны сход мае адбыцца 11–12 лютага ў Менску. Чакаць, што падзея будзе важнаю для грамадства ў вызначэнні кірункаў развіцця краіны, не выпадае, лічыць палітолаг Павел Усаў.

«Гэта традыцыйны працэс, які адбываўся заўсёды пасля прэзідэнцкіх кампаніяў у Беларусі. Гэта фактычна дадатковая легітымізацыя ўнутранай палітыкі Лукашэнкі. Адзін з элементаў дэманстрацыі ягонай папулярнасці і адкрытасці да грамадства. Хоць ніколі сход не збіраўся паводле дэмакратычных прынцыпаў. Гэта была механічная галасавалка за сацыяльна-эканамічную праграму, якую павінная была праводзіць улада на чале з Лукашэнкам. З’езд быў інструментам, які першапачаткова забяспечваў палітычны пераварот у Беларусі ў 1996 годзе і забяспечваў падтрыманне Лукашэнкі ў стабілізацыі ягонай улады ў 1996–1997 гадах, калі быў першы перыяд фармавання аўтарытарнай сістэмы», – адзначае палітолаг.

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: «Белсат»

Сход будзе традыцыйна дэкаратыўным

Увага да Усебеларускага народнага сходу сёлета абумоўленая цяперашняй сітуацыяй, калі ўлада Лукашэнкі ў краіне аказалася пад пытаннем. Але і цяпер, лічыць Павел Усаў, сход не стане нейкім асаблівым і адрозным ад папярэдніх:

«Першапачаткова планавалася, што сход адбудзецца напрыканцы 2021 года і стане элементам дыялогу ды канстытуцыйных зменаў, але ў працэсе знішчэння пратэстаў і пасля таго, як уладам удалося ўзяць пад кантроль сітуацыю ў краіне, правядзенне з’езду перасунулі на сярэдзіну лютага і змянілі павестку. Сёння прэм’ер Галоўчанка заявіў, што нібыта сам сход, як і народ, падтрымлівае ідэю моцнай прэзідэнцкай улады. Мы бачым, што ўнутраная рыторыка, звязаная са сходам, адлюстроўвае стан рэчаў у краіне.

Фактычна Лукашэнку ўдалося на гэты момант здушыць пратэсты, рэалізаваць палітыку тэрору. А гэта значыць, што з’езд мае выключна дэкаратыўны фармат, які павінен пацвердзіць нязменнасць палітычнага ладу ў Беларусі».

Hавiны
У Менску з’явіцца яшчэ больш дзяржаўных сцягоў: так улады рыхтуюцца да УНС
2021.02.02 16:44

Альтэрнатыва ці не?

У сеціве онлайн-ініцыятыву «Сход: платформа народных прадстаўнікоў» называюць альтэрнатывай Усебеларускаму народнаму сходу. Але ўдзельнікі платформы лічаць гэта памылковым. Насамрэч мэта і заданні ініцыятывы зусім іншыя, кажа Віталь Каратыш, кіраўнік аддзелу даследаванняў кампаніі «Новак», кандыдат платформы:

«Дзяржаўнае мерапрыемства насамрэч ставіць перад сабою зусім іншыя мэты. Гэта галоўным чынам легалізацыя палітычных рашэнняў, што даўно прынятыя. А гэтая пляцоўка створаная для адэкватных людзей, каб на прафесійным узроўні спакойна паразважаць пра будучыню Беларусі. Я не лічу гэта палітычным інструментам, які можа нешта замяніць, не. Каб рабіць палітычныя крокі, трэба мець механізмы ўплыву. Пляцоўка ёсць, хутчэй, мазгавым цэнтрам, проста каманда неабыякавых людзей, якія не баяцца публічна выказаць сваё меркаванне. Гэта нагода для дыскусіі, падчас якой можна выпрацаваць кірункі рэформаў, якія наспелі ў краіне, і я лічу, што іх час прыйшоў. Вельмі важна, каб яны былі рэалізаваныя».

Віталь Каратыш.
Фота: Facebook

Эксперт падчас сходу мае намер агучыць прапановы ў тых галінах, якія найбольш яму знаёмыя.

«На сходзе будуць эксперты з розных галінаў. На мой погляд, наспеў час рэфармаваць выбарчую сістэму, мясцовае самакіраванне і падыход да бізнесу. Неабходна павялічыць кампетэнцыі рэгіянальных уладаў, інтэграваць Еўрапейскую хартыю мясцовага самакіравання ў адноўленую сістэму мясцовага самакіравання ў Беларусі. Гэта значыць, што на месцах павінныя вырашаць, на што будуць выдаткоўвацца мясцовыя рэсурсы, а не спускаць зверху загады пра гэта. І чым больш мы адцягваем гэты працэс, тым цяжэй нам дадуцца гэтыя рэформы. Бо самыя па сабе яны не адбудуцца», – распавёў Віталь Каратыш.

Hавiны
«Людзей больш нельга трымаць за ідыётаў». Што лідары апазіцыі кажуць пра Усебеларускі народны сход
2021.01.11 18:40

Чаму не ўдалася альтэрнатыва УНС?

Павел Усаў кажа, што онлайн-ініцыятыву «Сход: платформа народных прадстаўнікоў» сапраўды спачатку стваралі як альтэрнатыву прадзяржаўнаму Усебеларускаму народнаму сходу. Але дасягнуць пастаўленых мэтаў на першапачатковым этапе ініцыятыва не здолела.

«Планавалася якраз паказаць, што той сход, які ладзіць Лукашэнка, – фіктыўнае і фармальнае мерапрыемства, што ёсць рэальная альтэрнатыва, якую падтрымлівае большасць грамадзянаў. Асноўнаю мэтаю было заангажаваць як мага болей людзей у гэтую пляцоўку. Але, наколькі я магу сцвярджаць, рэалізаваць гэтыя мэты не ўдалося. Фактычна паказаць, што альтэрнатыўны сход ёсць рупарам грамадскасці, што на падставе галасавання можна сфармаваць нейкі ўстаноўчы сход, які прыме важныя ў палітычным сэнсе пастулаты, нейкія заявы, ці праграмы, то гэтага няма. Я думаю, што нічога істотнага са сходу не атрымаецца. Пагатоў у гэты працэс не вельмі заангажаваныя апазіцыйныя структуры, як, напрыклад, штаб Ціханоўскай, ці Народнае антыкрызіснае ўпраўленне», – падкрэслівае Павел Усаў.

На думку палітолага, адзіная палітыка, якую цяпер ладзіць дзяржава, – гэта тэрор. Але як толькі з пэўных прычынаў ён спыніцца ці зменшыцца сілавы ціск, актыўнасць грамадзянаў зноў выльецца на вуліцы ды актыўнасць атрымае розныя формы.

Hавiны
Што трэба ведаць пра шосты Усебеларускі народны сход. Топ-5 пытанняў і адказаў
2021.01.18 07:56

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў