Да 6 гадоў калоніі – выракі пяці менчукам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта


Суд Менскага раёну 3 лютага вынес прысуды ў крымінальнай справе супраць пяцярых менчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой.

Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «прапаролі шыны, запенілі мантажнай пенаю дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў», – паведамляе spring96.org.

Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства). Матэрыяльная шкода аўтамабілю склала 5222 рублі 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры ператрусе ў іхных дамах і машынах пасля затрымання: паводле ч. 1 арт. 295-3, ч. 2 арт. 296, 329 і паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Суддзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды ў гэтай справе:

31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву – ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку – ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэксу – 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

32-гадоваму работніку метро Арцёму Анішчуку – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нячыпару – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

39-гадоваму трэнеру каратэ Антону Быкоўскаму – ч. 2 арт. 339, арт. 329, ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу – 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама яны мусяць выплаціць на грошы на пазоў пацярпелага супрацоўніка МУС Аляксандра Гейца (намеснік начальніка аддзелу арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў папраўчай калоніі, ЛПП Дэпартаменту выканання пакарання МУС) на 1000 рублей, а таксама кампенсаваць маральныя страты на суму 3000 рублёў.

Менчукоў затрымалі 29 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКу і САХРу каля той самай машыны супрацоўніка. На відэа, якія распаўсюдзіла прэс-служба МУС і АНТ, відаць, што сілавікі пры затрыманні выкарыстоўвалі зброю. Згодна з паказаннямі абвінавачаных, у пашкоджанні аўтамабіля і пры затрыманні прысутнічалі каля дзевяці чалавек, на лаве падсудных – пяць чалавек. У матэрыялах справы яны фігуруюць як «нявызначаныя асобы» ці наогул адсутнічаюць. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Усіх судзілі за пашкоджанне ноччу 29 верасня групаю асобаў аўтамабіля жонкі міліцыянта Аляксандра Гейца ў Баравой. Ягора Яўстратава і Антона Быкоўскага таксама судзяць паводле дадатковых артыкулаў за знойдзеныя сродкі ды прадметы ў іх дома падчас ператрусу пасля затрымання. Антона Быкоўскага абвінавачвалі ў незаконным пасеве і вырошчванні канопляў у сваім гаражы ў Менскім раёне, а таксама за захаванне наркатычнага сродку дома. У Ягора Яўстратава пасля затрымання дома знайшлі гаручыя рэчывы. Паўла Сахарчука асудзілі за збыт Андрэю Нячыпару тэлескапічнай дубінкі, якую сілавікі знайшлі пры ператрусе машыны.

Антон Быкоўскі прызнаў віну паводле арт. 328 і 339 Крымінальнага кодэксу часткова. Ягор Яўстратаў паводле арт. 295-3 КК цалкам прызнаў віну, а паводле арт. 339 КК – часткова. Павел Сахарчук цалкам прызнаў віну. Арцём Анішчук таксама цалкам прызнаў віну, а Андрэй Нячыпар цалкам не прызнаў віну.

Ніхто з абвінавачаных раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў