Чаму Нобэлеўскую прэмію міру трэба даць менавіта Ціханоўскай

У Еўропы ёсць гістарычны шанец даказаць, што Беларусь для яе не пустое месца і не прадмесце Расеі.

Некалькі дзён таму літоўскія СМІ паведамілі, што прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа вылучыў Святлану Ціханоўскую на нобэлеўскую прэмію міру. Не вядома, ці хтосьці з еўрапейскіх кіраўнікоў і чыноўнікаў, якія сустракаліся з лідаркай беларускага дэмакратычнага руху і выказвалі словы падтрымкі, паўтарыў учынак літоўскага прэзідэнта. Даведаемся пра гэта не хутчэй чым праз 50 год, такія правілы Нарвежскага Нобэлеўскага Камітэту ў Осла.

Фота: Belsat.eu

Чаму Наўседа? Бо добра ведае, як адчувае сябе народ, ператвораны ў калонію вялікай імперыі, ведае, наколькі важна падтрымка звонку імкнення маленькага народу да свабоды. Французы, брытанцы, немцы ці іспанцы маюць іншы гістарычны досвед і іншыя ўспаміны. Не выключаю, што большасць палітыкаў, асабліва ў заходняй Еўропе, дзякуючы Ціханоўскай даведаліся, дзе на мапе ляжыць Беларусь і што гэта не частка Расеі. Яна правяла столькі міжнародных сустрэчаў з заходнімі кіраўнікамі, колькі Лукашэнка не меў за ўсю сваю «мнагастрадальную» кар’еру. Але не ў гэтым яе галоўная заслуга.

Мы ўсе памятаем Святлану Ціханоўскую з траўня 2020 году, калі яе мужа Сяргея Ціханоўскага пасадзілі ў турму. Ці верылі вы ў тое, што гэтая сціплая жанчына, з нулявым досведам у палітыцы і грамадскай дзейнасці, якая ніколі не гаварыла з журналістамі, пацягне за сабой і запаліць тысячы сэрцаў беларусаў? Верылі? А яна змагла тое, чаго не маглі прафесійныя палітыкі дзесяцігоддзямі.

Фота: ТК / Belsat.eu

Беларусы не толькі забыліся рабскае «ад нас нічога не залежыць», скінулі кайданы і выйшлі. Іх білі, калечылі, гвалтавалі і кідалі за краты, а яны выходзяць. Ужо як сёмы месяц запар. Выходзяць і вераць, што ўсё не дарма.

Звычайная жанчына, якая ведае мову звычайных людзей, вярнула беларусам веру ў сябе і пачуцце адказнасці за сваю краіну. Нікога не дзяліла на чорных і белых, пазбягала антаганізмаў. Не павяла людзей на барыкады, а магла. Маглі гарэць пакрышкі і маглі б лунаць сцягі з вокнаў дзяржаўных установах. Натоўп непрадказальны, часта жыве інерцыяй. Святлана гэтага пазбягала і дала надзею на мірныя перамены.

Родственники Дмитрия Фурманова вместе со Светланой Тихановской. Фото: ТК / «Белсат»

За нерашучасць яе крытыкавалі многія ўкраінцы, дзе за свабоду паляглі тысячы і гінуць па сённяшні дзень. На беларусаў з зайздрасцю глядзелі рускія і іншыя грамадзяне РФ. Маўляў, як жа так, такія ціхія і памяркоўныя, а паднялі галаву. Вось і самі паціху скідваюць ланцугі.

Крэмль не прадбачыў такога сцэнару як рэвалюцыя ў «саюзнай дзяржаве» і яе ўплыву на жыхароў РФ. Але Аляксей Навальны ведаў, што калі вяртацца, то менавіта цяпер. Ці пачалі б выходзіць расяяне на вуліцы, каб не выйшлі беларусы? Пытанне адкрытае, але «жыве Беларусь» гучала на вуліцах Масквы і іншых расейскіх гарадоў.

Фота: Святлана Лазарэнка / «Белсат»

Дарэчы, Навальны можа быць адным з галоўных канкурэнтаў Ціханоўскай у барацьбе за Нобэлеўскую прэмію міру. Яго кандыдатуру падаў былы міністр асяроддзя Нарвегіі і група навукоўцаў. Не выключана, што яго прозвішча ў Осла даслалі і з іншых еўрапейскіх сталіцаў. Дагэтуль Еўропа два разы давала шанец Расеі. У 1975 годзе прэмію атрымаў акадэмік Андрэй Сахараў, а праз пятнаццаць год – апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў.

Сярод сёлетніх магчымых намінантаў – экалагічная актывістка Грэта Тунбэрг (спрабуе другі раз) і Сусветная арганізацыя аховы здароўя (WHO). Тунбэрг адносна зразумелая кандыдатура – барацьба за чыстае паветра на свеце.

Святлана Ціханоўская ідзе на сустрэчу з Эмануэлем Макронам.

Але вось WHO, паводле заходніх медыяў, намінуецца за барацьбу з каронавірусам і праграму COVAX, дзякуючы якой бедныя краіны маюць атрымаць прышчэпкі. Толькі пандэмію сусветная арганізацыя праспала, а вось прышчэпак з COVAX яшчэ ніхто не бачыў, Украіна мае іх атрымаць толькі ў другой палове лютага. А ў Ізраілі, ЗША і Брытаніі людзі прывіваюцца ўжо ад снежня. Дзе тут справядлівасць і заслуга WHO?

Але гэта не ўсё. Эстонскі еўрадэпутат выдвінуў кандыдатуру Дональда Трампа за тое, што той «не пачаў вайну». У мінулым Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт прымаў ужо дзіўныя, моцна палітызаваныя рашэнні. Прыгадваецца Барак Абама ў 2009 годзе, ці Еўразвяз у 2012.

Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла археолагаў, якія знайшлі парэшткі лідэраў паўстання 1863-1864 гадоў.
Ціханоўская наведала выставу на гонар кіраўнікоў паўстання, а таксама ўручыла музею і групе археолагаў ганаровыя знакі. Вільня, Літва. 1 лютага 2021 году.
Фота: ГР / Белсат

Трэба разумець, што сябры гэтага камітэту, гэта не міжнародная камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў розных краінаў. Пяціасабовы склад прызначае нарвежскі парламент. На іх рашэнне ўплываюць колькасць заявак, адпаведная аргументацыя, геапалітычная сітуацыя і шматлікія іншыя фактары.

Ці не першы раз у гісторыі шанец на прэмію міру маюць беларусы – так, як у 1983 годзе атрымалі палякі, калі Нобэлеўскую прэмію міру ўручылі Леху Валэнсу. Звычайны электрык, які дапамог скінуць кайданы, не адразу, прайшло яшчэ шэсць гадоў. Вось і беларусы маюць сваю Ціханоўскую, звычайную маці, жонку арыштаванага мужа.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў