«Пакаянне» на каленях, новыя суды і затрыманні: хроніка рэпрэсіяў за 3 снежня


Працягваем фіксаваць хроніку рэпрэсіяў беларускага рэжыму супраць беларусаў. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: spring96.org

Хапун у Шчучыне

У снежні сілавікі зладзілі хапун на прадпрыемстве «Гроднагаз» у Лідзе і Шчучыне, піша Hrodna.life.

Нагодай стаў нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце. Прысуды затрыманым вынеслі 18 снежня, але вядома пра іх стала толькі цяпер.

Трох супрацоўнікаў і адну супрацоўніцу асудзілі на 10 сутак кожнага. У іх знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, рэпосты і лагатыпы ў сацсетках «Аднакласнікі», «Вконтакте» і Instagram.

Судзілі затрыманых выязным судом у будынку РАУС. Змякчальнымі абставінамі палічылі раскаянне супрацоўнікаў «Гроднагаза». Але тэлефоны як «сродак учынення правапарушэнняў» усё ж канфіскавалі.

Магілёўца, які прыехаў да бацькоў, не выпусцілі пасля 15 содняў

Напярэдадні Новага года пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту павінен быў выйсці на волю магілёвец Уладзіслаў Петрачкоў. Але 28 снежня яму вынеслі паўторны прысуд у 15 сутак за «распаўсюд экстрэмізму», пішуць праваабаронцы.

Петрачкоў некалькі гадоў працуе ў Нямеччыне. У лістападзе ён прыехаў на радзіму, каб наведаць бацькоў. Прыкладна праз месяц да яго прыйшлі міліцыянты і склалі пратакол за каментары ў інтэрнэце. 12 снежня мужчыну прысудзілі 15 содняў арышту і адправілі ў Магілёўскі ІЧУ.

Пакуль Петрачкоў адбываў прысуджаны тэрмін, міліцыянты склалі на яго новы пратакол за чарговую порцыю каментароў.

Вядома, што ў 2020-м магілёўца затрымлівалі падчас пратэстаў, але палітычным актывістам ён не быў.

Hавiны
Беларуса, які вярнуўся з Нямеччыны, паўторна адправілі на содні
2024.01.03 17:50

Затрымалі адміністратарку закрытага тг-чата, у якім абмяркоўвалі бытавыя пытанні

Затрымалі адміністратарку закрытага тг-чата «ДС Грушевский квартал», у якім абмяркоўвалі бытавыя пытанні членаў таварыства ўласнікаў. Аднак на відэа сілавікоў затрыманая кажа, што некаторыя яго ўдзельнікі «пісалі пратэсную інфармацыю». Пра сябе яна адзначыла, што пісала ў тг-каналах «негатыўныя каментары» пра міліцыянераў.

Затрыманне праводзіў ГУБАЗіК. Паведамляецца, што затрыманая жанчына працуе ў агенцтве нерухомасці. Сілавікі пішуць, што «вырашаецца пытанне пра ўзбуджэнне шэрагу крымінальных спраў».

Затрымалі хлопца, які кінуў петарду пад ногі міліцыянерам

Яго паставілі на калені і прымусілі прасіць прабачэння. Відэа з’явілася ў тг-канале прапагандыста Рыгора Азаронка.

Затрыманы называе сваё імя і прозвішча: Данііл Драздовіч. Яму 21 год. Разам з ім байцы САХР затрымалі яшчэ дваіх хлопцаў. Затрыманне адбылося на аўтазапраўцы. Драздовіч кажа, што пасля таго, як кінуў петарду, ён зʼехаў. Верагодна быў на аўтамабілі, па ім яго і маглі знайсці.

Рэжым пазбавіў Беларускую асацыяцыю журналістаў даменнага імя і пошты

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце РБ 3 студзеня ажыццявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку, нібыта, «у сувязі з выяўленымі парушэннямі». БАЖ жа лічыць гэта грубейшым парушэннем права на ўласнасць і чарговым наступам на свабоду слова. Журналісцкая арганізацыя звяртаецца ў ICANN – Міжнародную карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі.

Зараз пры адкрыцці сайта з’яўляецца тэкст: «Доступ да рэсурсу абмежаваны ў сувязі з выкананнем рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь»…

Раней ААЦ праз кампанію-рэгістратар ТАА «Адкрыты кантакт» накіроўваў уладальніку дамена паведамленне аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці асабістых звестак. Кампанія спачатку прапанавала ўладальніку дамена даслаць скан пашпарту на электронную пошту, але праз некалькі дзён паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візіце ўладальніка ў офіс. У адказ на гэта ўладальнік дамена (намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў) праінфармаваў «Адкрыты кантакт» пра тое, што інструкцыя аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у інтэрнэце не прадугледжвае «асабістыя візіты» ў офіс рэгістратара (даменамі ў зоне.by могуць валодаць нават замежнікі), а ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакументы былі прадстаўленыя. Нягледзячы на гэта, ААЦ прыняў рашэнне пазбавіць БАЖ беларускага даменнага імя.

У арганізацыі ў пазбаўленні даменнага імя бачаць рабаўніцтва, парушэнне права на ўласнасць.

У БАЖ рыхтаваліся да такой сітуацыі, таму яшчэ летась пераехалі на новы міжнародны дамен Baj.media.

Hавiны
Улады забралі даменнае імя Baj.by у Беларускай асацыяцыі журналістаў
2024.01.03 12:42

У Берасці за «абразу» Лукашэнкі на год калоніі асудзілі чыгуначніка

У Берасці за «абразу» Аляксандра Лукашэнкі на год калоніі агульнага рэжыму асудзілі чыгуначніка Максіму Кронду. Яго справу ў снежні разглядаў суд Маскоўскага раёну (суддзя – Марына Скалковіч), паведамляе spring96.org. Суд прайшоў у будынку СІЗА.

Кронду затрымалі 11 верасня 2023 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №7 Берасця. Паводле матэрыялаў абвінавачання, у пачатку восені 2021-га мужчына пакінуў у Telegram каментар «з абразлівым выказваннем» на адрас Лукашэнкі, «усведамляючы, што з гэтым паведамленнем азнаёмяцца іншыя людзі, і гэта прыніжае гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы».

Беларускія праваабаронцы прызналі Максіму Кронду палітвязнем.

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў