Не трагедыя, але сумна. Аналітык Мажэйка пра адстаўку Зарэцкай і новыя выклікі перад Кабінетам


Не прабыўшы на сваёй пасадзе і двух месяцаў сышла «міністарка» эканомікі і фінансаў у Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі. Афіцыйная прычына – шматлікія пагрозы з боку зламыснікаў. І хоць у Кабінеце выказваюць падтрыманне Таццяне Зарэцкай, сама структура цяпер сутыкнулася з дадатковымі выклікамі.

Дыскусія пра праблемы беларускага бізнесу. Злева направа: Святлана Бабінцава, Яраслаў Кот, Таццяна Зарэцкая і вядоўца Анастасія Хамянкова. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

2 лістапада стала вядома пра сыход Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі прадпрымальніцы Таццяны Зарэцкай, якая займала ў ім пазіцыю прадстаўніка ў эканоміцы і фінансах. Як Зарэцкая распавяла сама, за апошнія некалькі тыдняў яна «сутыкнулася з вялізным ціскам» на сябе, сваіх сяброў, родных, супрацоўнікаў, партнёраў і інвестараў.

«Шквал ананімных паведамленняў, лістоў, званкоў, прамыя пагрозы. Я меркавала, што мой уступ у Кабінет можа пацягнуць за сабой пэўныя наступствы. Але не меркавала, што гэта прывядзе да таго, што нападам падвергнуцца мае блізкія і нават тыя людзі, якія не маюць дачынення ні да беларускай палітыкі, ні да Кабінету», – адзначыла цяпер ужо былая прадстаўніца Кабінету.

Паводле яе, пагрозамі ўжо займаецца паліцыя. Тым не менш, заявіла Зарэцкая, зламыснікі фактычна паставілі яе перад выбарам: заставацца ў Кабінеце або сыходзіць. Яна выбрала апошняе.

Hавiны
Не вытрымала ціску. Таццяна Зарэцкая абвесціла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету
2022.11.02 13:53

Ейны сыход стаў нечаканасцю для Аб’яднанага пераходнага кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай.

«Нашая праца ўжо два гады ажыццяўляецца пад пастаяннымі атакамі з боку рэжыму. Я дзякую Таццяне за тое, што яна вырашыла дапамагчы беларусам сваёй экспертызай і вопытам. Я лічу вялікай стратай сыход Таццяны. Аднак я хачу, каб тыя, хто аказваў на яе ціск, ведалі: мы працягнем нашую працу, нягледзячы ні на што. Мы і не чакалі, што будзе лёгка. Але беларусам, якія штодзень жывуць пад пагрозай рэпрэсій – яшчэ цяжэй», – адзначыла лідарка беларускага дэмакратычнага руху.

Hавiны
«Гэта сюрпрыз для нас». Адстаўка Таццяны Зарэцкай стала нечаканасцю для офісу Ціханоўскай
2022.11.02 15:01

Таццяна Зарэцкая была прызначаная на пасаду «міністаркі» эканомікі і фінансаў толькі 9 верасня – менш як два месяцы таму. Дый самы Кабінет, утвораны 9 жніўня, таксама яшчэ не прапрацаваў нават 100 дзён, пасля якіх традыцыйна праводзяць першыя вынікі дзейнасці палітыкаў.

«Ненармальна, калі адзін чалавек сядзіць 30 гадоў»

Тым не менш, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка не бачыць у адстаўцы Таццяны Зарэцкай «трагедыі».

«Сам па сабе факт, што ў Кабінет прыходзяць новыя асобы або нехта сыходзіць, – гэта нармальна. Любая жывая структура мусіць неяк змяняцца. Ненармальна – гэта калі адзін чалавек сядзіць 30 гадоў», – заявіў ён у каментары «Белсату».

Аднак і пазітыву ў адстаўцы няма, «бо пытанне фінансавай устойлівасці сапраўды вельмі важнае. Каб банальна структуры мелі магчымасць функцыянаваць, рабіць сваю штодзённую справу, каб не было праблемаў з офісам ці камандзіроўкамі».

«Таму сумна, калі сыход Таццяны будзе дэманстраваць, што з гэтым не будзе асаблівага прагрэсу», – падкрэсліў аналітык.

Што датычыць канспіралогіі і плётак вакол адстаўкі, то Вадзім Мажэйка раіць не шукаць канспіралогіі там, «дзе ёсць зразумелае тлумачэнне, што чалавек з бізнес-сектару сутыкнуўся з нармальнымі рэчамі для беларускай палітыкі: выліваннем бруду і пагрозамі».

Тым не менш, сыход Таццяны Зарэцкай не будзе на карысць Кабінету, бо «калі палітычныя структуры ўмацоўваюцца новымі тварамі з новым досведам па-за традыцыйнымі палітычнымі структурамі, калі ёсць абнаўленне», «заўсёды выглядае лепей, чым калі сыходзяць, нейкіх асаблівых поспехаў не дасягнуўшы».

Аб’яднаны пераходны кабінет.
Фота: асабісты архіў Аліны Коўшык

«Праца няўдзячная»

Цяпер, адзначыў аналітык, перад Святланай Ціханоўскай і ўсім Кабінетам стаіць новы выклік: «шукаць новыя твары – тых, хто зможа пацягнуць працу». А з гэтым могуць узнікнуць праблемы.

«Гэта не тое месца, дзе можна зарабіць вялікія грошы, нягледзячы на ўсялякія ўкіды прапаганды. Але наадварот, прыходзячы працаваць у такую структуру, ты атрымоўваеш кіпу не надта прыемнай увагі да сябе. Уся дзяржаўная прапаганда, як бачылі ў выпадку таго ж Сахашчыка, будзе корпацца ва ўсіх тваіх сацыяльных сетках на дзесяцігоддзі глыбей, выцягваць любы бруд і на цябе яго выліваць. Усе будуць цябе крытыкаваць за тое, што ты мала зрабіў для вызвалення палітвязняў безадносна таго, наколькі гэта рэальна было магчыма і наколькі гэта было звязана з тваёй пасадай. І, вядома, што будуць пагрозы. Таму, мне здаецца, гэта праца няўдзячная і на яе не так проста знайсці адказнага чалавека з добрым досведам і кампетэнтнага», – мяркуе аналітык.

Няма скандалаў – ужо добра

Што датычыць самога Кабінету, то ў яго «пакуль нейкіх добрых вынікаў і суперпоспехаў няма». Але, дадаў Вадзім Мажэйка, дзівам было б, калі б гэтыя поспехі былі. Разам з тым плюсам з’яўляецца ўжо тое, што «Кабінету атрымоўвалася неяк разам працаваць».

«А гэта вельмі няпроста выбудоўваць працоўную камунікацыю для людзей з вельмі адрозным досведам: хтосьці міністр культуры, хтосьці сілавік, хтосьці журналіст, а хтосьці быў бізнесоўцам. Прынамсі не было дагэтуль ніякіх публічных скандалаў унутры Кабінету – гэта ўжо няблага», – заявіў Вадзім Мажэйка.

Таксама Кабінет ужо зрабіў важныя каштоўнасныя заявы і рэзалюцыі (адносна камуністычнай ідэалогіі, Украіны).

«Але пакуль бачылі працы кожнага асобна па сваім кірунку, а хацелася б пабачыць болей вынікаў супольнай працы, бо ўвесь сэнс аб’яднання ў Кабінет не ў тым, каб Кавалеўскі займаўся вонкавапалітычнымі справамі, а BYPOL – сілавымі (яны гэта і так рабілі)», – падкрэсліў аналітык BISS.

На ягоную думку, у Кабінету пакуль бракуе вынікаў сапраўды супольнай працы. А гэта тое, што ад яго чакаюць, заключыў Вадзім Мажэйка.

Hавiны
Актыўная праца ўраду ў выгнанні – ключ да вызвалення Беларусі
2022.09.09 17:19

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў