Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Апошнія содні вайны ва Украіне адзначыліся ростам інтэнсіўнасці баявых дзеянняў на розных участках фронту, пры гэтым ініцыятыва ў вайне захоўваецца за ўкраінскімі сіламі, а расейскія войскі ў асноўным засяродзіліся на абароне раней занятых пазіцыяў.

Так, Збройныя сілы Украіны працягнулі наступаць на ўсходзе Харкаўскай вобласці. Маюцца звесткі пра атакі ЗСУ ў ваколіцах населеных пунктаў Тавільжанка і Петрапаўлаўскае. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што далей украінскія сілы плануюць наступаць у бок Альшанкі, Арлянкі і Мікалаеўкі, якія знаходзяцца на ўсходзе ад раней вызваленага Купянску.

Актыўныя баявыя дзеянні працягнуліся і на поўначы Данецкай вобласці. Удзень 2 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі афіцыйна абвясціў пра поўнае вызваленне гораду Ліман, куды ўчора ўвайшлі ўкраінскія вайскоўцы.

Таксама ёсць звесткі, што ЗСУ занялі суседні населены пункт Торскае, а яшчэ далей на ўсход, каля мяжы з Луганскай вобласцю, украінцы замацоўваюцца ў Дзіброве, якое цяпер знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

Такім чынам, украінскія вайскоўцы амаль цалкам вызвалілі паўночную частку Данеччыны, а пад расейскім кантролем цяпер, імаверна, знаходзяцца толькі населеныя пункты Ямпалаўка і Церны. У апошнім, паводле былога «міністра абароны ДНР» Ігара Гіркіна, ідуць баі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тлумачыць слабасць расейскай абароны пад Ліманам тым, што Уладзімір Пуцін аддае прыярытэт захаванню кантролю над акупаванымі тэрыторыямі ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях.

Між тым, на іншых участках фронту ў Данецкай вобласці ЗСУ ў асноўным трымалі абарону. Цягам содняў былі адбітыя расейскія атакі ў ваколіцах населеных Пунктаў Бахмут, Бахмуцкае, Выімка, Вясёлая Даліна і Первамайскае.

У Запарожскай вобласці сітуацыя па-ранейшаму адносна спакойная, пра наступальныя дзеянні ніводнага з бакоў канфлікту не паведамляецца.

Тым часам украінскія войскі актывізаваліся на розных участках фронту ў Херсонскай вобласці.

На поўначы Херсоншчыны ЗСУ атакавалі ўздоўж Дняпра, прасунуўшыся на поўдзень мінімум на 7 км. «Рыбарь» піша пра баі каля Асакораўкі і Пятроўкі, а ў сеціве з’явілася відэа з буйнога сяла Залатая Балка, якое занялі байцы ЗСУ. Афіцыйна пра вызваленне гэтага паселішча не паведамлялася, але пра страту расейскімі войскамі сяла піша Гіркін. Паводле яго ж, цяпер украінцы выйшлі да сяла Бяляеўка, кантралююць Шаўчэнкава, а таксама прасоўваюцца ў кірунку Берыслава.

У гэты ж час ЗСУ аднавілі наступ на Давідаў Брод у сярэдняй частцы лініі фронту ў Херсонскай вобласці, цяпер украінскія сілы намагаюцца атачыць населены пункт.

На поўдні рэгіёну Збройныя сілы Украіны атакуюць у кірунку Зялёнага Гаю і Праўдзіна.

Агулам за мінулыя содні, паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, было знішчана каля паўтысячы расейскіх вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты Расеі з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 60 110 чалавек.

Hавiны
Полк Каліноўскага адкрыў онлайн-краму з майкамі. Бавоўна там мае асаблівае значэнне
2022.10.02 19:48

ВК belsat.eu

Стужка навінаў