Папа Францішак заклікаў Пуціна спыніць вайну, Зяленскага – быць адкрытым да перамоваў


На плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 2 кастрычніка кіраўнік каталіцкай царквы Папа Францішак агучыў зварот да Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага. Тэкст звароту апублікавала «Vatican News».

Папа Францішак агучыў зварот перад малітвай «Анёл Панскі». Ён тлумачыў, што кажа гэта, бо «ход вайны ва Украіне стаў настолькі сур’ёзным, разбуральным і пагрозлівым».

«Я засмучаны рэкамі крыві і слёз, пралітых за гэтыя месяцы, – казаў Папа Францішак. – Я засмучаны тысячамі ахвяраў, асабліва дзяцей, і разбурэннем, якое пакінула шмат людзей і сем’яў без даху над галавой і пагражае холадам і голадам велізарным тэрыторыям. Некаторыя дзеянні ніколі не могуць быць апраўданыя, ніколі! Трывожна, што свет пазнае геаграфію Украіны праз такія назвы, як Буча, Ірпінь, Марыупаль, Ізюм, Запарожжа і іншыя раёны, якія сталі месцамі неапісальных пакутаў і страху. А што з таго, што чалавецтва зноў сутыкнулася з атамнай пагрозай? Гэта абсурд».

«Што будзе далей? Колькі крыві яшчэ павінна праліцца, каб мы зразумелі, што вайна ніколі не бывае рашэннем, а толькі разбурэннем? – пытаў Папа Францішак. – У імя Бога і ў імя пачуцця чалавечнасці, якое жыве ў кожным сэрцы, я зноў заклікаю да неадкладнага спынення агню».

Ён заклікаў шукаць шляхі да перамоваў, якія «рывядуць да рашэнняў, не навязаных сілай, але кансенсусных, справядлівых і стабільных», «грунтуюцца на павазе да сакральнай каштоўнасці чалавечага жыцця, да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці кожнай краіны, а таксама правоў меншасцей і легітымных праблемаў». Таксама ён адзначыў, што падзеі апошніх дзён павялічваюць небяспеку ядравай эскалацыі, катастрафічных наступстваў для ўсяго свету.

«Мой зварот адрасаваны перш за ўсё прэзідэнту Расейскай Федэрацыі з просьбай спыніць гэту спіраль гвалту і смерці, у тым ліку і дзеля ўласнага народу, – растлумачыў Папа Франішак. – З іншага боку, засмучаны велізарнымі пакутамі ўкраінскага народу ў выніку агрэсіі, якой ён перажыў, я звяртаюся з не менш упэўненым заклікам да прэзідэнта Украіны быць адкрытым для сур’ёзных прапановаў аб міры».

Таксама ён звярнуўся да палітычных лідараў іншых краінаў: прасіў не дазволіць «уцягнуць сябе ў небяспечную эскалацыю» і скарыстаць усе дыпламатычныя сродкі, якія яшчэ не былі скарыстаныя.

Уладзімір Зяленскі раней заяўляў, што гатовы да перамоваў. Але з нядаўняга часу стаў казаць, што гатовы да перамоваў толькі пасля поўнай дэакупацыі Украіны і «з іншым прэзідэнтам Расеі».

Hавiны
Папа Рымскі назваў пастаўкі зброі ва Украіну маральна прымальнымі для самаабароны
2022.09.16 10:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў